Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году звольнілі 568 тысяч чалавек. Разьбіраемся, што адбываецца зь беларускім рынкам працы


Ілюстрацыйнае фота

На працу за 9 месцаў гэтага году ўзялі на 52 тысячы чалавек менш, чым звольнілі.

568 тысяч чалавек звольнілі ў Беларусі з пачатку 2021 году, вынікае са зьвестак Белстату. На працу ж узялі на 52 тысячы менш. У верасьні тэндэнцыя ўпершыню з пачатку году зьмянілася: на працу ўзялі больш людзей, чым звольнілі. Прынялі 71 830 чалавек, а звольнілі 61 744.

Такі рост шмат у чым забясьпечыла адукацыйная галіна, што для верасьня цалкам натуральна: у адукацыі ўзялі на працу 19 727 чалавек, а звольнілі 8 407.

Больш звальнялі, чым прымалі на працу, у верасьні ў сфэры нерухомасьці, фінансавай і страхавой дзейнасьці, а таксама транспартнай дзейнасьці.

Якіх спэцыялістаў шукаюць

У рэспубліканскай базе вакансій на сёньня 98 386 прапановаў.

Шукаюць 4432 лекараў. Заробку прапануюць у сярэднім 600–800 рублёў. Пры гэтым трапляюцца і больш высокія заробкі. Напрыклад, у Гомлі шукаюць анэстэзіёляга-рэаніматоляга на заробак 1800 рублёў.

2858 вакансій на пасаду мэдыцынскай сястры. Прапануюць у сярэднім да 700 рублёў, самы высокі заробак з прапанаваных — тысяча рублёў.

Шукаюць 1201 будаўніка. Заробкі ад 600 да 1100 рублёў, калі гэта не кіроўная пасада.

У банку вакансій 5402 месцы для сьлесараў. Заробкі — ад 600 да 1200 рублёў.

«Гэта паказчык праблемаў у эканоміцы»

Больш звольненых, чым прынятых на працу — гэта тэндэнцыя, якая сьведчыць аб праблемах у эканоміцы. Гэтак сытуацыю тлумачыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«ВУП пакуль яшчэ расьце, але за кошт асобных галінаў. Калі расьце эканоміка — гэты рост адбываецца на ўсіх галінах; тады наймаюць больш, чым звальняюць, колькасьць занятых расьце. Тут можа граць ролю і сьмяротнасьць, і ад’езд у тым ліку», — кажа Вадзім Іосуб.

Асноўнай прычынай вялікай колькасьці вакансій пры вялікай колькасьці звольненых фінансавы аналітык называе нізкія заробкі.

«Скарачэньне колькасьці занятых пры вялікай колькасьці вакансій сьведчыць аб тым, што заробкі па гэтых вакансіях выстаўленыя неадэкватна рынку працы. Вакансіі з адэкватнай аплатай хутка б запаўняліся.

У бюджэтным сэктары гэта сьведчыць пра складанасьці бюджэту, а ў пазабюджэтным сэктары гэта гаворыць пра тое, што ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі прадпрыемствы не гатовыя павышаць заробак. Яны гатовыя трываць пустую вакансію, але не гатовыя павышаць заробак», — тлумачыць Вадзім Іосуб.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG