Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд расьсьледаваньня пра інцыдэнт з самалётам Ryanair перанесьлі на студзень 2022 году


Праверка пасаджанага ў Менску 23 траўня самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега

Рада Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) перанесла на студзень 2022 году разгляд справаздачы аб прымусовай пасадцы ў Беларусі самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair.

Прадстаўнік ICAO патлумачыў Радыё Свабода, што гэта было зроблена празь вялікі аб'ём атрыманай інфармацыі і патрэбу атрымаць дадатковыя тлумачэньні ад беларускай дзяржавы.

Раней чакалася, што высновы расьсьледаваньня будуць агучаныя ў лістападзе на сэсіі Рады ICAO.

Прымусовая пасадка самалёта, на якім ляцелі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, адбылася 23 траўня. Улады Беларусі патлумачылі пасадку паведамленьнем пра тое, што на борце самалёта нібыта была бомба. Пасьля пасадкі Пратасевіча і Сапегу затрымалі.

На пачатку чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз забараніў усім беларускіх авіякампаніям палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ. У заяве Эўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку». У высновах таксама асуджалася затрыманьне Пратасевіча і Сапегі.​

2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG