Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не адчуваю за сабой віны». Стала вядома, калі пачнуць судзіць «анархапартызан»


На акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшае, 8 жніўня 2021

Працэс над актывістамі анархісцкага руху Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Дубоўскім, Сяргеем Раманавым і Дзьмітрыем Разановічам пачнецца 15 лістапада а 10-й раніцы ў Менскім абласным судзе.

Пра гэта паведамілі ў лістах на волю Дзьмітрый Дубоўскі і Сяргей Раманаў, інфармацыю пацьвердзіў і абаронца Ігара Аліневіча. Маці Ігара Аліневіча мяркуе, што судзьдзём на працэсе будзе Вячаслаў Тулейка, бо гэта за ягоным подпісам жанчына атрымала з суду ліст, у якім ёй не дазволілі спатканьне з сынам напярэдадні суду. Зьвестак непасрэдна зь Менскага абласнога суду пра пачатак працэсу сваякі анархістаў пакуль не атрымлівалі.

«Важна заўважыць, што суд будзе адкрыты»

Дзьмітры Дубоўскі таксама паведаміў у лісьце, што суд будзе адкрыты.

«Такім чынам, сёньня мне ўручылі пастанову аб судовым разборы нашай справы. Паседжаньне прызначана на 15 лістапада. А гэта ўжо праз тыдзень зь невялікім, калі ня будзе нейкіх зьменаў. Важна адзначыць, што судовае паседжаньне будзе адкрытае!!! Таму прыходзьце нас падтрымаць і ўбачыць у рэальнасьці, хоць і ў клетцы, але ўсё ж... Як кажуць, будзе цікава, нягледзячы на імаверную суворасьць суду да нас», — паведаміў у лісьце Дзьмітры Дубоўскі. Малады чалавек мяркуе, што прысуд яму і ягоным сябрам, «хутчэй за ўсё, ужо напісаны», пры гэтым ён дагэтуль «ня лічыць і не адчувае за сабой віны».

Валянціна Аліневіч, маці Ігара Аліневіча, не выключае, што адкрытым будзе толькі першае паседжаньне, а далей суд могуць закрыць. «Спашлюцца на нібыта таямніцу і закрыюць, гэта магчыма. Цяпер гэтак жа ўжо тры месяцы судзяць Статкевіча, Ціханоўскага ды іншых, могуць і нашых хлопцаў гэтаксама. Шмат падобных рэчаў у гэтых справах», — мяркуе Валянціна Аліневіч.

Паводле сваякоў анархістаў-партызан, кожнаму выстаўленыя абвінавачаньні па некалькіх артыкулах.

  • Ігару Аліневічу — па ч.1 арт. 333-1, ч.2 арт.295, ч.4 арт. 295, ч.2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
  • Дзьмітрыю Дубоўскаму — ч.1 арт.333-1, ч.2 арт. 295, ч.4 арт. 295, ч.2 арт. 289 КК.
  • Сяргею Раманаву, які раней быў судзімы паводле артыкула 295 КК, — па ч.3 артыкула 295, ч.4 арт. 295, ч.2 арт. 289 КК.
  • Дзьмітрыю Разановічу — паводле ч.2 арт. 295, ч.4 арт. 295, ч.2 арт. 289 КК.

Артыкул 289 — «Акт тэрарызму».

Артыкул 295 — «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».

Артыкул 333-1 — «Незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу або Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь моцнадзейных, атрутных, атручвальных рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прыстасаваньняў, зброі масавага зьнішчэньня або сродкаў яе дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраеньня і ваеннай тэхнікі».

Агульная сума нанесеных матэрыяльных стратаў, паводле сьледзтва, — больш за 70 тысяч рублёў.

Фігурантаў справы затрымалі ў ноч на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле КДБ, у затрыманых анархістаў былі зброя, боепрыпасы і прылады для сувязі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG