Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны падтрымаў лібэралізацыю аўтамабільных перавозак зь Беларусьсю


Памежны пераход ва Ўкраіне

Вярхоўная Рада Ўкраіны ратыфікавала пратакол аб унясеньні зьменаў у пагадненьне зь Беларусьсю аб міжнародных аўтамабільных зносінах ад 17 сьнежня 1992 году.

Адпаведнае рашэньне без абмеркаваньня падтрымалі 281 з 319 дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі. Два дэпутаты ўстрымаліся, 36 не галасавалі.

Урады Беларусі і Ўкраіны падпісалі адпаведны пратакол 6 лютага 2020 году ў Менску. Дакумэнт больш як год чакаў ратыфікацыі ў парлямэнце — украінскі ўрад перадаў яго ў Вярхоўную Раду 5 жніўня 2020 году.

Калі гэтае пытаньне ўключылі ў парадак дня цяперашняй сэсіі, некалькі дэпутатаў, у тым ліку і кіраўнік дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка, выказаліся супраць ратыфікацыі пратаколу, заклікаючы ўрад да абвяшчэньня блякады на супрацу зь цяперашнім рэжымам у Беларусі.

У адказ на гэтыя заклікі намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны, журналіст у мінулым, Мустафа Наем напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Я ўсьведамляю палітычную адчувальнасьць гэтага рашэньня. І не, я не зьмяніў свайго стаўленьня да сытуацыі ў Беларусі з 2011 года, калі я ўпершыню асьвятляў жорсткае зьбіцьцё пратэстоўцаў на плошчы Свабоды. Але сёньняшняе рашэньне не пра нашыя дачыненьні зь Беларусьсю».

Мустафа Наем патлумачыў, што Беларусь зьяўляецца найбольш кароткім транспартным калідорам для ўкраінскіх перавозчыкаў на балтыйскім і скандынаўскім кірунках.

«Таваразварот з гэтамі краінамі павялічваецца штогод, адпаведна, павялічваецца і патрэба ўкраінскіх перавозчыкаў у беларускіх дазволах. Для разуменьня — пры аб’ёме гадавой квоты ў 37 тысяч дазволаў нашым перавозчыкам да канца году патрэбна ня менш за 30 тысяч дадатковых дазволаў. Але іх няма, бо беларускі бок катэгарычна адмаўляецца павялічыць гэтую квоту», — заявіў Мустафа Наем.

Што прадугледжвае пратакол

Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны заявіла, што ратыфікацыя пратаколу аб лібэралізацыі аўтамабільных перавозак дазволіць разблякаваць міжнародныя аўтаперавозкі з Украіны ў краіны Балтыі і Скандынавіі.

Пратакол прадугледжвае:

  • лібэралізацыю ўмоў выкананьня грузавых перавозак між Украінай і Беларусьсю;
  • вызваленьне нерэгулярных пасажырскіх аўтаперавозак ад дазвольнай сыстэмы;
  • разблякаваньне працы ўкраінскіх перавозчыкаў на балтыйскім і скандынаўскім кірунках.

Апошнія некалькі гадоў праз адсутнасьць дастатковай колькасьці дазволаў ад Польшчы і Беларусі для ўкраінскіх аўтаперавозчыкаў і дадатковыя ўмовы для транзытнага праезду праз Расею, экспартэры Ўкраіны аказаліся адрэзанымі ад рынкаў Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Страты перавозчыкаў ацэньваюць прыкладна ў 1,5 мільярда грыўняў (амаль 60 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Паводле міністэрства, ратыфікацыя пратаколу дазволіць перавозчыкам бесьперашкодна выкарыстоўваць транзытную тэрыторыю Беларусі, а Ўкраіне захаваць працоўныя месцы і залучыць дадатковыя грузавыя і пасажырскія патокі на балтыйскім і скандынаўскім кірунках.

У 2021 годзе Беларусь выдала ўкраінскім перавозчыкам 37 тысяч дазволаў, якія вычарпаныя ўжо ў жніўні. Да канца году дадаткова патрэбна 20 тысяч дазволаў на двухбаковыя перавозкі і 10 тысяч — на транзытныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG