Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Кіева скасаваў абмежаваньні на пастаўкі ва Ўкраіну беларускай аўтамабільнай тэхнікі


Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом „МАЗ-Украіна“» канчаткова спыніў дзеяньне рашэньня Міжведамаснай камісіі Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю аб увядзеньні мыта на ўвоз беларускай аўтамабільнай тэхнікі.

Адпаведнае рашэньне ад 2 лістапада апублікавана ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў. Суд таксама абавязаў Міністэрства эканомікі Ўкраіны кампэнсаваць усе судовыя выдаткі, зьвязаныя з разглядам гэтай справы.

У Міністэрстве эканомікі Ўкраіны пакуль не камэнтуюць свае далейшыя дзеяньні ў сувязі з гэтым судовым рашэньнем. Яно набудзе юрыдычную моц у тым выпадку, калі Міністэрства эканомікі адмовіцца ад абскарджваньня ў апэляцыйным парадку. Але і ад пачатку судовага працэсу спэцыяльнае мыта на беларускую аўтатэхніку не прымянялася.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліла рашэньне 22 красавіка, а ўжо 2 траўня мытня мусіла спаганяць 35 адсоткаў мыта ад агульнай вартасьці пастаўкі. Але суд забараніў гэта рабіць на час разгляду пазову даччынай кампаніі беларускага прадпрыемства ва Ўкраіне. Да яе далучыўся яшчэ адзін дылер беларускай аўтатэхнікі «СТРІТ АВТО».

Трэці дылер — украінская кампанія з замежнымі інвэстыцыямі «Автоінвестстрой-Брок» — адмовіўся ад пазову, бо вырашыў спыніць супрацу зь беларускімі вытворцамі грузавой і пасажырскай тэхнікі.

Беларускія вытворцы ўвесь гэты час працягвалі свае пастаўкі ва Ўкраіну, хоць пэрыядычна парушалі свае абавязаньні па кантрактах. Вядома прынамсі пра некалькі такіх кантрактаў — у Кіеве і Жытоміры.

У сярэдзіне жніўня стала вядома, што Міністэрства фінансаў Беларусі не пералічыла 1 988 703 грыўні (звыш 70 тысяч даляраў) кампэнсацыі Крамянчуцкаму аўтатранспартнаму прадпрыемству за набыцьцё 10 аўтобусаў МАЗ на ўмовах фінансавага лізінгу праз «Укргазбанк». У выніку банк вымушаны быў рэструктурызаваць даўгі ў абслугоўваньні крэдыту, а гарадзкія ўлады — рабіць гэтыя выплаты зь мясцовага бюджэту.

Львоў і Мікалаеў увогуле адмовіліся ад паставак беларускай пасажырскай тэхнікі, нягледзячы на вынікі адпаведнага тэндэра. Гарадзкія ўлады гэтых гарадоў вырашылі правесьці паўторныя конкурсы на набыцьцё транспарту за кошт крэдытаў Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку ў рамках рэалізацыі праграмы абнаўленьня грамадзкага транспарту.

  • Згодна з афіцыйнай статыстыкай Украіны, у студзені-ліпені 2021 году Беларусь паставіла 3531 трактар (таварны код у зьнешнім гандлі 8701000000) на 56,8 мільёна даляраў. Летась у гэты ж пэрыяд Беларусь прадала Ўкраіне 1692 трактары на 24,6 мільёна даляраў.
  • У паўтара раза павялічылася колькасьць прададзеных Украіне беларускіх маторных транспартных сродкаў, прызначаных для перавозкі 10 і больш асобаў (таварны код 8702000000) — з 54 летась (на 4,7 мільёна даляраў) да 81 сёлета (на 7,5 мільёна даляраў).
  • У 1,6 раза Беларусь павялічыла пастаўкі грузавога транспарту (код 8704000000) — з 439 летась (на 23,3 мільёна даляраў) да 695 сёлета (на 37,2 мільёна даляраў).
  • Павялічыліся пастаўкі зь Беларусі і спэцыяльнай аўтатэхнікі (таварны код 8705000000) з 45 адзінак летась у студзені-ліпені (на 5,7 мільёна даляраў) да 64 адзінак у гэты ж пэрыяд 2021 году (на 7,1 мільёна даляраў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG