Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура з турмы. Аляксандар Фядута: «Свабода ўнутры нас»


15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні, Радыё Свабода і Беларускі Пэн-цэнтар абвесьцяць ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Сёньня мы друкуем новы партрэт літаратара, які працягвае творчасьць за кратамі.

Літаратуразнаўца, паліттэхноляг, эсэіст, паэт

Трэцяга лістапада Аляксандру Фядуту споўнілася 57. Гэты дзень, як і ўсе папярэднія за амаль паўгода, ён правёў за турэмнымі кратамі.

Аляксандар Фядута нарадзіўся ў Горадні, там жа вучыўся і працаваў настаўнікам пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. У 1991-м заняўся камсамольскімі справамі, займаў пасады сакратара ЦК ЛКСМБ у пытаньнях студэнцкай моладзі, першага сакратара ЦК Саюзу моладзі Беларусі. Быў актывістам у камандзе Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Празь некалькі месяцаў перайшоў у апазыцыю.

Аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» (выйшла ў расейскім выдавецтве «Референдум» у 2005 годзе).

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году працаваў у штабе Ўладзімера Някляева. 20 сьнежня 2010-га быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўвязьнены ў адзіночную камэру СІЗА КДБ. Празь пяць месяцаў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. На волю Аляксандар Фядута вынес рукапіс кнігі «Американские стихи», якая ў 2012-м была выдадзена ў Бэрліне (Прэмія імя Францішка Аляхновіча, 2014).

12 красавіка 2021 году яго затрымалі ў Маскве. Абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), якая прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.

У зьняволеньні Аляксандар Фядута, паводле ягонае жонкі Марыны Шыбко, наладзіў сапраўдны турэмны ўнівэрсытэт для сукамэрнікаў. Яны чытаюць і перачытваюць клясыку, а потым слухаюць лекцыі доктара філялёгіі Аляксандра Фядуты і разам зь ім абмяркоўваюць прачытанае. Такія штудыі ўжо прайшлі па «Майстру і Маргарыце» Міхаіла Булгакава, «Вайне і міры» Льва Талстога, некаторых эўрапейскіх гістарычных раманах.

Жанр гістарычнага рамана спадара Фядуту цікавіць у зьвязку зь ягонай цяперашняй працай над кнігай асэнсаваньня ролі і значэньня «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча ў кантэксьце сучасных падзеяў у Беларусі, паведаміла нам Марына Шыбко.

«Гэта папулярныя артыкулы-развагі пра галоўных герояў рамана, ягоныя тэмы і сэнс „Каласоў...“ Усяго аўтар задумаў напісаць 50 такіх эсэ. Гатовыя ўжо 40. Перадаць на волю напісаныя тэксты ён меркаваў празь сьледчага ці адваката. Аднак пакуль што ніводнага сшытка мне не перадалі і невядома, калі перададуць», — сказала нам спадарыня Марына.

У лістах да яе Аляксандар Фядута расказаў, што ва ўступным эсэ дае свае адказы на пытаньне, чаму лічыць «Каласы пад сярпом тваім» самай важнай беларускай кнігай ХХ стагодзьдзя і чаму гістарычны раман зьявіўся ў нашай літаратуры са спазьненьнем; як ён зьвязаны з расейскай літаратурай і як упісаны ў кантэкст эўрапейскай традыцыі гістарычнага рамана.

Фрагмэнт ліста Аляксандра Фядуты зь СІЗА
Фрагмэнт ліста Аляксандра Фядуты зь СІЗА

З саміх тэкстаў Аляксандра Фядуты праз турэмныя краты не прарвалася ніводнага ягонага завершанага мастацкага ці літаратуразнаўчага твору. Выключэньне складаюць жартоўныя малюнкі і кароткія сур’ёзныя жыцьцёвыя высновы зьняволенага літаратара. Адна зь іх: «Свабода ўнутры нас».

Пра прэмію імя Аляхновіча

Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя

  • 2013: Ігар Аліневіч
  • 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
  • 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
  • 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
  • 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін

15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні

15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.

Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:

«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG