Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура з турмы. Павал Севярынец: «Тата ўсё яшчэ ў турме за Беларусь»


15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні, Радыё Свабода і Беларускі Пэн-цэнтар абвесьцяць ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Сёньня мы друкуем новы партрэт літаратара, які працягвае творчасьць за кратамі.

Палітык, пісьменьнік, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»

Павал Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году. Скончыў з адзнакай Белдзяржунівэрсытэт. Са студэнцкіх гадоў уключыўся ў актыўнае змаганьне за вольную незалежную Беларусь. Быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў «Маладога Фронту», ладзіў школу «Дыджэі Адраджэньня» ды іншыя трэнінгі для моладзі. У 2008-м быў уганараваны прэміяй імя В.Быкава «За свабоду думкі».

Папулярнага лідэра адраджэнцкага руху неаднаразова затрымлівалі і падоўгу трымалі за кратамі.

У зьняволеньні Павал Севярынец напісаў кнігі эсэістыкі «Лісты зь лесу» (2007, прэмія імя А.Адамовіча) і «Беларуская глыбіня» (2013, прэмія імя Ф.Аляхновіча), многія разьдзелы раману «Беларусалім».

7 чэрвеня 2020 году, у часе апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, яго зноў затрымалі. Выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Пазьней дадалі «арганізацыю масавых беспарадкаў». Вырак суду: 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Жонка Вольга паведаміла нам, што турэмныя муры ня сталі непераадольнай перашкодаю для Паўлавай творчай натуры. Ён прысылае шмат малюнкаў, якія Вольга зь сябрамі афармляе ў выглядзе паштовак і распаўсюджвае.

Літаратурных заняткаў таксама не спыніў. «Павал у зьняволеньні напісаў для Францішка казку, пісаў калыханкі, вершы, публіцыстыку, падрыхтаваў хрысьціянскую віктарыну пра сьвет і Беларусь на 400 пытаньняў — людзі дапамагалі яму зьбіраць пытаньні. Таксама ён працягвае працу над трэцяй, заключнай часткай свайго раману „Беларусалім“, які ў многім аказаўся прарочай кнігай. А таксама працуе над кнігай пра сям’ю і каханьне, пакуль папярэдняя назва яе — „Воля“», — напісала нам спадарыня Вольга.

У публіцыстычных нататках Павал Севярынец робіць аналіз сучаснага стану беларускага грамадзтва. Высновы ягоныя аптымістычныя:

«Многія прыкметы паказваюць: асэнсаваньне ідзе ў маштабах краіны. Зьнешні ціск толькі паскарае працэс. Беларусы рыхтуюцца да таго, што гісторык Гумялёў назваў „пасіянарным выбухам“ — культурным, мэнтальным, духоўным».

Гэтаму асэнсаваньню прысьвечана і заключная, трэцяя частка раману «Беларусалім», якую ён піша за кратамі.

Дасланыя спадарыняй Вольгай фотафрагмэнты турэмных твораў Паўла Севярынца паказваюць, апрача іншага, яшчэ і роўны, спакойны почырк аўтара, які сьведчыць пра сілу перакананьняў, упэўненасьць у слушнасьці абранага шляху і нязломнасьць духу. Пра што б ні пісаў увязьнены літаратар, ягоныя тэксты напоўненыя верай у будучыню і вернасьцю сваім ідэалам.

Верш Паўла Севярынца з-за кратаў
Верш Паўла Севярынца з-за кратаў

Вось фрагмэнты казкі для сына Францішка.

«Даўным-даўно, тысячу гадоў таму, белы Божы анёл ляцеў па-над балотамі, лясамі і рэчкамі, якія ляжалі паміж двума морамі — Балтыйскім і Чорным. Творца адправіў анёла агледзець край, у які хацеў прыйсьці Сын Божы, Ісус Хрыстос.

Дарог у той час не было, людзі перасоўваліся на ладзьдзях па рэках, перацягвалі чаўны ды караблі паміж ручаямі і так траплялі ў невялікія агароджаныя сьценамі з дрэва гарады. Але анёл шукаў не дарогу. Сын Божы Ісус Хрыстос перамяшчаецца ў сэрцах людзей, таму белы анёл выглядваў сэрцы...

...Чарцяняты, якіх мы, людзі, ня бачым, кожную хвіліну падбіваюць нас на зло, а сьветлыя анёлы ахоўваюць нас, дапамагаюць нам выбраць дабро і ісьці за Богам...

...Анёл падляцеў бліжэй, так, што былі відаць і вушы, і пальцы людзей. І яму здалося, што адно сэрца — чалавека, які сядзеў на носе ладзьдзі, — сьвеціць ярчэй, чым у астатніх...»

Павал Севярынец ўпадчас прысуду. Магілёў, 25 траўня 2021
Павал Севярынец ўпадчас прысуду. Магілёў, 25 траўня 2021

Ня толькі пра шчасьлівыя казачныя падзеі піша Павал Севярынец сыну з турмы, але і наказвае гаварыць праўду пра суровую рэчаіснасьць.

«Калі будуць у цябе пытацца, дзе тата, так і адказвай: „Тата ў турме за Беларусь“. Бог гэта дапускае на некаторы час».

Жонка Вольга на свой дзень народзінаў атрымала ад каханага верш, поўны надзвычайнай пяшчоты і веры ў хуткую сустрэчу зь ёю.

Анёлы ў небе сьпяюць «Алелюя!»
Насустрач новаму дню,
І хай нішто цябе не хвалюе —
У дзьверы я пазваню.

Выпрабаваньня няма звыш сілаў,
Як у цудоўным сьне.
Таму не сумуй, Каханая, Мілая,
Проста чакай мяне.

Пра прэмію імя Аляхновіча

Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя

  • 2013: Ігар Аліневіч
  • 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
  • 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
  • 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
  • 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін

15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні

15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.

Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:

«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG