Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі і дамагацца пакараньня вінаватых у ягоным забойстве


На магіле Рамана Бандарэнкі. Лістапад 2021

У гадавіну сьмерці Рамана Бандарэнкі ягоная маці апублікавала дзіцячыя фота сына.

У сваім звароце Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што беларусы павінны памятаць ня толькі Рамана, але і імёны вінаватых у ягонай сьмерці.

«Год таму памёр Раман Бандарэнка. Лекары амаль суткі змагаліся за яго жыцьцё, але так і не змаглі выратаваць хлопца, які выйшаў у свой двор, каб спыніць несправядлівасьць. Хлопца, які вучыў дзяцей маляваць, стварыў мурал „дыджэяў перамен“ і не мірыўся зь беззаконьнем.

Што думаў Раман, калі пісаў „Я выходжу“? Што думалі ягоныя забойцы, калі бачылі чалавека, які сьмела да іх падыходзіў? Пра што думалі ўсе мы ў той вечар — і ўвесь наступны дзень, калі чыталі кожную зводку аб ягоным стане? Упэўнена, вы добра памятаеце, што адбывалася тады», — зьвярнулася да беларусаў Сьвятлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што ініцыятыва ByPol у сваім расьсьледаваньні даўно назвала імёны тых, хто мае дачыненьне да выкраданьня і забойства Рамана Бандарэнкі.

Яна падкрэсьліла, што беларусы павінны памятаць ня толькі Рамана, але і тых, хто вінаваты у ягонай сьмерці.

«Мы павінны іх памятаць, таму што нас спрабуюць прымусіць усё забыць, — сказала Ціханоўская. — Мы дачакаемся справядлівага, сумленнага і адкрытага суду над датычнымі да справы Ромы — і шматлікіх іншых злачынстваў. Мы таксама не забудзем імёны нашых герояў і ўчынкаў, якія назаўжды зрабілі іх героямі Беларусі. І сёньня я прашу вас ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі — нашага неабыякавага суседа, нашага голасу сумленьня, нашага загінулага, але несьмяротнага героя пераменаў».

Святлана Ціханоўская прапанавала плян ўшанаваьня памяці Рамана Бандарэнкі:

  • У 18:00 — агульнанацыянальная хвіліна маўчаньня.
  • У 19:30 — вывешваньне стужак або ўстаноўка зьнічоў у сваіх дварах.
  • У 21:00 — запальваньне сьвечак у дамах.

Маці Рамана апублікавала дзіцячыя фота сына

У гадавіну сьмерці Рамана Бандарэнкі ягоная маці апублікавала дзіцячыя фота сына. Алена Бандарэнка напісала:

«Я ўдзячная Сусьвету за сына. Сумленнага, сьмелага, высакароднага, сапраўднага абаронцы і грамадзяніна сваёй краіны. За тое, што ты выбраў менавіта мяне быць тваёй мамай. Для мяне гэта вялікі гонар. І няхай твой жыцьцёвы шлях у зямным сьвеце аказаўся нядоўгім, ён быў яркім, насычаным і пакінуў свой сьлед у сэрцах многіх людзей, такіх жа сумленных, сьмелых і высакародных. Сьпі спакойна і чакай нас доўга. А я зраблю ўсё, каб праўда перамагла», — напісала маці Рамана Бандарэнкі.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG