Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, якога ўтрымліваюць у СІЗА-1 Менска амаль чатыры месяцы, даслаў з-за кратаў ліст, які цытуе ТГ-канал «Вясны». У ім Алесь расказвае пра свой побыт у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Бяляцкі сярод іншага зазначыў, што цяпер перачытвае раман Івана Мележа «Людзі на балоце»:
«Згадваю фільм Турава па гэтым рамане. Даўно ўжо не было прыстойных фільмаў па беларускай прозе — нармальнага ўзроўню. Урэшце, як і сэрыялаў.
Прыгажосьць кастрычніка была бачна і з вакна. Вежа аж блішчыць ад сонца, сьлепіць вочы».
Першая і другая справа Бяляцкага
Гэты арышт ня першы ў жыцьці Алеся Бяляцкага. У 2011 годзе за нібыта ўтойваньне даходаў у асабліва буйным памеры і нявыплату падаткаў яму прысудзілі 4,5 года калёніі, зь якіх ён адседзеў тры і ў 2014-м выйшаў па амністыі. За гады турмы Бяляцкага ня раз вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру, ён стаў ляўрэатам мноства прэмій у галіне правоў чалавека і свабоды. Пасьля пачатку пратэстаў у Беларусі Бяляцкі далучыўся да Кардынацыйнай рады і, нягледзячы на высокую рызыку арышту, заставаўся ў краіне і працягваў працаваць.
Цяпер, з прычыны падпісак адвакатаў аб невыдаваньні, калегі і блізкія нават толкам ня ведаюць, у чым сутнасьць крымінальнай справы супраць яго. «Мы толькі нядаўна з раскладу суду даведаліся, што Алесю Бяляцкаму выставілі абвінавачаньне толькі паводле аднаго артыкулу Крымінальнага кодэксу — ч. 2 арт. 243 (нявыплата падаткаў).
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».
17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама застаюцца зьняволенымі:
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com