Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія авіякампаніі возяць мігрантаў у Беларусь. Справаздача Эўракамісіі


У закрытай справаздачы Эўракамісіі, якая трапіла ў рэдакцыю Радыё Свабода, гаворыцца пра авіярэйсы ў прамежку з 25 кастрычніка па 7 лістапада.

Эўракамісія падрыхтавала ўнутраную справаздачу аб сытуацыі на беларуска-польскай мяжы і разьвіцьці мігранцкага крызісу на тэрыторыі Беларусі і сумежных краін – сяброў ЭЗ.

Сярод іншага, у дакумэнце зьмяшчаецца аналіз сытуацыі з авіяпералётамі, якія, як мяркуецца, могуць выкарыстоўвацца для арганізацыі нелегальнай міграцыі. У дакумэнце адзначана, што авіякампаніі з Іраку прыпынілі авіярэйсы з гэтай краіны ў Беларусь і не аднаўляюць іх. Аднак замест прамых пералётаў мігранты, падобна, пачалі выкарыстоўваць варыянты зь перасадкамі. Ёсьць у дакумэнце і згадка аб прамых рэйсах паміж Сырыяй і Менскам.

«Што тычыцца рэйсаў паміж Сырыяй і Беларусьсю, Эўракантроль паведамляе, што 5 рэйсаў з 24 па 30 кастрычніка выканана авіякампаніяй Cham Wing Airlines, зарэгістраванай у Сырыі. Паведамляецца пра адзін рэйс паміж Лібанам і Беларусьсю. Быў таксама адзін рэйс зь Ярданіі ў Беларусь, бязь зьмен у параўнаньні зь мінулым тыднем. Гэта быў чартэрны рэйс авіякампаніі „Белавія“», — гаворыцца ў дакумэнце.

У справаздачы Эўракамісіі таксама згадваюцца палёты авіякампаній з ААЭ ў Беларусь (іх было выканана 11). Усе яны выконваліся авіякампаніямі Fly Dubai і Belavia як рэгулярныя рэйсы паміж Дубаем і Менскам. Паводле дакумэнту, да пандэміі каранавірусу ў 2019 годзе структура руху авіялайнэраў з ААЭ ў Беларусь была зусім іншая.

«Таксама павялічваецца колькасьць грамадзян Іраку і Сырыі, якія ляцяць у Менск праз Дубай, — гаворыцца ў справаздачы. — Большасьць з гэтых пасажыраў едуць транзытам з Іраку. Авіякампанія Fly Dubai выконвае рэйсы „Дубай — Менск“ штодня. На мінулым тыдні паведамлялася, што „Белавія“ мае код-шэрынгавае пагадненьне з Turkish Airlines і выконвала 3 рэйсы ў тыдзень са Стамбула ў Менск умяшчальнасьцю 162–189 пасажыраў кожны».

Паводле дакумэнту, сырыйская авіякампанія Cham Wings выконвае рэйсы ў Менск 3 разы на тыдзень з Дамаску. Для гэтага выкарыстоўваюцца самалёты Airbus 320 умяшчальнасьцю 150 месцаў. У справаздачы таксама ёсьць згадкі пра тое, што супрацоўнік польскай амбасады ў Сырыі меў сустрэчу з прадстаўніком авіяперавозчыка і спрабаваў высьветліць мэту палётаў авіякампаніі ў Беларусь.

«Чыноўнік з амбасады Польшчы ў Сырыі (базуецца ў Бэйруце) знаходзіўся ў Дамаску і меў сустрэчу з мэнэджарам авіякампаніі Cham Wings Airlines, — сьцьвярджаецца ў дакумэнце. — Мэнэджар настойваў на тым, што рэйсы легальныя, а пасажыры едуць легальна з сапраўднымі дакумэнтамі (пашпартамі і візамі)».

Cham Wings Airlines — прыватная сырыйская авіякампанія, яна працягвае выконваць рэйсы з Дамаску ў Менск. Паводле інфармацыі агенцтва Frontex, гаворыцца ў справаздачы Эўракамісіі, авіякампанія з прычыны ёмістасьці сваіх усяго трох самалётаў вымушаная скараціць колькасьць рэйсаў у Менск. На гэта ўплывае і загружанасьць перавозчыка на рэгіянальных маршрутах.

У апублікаванай Эўракамісіяй справаздачы гаворыцца пра пэрыяд да 7 лістапада, калі на мяжы Беларусі з Польшчай непадалёк ад памежнага пераходу Брузгі — Кузьніца сабралася вялікая група мігрантаў.

Паводле назіраньняў Свабоды, згаданыя ў справаздачы авіякампаніі працягвалі выконваць рэйсы ў Менск з Дамаску, Дубая і Стамбула і пасьля гэтага.

Fly Dubai выконвае рэйсы з Дубая ў Менск штодня (прылёт у Менск у 00:10), на маршруце выкарыстоўваюцца самалёты Boeing 737 адной з апошніх мадыфікацый, якія ўмяшчаюць каля 180 пасажыраў. 9 і 11 лістапада рэйсы з Дубая ў Менск выконвала і «Белавія» (таксама на самалёце Boeing 737).

Колькасьць рэйсаў са Стамбула ў Менск у пэрыяд з 8-га па вечар 11 лістапада склала восем. Пяць зь іх выканала «Белавія», яшчэ тры — Turkish Airlines. Усе палёты выконваліся на лайнэрах Boeing альбо Airbus умяшчальнасьцю ад 150 да 200 пасажыраў.

Акрамя гэтага, за азначаны тэрмін «Белавія» выканала два рэйсы з Бэйрута. Яны адбыліся 9 і 10 лістапада.

Сырыйская авіякампанія Cham Wings Airlines, згаданая ў справаздачы Эўракамісіі, працягвае лятаць у Менск. На пэрыяд з 8 па 11 лістапада былі прызначаныя два яе рэйсы на маршруце Дамаск — Менск, аднак адзін зь іх (9 лістапада) быў адменены за паўгадзіны да вылету самалёта з Дамаску.

Акрамя рэгулярных пасажырскіх перавозак, у апублікаваным Эўракамісіяй дакумэнце гаворыцца і пра палёты транспартных самалётаў Іл-76, якія могуць выкарыстоўвацца для перавозкі людзей. Кожны такі лайнэр можа ўмясьціць да 200 чалавек. Паводле дадзеных сайта Flightradar24, увечары 9 лістапада адзін такі лайнэр выканаў палёт з турэцкага Тэкірдагу ў Менск. Знайсьці інфармацыю аб прычынах выкананьня гэтага рэйсу ў адкрытых крыніцах не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG