Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў: Беларусь даўно прызнала Крым расейскім і дэ-факта, і дэ-юрэ


Андрэй Савіных

Па словах Андрэя Савіных, пакуль не хапае толькі «палітычнай заявы».

Кіраўнік камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй Савіных у этэры расейскай праграмы «Салаўёў live» заявіў, што дэ-факта і дэ-юрэ Крым быў прызнаны беларускім бокам расейскім.

«Справа ў тым, што Крым і дэ-факта, і дэ-юрэ даўно быў прызнаны беларускім бокам расейскім. Адзінае, чаго не было — не было нейкай палітычнай заявы, каб фармалізаваць гэта, скажам так, для расейскай мэдыйнай прасторы. Гэта палітычная рэальнасьць».

Таксама Савіных адзначыў, што Лукашэнка 4 лістапада «недвухсэнсоўна абвясьціў» гэта.

«І для нас Крым і месяц таму быў неад’емнай часткай Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Савіных.

Паўвостраў Крым быў акупаваны Расеяй у 2014 годзе, тады загінула некалькі ўкраінскіх грамадзян. Міжнародная супольнасьць лічыць Крым часткай Украіны, а на Расею накладзеныя санкцыі за акупацыю.

У самім Крыме расейскія ўлады праводзяць палітыку пазбаўленьня ад усяго ўкраінскага, а таксама масава перасьледуюць крымскіх татараў, ініцыюючы супраць іх ператрусы і крымінальныя справы за нібыта ўдзел у «экстрэмісцкіх фармаваньнях» і «тэрарызм».

Беларусь ні на якім узроўні да выказваньня Савіных не прызнавала Крым расейскім, за выключэньнем некаторых турыстычных фірмаў і прадпрыемстваў, якія вазілі туры на акупаваны паўвостраў праз Расею і пастаўлялі туды прадукты харчаваньня. Аляксандар Лукашэнка ніколі не называў Крым расейскім, а ў верасьні 2019 году казаў, што «Ўкраіна павінна быць адзінай і непадзельнай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG