Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перасьцераглі Расею ад яшчэ адной «сур’ёзнай памылкі» ва Ўкраіне


Спадарожнікавы здымак аднаго з расейскіх вайсковых аб'ектаў каля мяжы з Украінай.

Вашынгтон занепакоены незвычайнай вайсковай актыўнасьцю Расеі паблізу ўкраінскай мяжы, паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Паводле DW, Блінкен сказаў, што паўтарэньне Масквой дзеяньняў 2014 году стане сур’ёзнай памылкай.

Злучаныя Штаты перасьцераглі Расею ад яшчэ адной «сур’ёзнай памылкі» ў дачыненьні да Ўкраіны, запатрабаваўшы тлумачэньняў наконт перамяшчэньня войскаў каля ўкраінскай мяжы. ЗША «занепакоеныя паведамленьнямі аб незвычайнай актыўнасьці Расеі паблізу Ўкраіны», заявіў дзяржсакратар Энтані Блінкен

«У нас няма яснасьці аб намерах Масквы, але мы ведаем, як яна дзейнічае, — сказаў Блінкен на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне з кіраўніком МЗС Украіны Дзьмітрыем Кулебам у сераду, 10 лістапада. — Нас турбуе, што Расея можа зрабіць сур’ёзную памылку, паспрабаваўшы паўтарыць тое, што яна зрабіла ў 2014 годзе, калі яна засяродзіла сілы ўздоўж мяжы, уварвалася на сувэрэнную тэрыторыю Ўкраіны і пры гэтым ілжыва сьцьвярджала, што яе справакавалі», — сказаў кіраўнік амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства, адзначыўшы прыхільнасьць ЗША «сувэрэнітэту Ўкраіны, яе незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці».

Кулеба, у сваю чаргу, паведаміў, што Ўкраіна хоча супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі для ўмацаваньня сваёй абароны і «ня мае намеру нікога атакаваць».

Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі заявіў, што вайсковая актыўнасьць Расеі паблізу мяжы з Украінай «незвычайная па сваіх памерах і маштабах». «Мы заклікаем Расею ясна даць зразумець аб сваіх намерах і прытрымлівацца Менскіх пагадненьняў», — сказаў Кірбі.

У РФ абвяргаюць паведамленьні аб сьцягваньні войскаў да мяжы з Украінай

Інфармацыя аб актыўнасьці расейскага войска паблізу мяжы з Украінай 30 кастрычніка зьявілася ў газэце The Washington Post. У публікацыі гаварылася, што апошнім часам у сацсетках разьмяшчаюць відэаролікі, якія паказваюць перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі. 1 лістапада онлайн-рэсурс Politico апублікаваў спадарожнікавыя здымкі раёну каля населенага пункту Ельня ў Смаленскай вобласьці, якія, магчыма, пацьвярджаюць інфармацыю аб канцэнтрацыі падразьдзяленьняў расейскай арміі ў гэтым раёне. Смаленская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю, але не мяжуе з Украінай.

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў 2 лістапада, што перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Расеі зьяўляецца выключна ўнутранай справай Расеі. Па дадзеных МЗС Расеі, паведамленьні амэрыканскіх СМІ аб перамяшчэньні расейскіх войскаў да мяжы з Украінай не адпавядаюць сапраўднасьці.

У красавіку 2021 году ў рамках маштабных вайсковых вучэньняў Расея перакінула ў анэксаваны Крым і да мяжы з Данбасам каля 120 тысяч салдат і афіцэраў, выклікаўшы ва Украіне і на Захадзе асьцярогі, што Масква рыхтуецца да вайны з Украінай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG