4 лістапада ў Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі Часовага паверанага ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага і заявілі яму «рашучы пратэст» у сувязі з распаўсюджанай учора афіцыйнымі асобамі Польшчы заявай, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
Паводле ведамства, Марціну Вайцяхоўскаму «жорстка ўказана на недапушчальнасьць нагнятаньня абстаноўкі на мяжы і выкарыстаньня з гэтай мэтай вельмі сумнеўных з пункту гледжаньня прынцыпаў добрасуседзтва і здаровага сэнсу мэтадаў працы».
У МЗС падкрэсьлілі, што Беларусь «ніколі не правакавала і ня мае намеру правакаваць памежныя інцыдэнты, таму катэгарычна абвяргае падобнага кшталту правакацыі».
- У ноч з 1 на 2 лістапада польскія жаўнеры заўважылі на тэрыторыі Польшчы трох чалавек у форме са зброяй. Пасьля таго як польскі патруль паспрабаваў выйсьці зь імі на кантакт, невядомыя перазарадзілі зброю і адступілі ў бок Беларусі.
- Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Пётар Ваўжык выказаў пратэст беларускаму боку адносна парушэньня дзяржаўнай мяжы, паведаміў, што накіруе ноту пратэсту ў МЗС Беларусі і заклікаў беларускі бок неадкладна расьсьледаваць інцыдэнт.
- Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі назваў абвінавачаньні Польшчы бяздоказнымі.
- Удзень 2 лістапада праз гэты выпадак МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага.
- Інцыдэнты з зброяй на мяжы адбываюцца ўжо другі дзень запар. Сёньня Мінабароны Польшчы паведаміла пра чарговую правакацыю беларускіх вайскоўцаў супраць польскіх ахоўнікаў мяжы. 3 лістапада польскія памежнікі выявілі групу каля 250 мігрантаў паблізу агароджы на мяжы. Беларускія вайскоўцы, якія пільнавалі групу, прыгразілі адкрыць агонь у кірунку польскіх салдат, сьцьвярджае Мінабароны Польшчы. Польскія вайскоўцы на правакацыю не паддаліся, і да эскаляцыі на дайшло.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com