Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра галадоўку яшчэ адной камэры ў турме на Акрэсьціна


Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на 2-м завулку Акрэсьціна ў Менску

Чалавек, які выйшаў з турмы Акрэсьціна, паведаміў, што 20 кастрычніка мужчынская «палітычная» камэра № 13 абвясьціла галадоўку, каб ад іх адсялілі бяздомнага чалавека, паведаміла «Вясна назірае». Праз два дні бяздомніка выселілі з камэры.

Былы вязень расказаў, што на Акрэсьціна працягваюць трымаць «палітычных» у жудасных умовах:

  • у 4-месных камэрах сядзіць каля 16 чалавек,
  • на падлогу выліваюць раствор хлёркі,
  • не аддаюць перадач,
  • перадаюць ня ўсе лекі.

«У адной маленькай камэры не адчынялася акно. А калі сядзіць 16 мужыкоў, то па сьценах цячэ кандэнсат і ад нястачы кіслароду баліць галава. Мы прасілі раздатчыцу ежы не зачыняць кармушку, каб хоць крыху паступала паветра. Але яна зачыняла кармушку і казала: „Дыхаць трэба было дома, поскудзь“», — расказаў суразмоўца «Вясны».

Ён таксама сказаў, што быў дзень, калі нікому ў камэры не далі лекаў, у тым ліку хворым на гіпэртанію і дыябэт.

Паводле праваабаронцаў, у двухмеснай камэры № 15 у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна зь вечара 3 лістапада галадаюць дзесяць жанчын. Зь сярэдзіны кастрычніка на іх пачаўся ціск. У сувязі з гэтым арыштанткі абвясьцілі галадоўку да выкананьня ўсіх патрабаваньняў:

  • вярнуць затрыманым прагулкі;
  • вадзіць у душ;
  • выключаць у камэрах сьвятло на ноч;
  • выдаваць усе неабходныя рэчы згодна з нормамі;
  • вярнуць усе рэчы і лекі.

Як стала вядома праваабаронцам, такую дрэнную рэакцыю ў адміністрацыі ізалятару на Акрэсьціна выклікала нядаўняя скарга на ўмовы ўтрыманьня адной з былых арыштантак.

Падчас «шмону» намесьнік начальніка ЦІПу заявіў, што скаргі, якія арыштаваныя пішуць пасьля вызваленьня, «ня дзейнічаюць». Пры гэтым дадаў, што ўмовы ўтрыманьня будуць пагаршацца, каб «адвучыць» пісаць скаргі.

У камэры ўтрымліваліся журналістка Ірына Слаўнікава і палітзьняволеная Анастасія Крупеніч-Кандрацьева.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG