Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьняўся ў пакаянным відэа, бо абяцалі не забіраць дачку — падманулі». Што адбываецца з затрыманымі «экстрэмістамі»


Ілюстрацыйнае фота.

Жыхар Гомля Алесь часова жыве ў Польшчы. У родны Гомель прыехаў, каб павіншаваць маці з днём нараджэньня. Але апынуўся не на сьвяце — у ізалятары, прычым разам з 20-гадовай дачкой.

Ён расказаў, як ГУБАЗіК прапанаваў зьняцца ў «пакаянным відэа». «Узамен абяцалі не забіраць дачку, але падманулі — у ІЧУ трапілі і я, і яна. Прычым ні за што. Дачку забралі празь мяне. Проста таму, што яна на момант вобшуку была ў хаце», — кажа Алесь.

Ён прыехаў у Гомель з Польшчы 20 кастрычніка. Былі пляны наведаць маці, павіншаваць яе з днём нараджэньня і чым-кольвек дапамагчы. Назаўтра Алесь трапіў у КДБ.

«Мяне папрасілі туды „праехаць“ на гутарку. Іх цікавілі экстрэмісцкія каналы. Але я ня быў падпісаны на тыя каналы, якія іх цікавілі. Мой тэлефон праверылі, пагутарылі на агульныя тэмы. У асноўным пыталіся пра Палескую і яе наведвальнікаў (на вуліцы Палескай у Гомлі месьціцца грамадзка-палітычны цэнтар. — РС) і адпусьцілі. Я супакоіўся, быў дома», — кажа Алесь.

25 кастрычніка ён прачнуўся ад грукату ў дзьверы. Было 6.20. «Адчыніце, суседзі!» — крычалі за дзьвярыма.

«Але па голасе я зразумеў, што гэта не суседзі. Я толькі прачнуўся, дачка яшчэ спала. Адчыніў — там „касманаўты“. Былі „камандзіровачныя“ з Магілёва і Менску. Хто з ГУБАЗіК, хто з АМАП. Паставілі тварам да сьцяны, забаранілі глядзець на супрацоўнікаў. Тым часам іншыя пайшлі ў пакой да дачкі, і толькі чуваць была брудная лаянка, і на яе, і паміж сабой так размаўлялі. На вобшуку нічога не знайшлі, толькі забралі тэхніку. У пастанове напісана было, што вобшук праводзіцца па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Мне прапанавалі сказаць гэтую ахінею на відэа, кшталту „пакаяньня“, маўляў, калі скажаш — ня будзем забіраць дачку. Падманулі. Забралі і мяне, і дачку», — дадаў жыхар Гомля.

Усіх затрыманых разам зь ім у той дзень — 12 чалавек — прывезьлі «афармляць» у Чыгуначны РАУС.

«Як у нас нічога не знайшлі, то напісалі і мне, і дачцэ „непадпарадкаваньне міліцыі“. Што не адчынялі дзьверы, не хацелі прайсьці і ўсё такое. Я пачаў казаць у аддзеле, што я нязгодны з пратаколам. Яны адказалі: „Вам трэба было гэта ня нам, а АМАП казаць, мы проста перапісваем, што яны напісалі“», — кажа Алесь.

Ноч ён правёў у ІЧУ. Назаўтра на судзе атрымаў 7 сутак. Дачку пасьля ночы ў ІЧУ адпусьцілі, сказалі чакаць позвы ў суд.

«У ІЧУ нам не далі бялізны, матрацаў, зь перадачы выдавалі толькі можа недзе 20%, будзілі двойчы ноччу — гэта я кажу пра „палітычных“, бо крымінальнікі сядзелі добра, у іх усё было. У камэры былі клапы», — расказаў Алесь.

Па вызваленьні ён вырашыў зьехаць хутчэй у Польшчу. «Я думаў прабыць у Гомлі два тыдні, павырашаць справы. Вось і прабыў так. Толькі адзін тыдзень — у ІЧУ. Дачка перанесла стрэс ад гэтага ўсяго, таму таксама пакуль вырашыла зьехаць», — дадаў жыхар Гомля.

Ён кажа, што чуў размовы супрацоўнікаў ГУБАЗіК, што «мала пратаколаў па Гомлі», таму трэба «дапрацаваць». «Мусіць, склалі сьпіс, каго яшчэ можна «дапрацаваць», і так «дапрацавалі», — лічыць Алесь.

25 кастрычніка ў гомельскі ІЧУ траплялі сем’ямі і кампаніямі. Так, міліцыя ўварвалася ў дом, дзе жыў сын вядомых гомельскіх тэатральных дзеячаў Бардухаевых-Арлоў. Міліцыянты забралі іх сына і ягоных прыяцеляў, якія былі ў яго гасьцях. З працы міліцыя забрала Аляксандра. Калі прыехалі да яго дахаты рабіць вобшук — дома была жонка Алена. Забралі і яе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG