Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыхтаваўся да этапу, але пакінулі ў «Амэрыканцы». Справу Аліневіча перадалі ў суд


Ігар Аліневіч, архіўнае фота

У ізалятары КДБ чакаюць суду анархісты, якіх арыштавалі неўзабаве пасьля леташніх падпалаў аўтамабіляў каля пракуратуры ў Салігорску і міліцэйскага пастарунку ў Мазыры. Гэта абвінавачаныя ў тэрарызьме Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Сяргей Раманаў і Дзьмітры Разановіч.

«Невядомыя павіншавалі з Днём маці, сказалі, што ганарацца маім сынам»

Паводле Валянціны Аліневіч, справа «анархістаў-партызанаў», у якой праходзіць падазраваным таксама яе сын Ігар, у кастрычніку была перададзеная ў суд, але да працэсу дагэтуль не дайшло.

«Ігар ужо рыхтаваўся да пераводу з „Амэрыканкі“. На час суду маглі перавесьці ў „Валадарку“ ці яшчэ куды, але нешта замарудзілася, дагэтуль яны там жа, у СІЗА КДБ. Толькі аднаго з чатырох, Сяргея Раманава, перавялі зь Менску ў Гомель», — падзялілася інфармацыяй Валянціна Аліневіч.

Сьцьвярджаючы, што расьсьледаваньне справы «анархістаў-партызанаў» завершанае, маці Ігара Аліневіча спасылаецца на зьвесткі з Генэральнай пракуратуры і зь Менскага абласнога суду.

«Справу накіравалі ў Менскі абласны суд, гэта ў судзе пацьвердзілі, але, калі пачнецца працэс, ня кажуць. Як і таго, ці будзе суд адкрытым. Хутчэй за ўсё, не. Закрыюць, як іншыя гучныя працэсы», — мяркуе Валянціна Аліневіч.

Фрагмэнт ліста Ігара Аліневіча
Фрагмэнт ліста Ігара Аліневіча

Ігара Аліневіча затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Актывіста вінавацяць у некалькіх тэрарыстычных актах у складзе групы, а таксама ў незаконных дзеяньнях зь небясьпечнымі і гаручымі рэчывамі. Аліневічу пагражае да 20 гадоў зьняволеньня. Валянціна Аліневіч кажа, што ня ведае дакладнага стаўленьня яе сына да абвінавачаньня, але ведае агульную пазыцыю, якая палягае ў тым, што народ мае права на паўстаньне супраць дыктатуры.

Што да здароўя Ігара і ягонага настрою напярэдадні суду, маці кажа, што пра значныя праблемы ёй невядома.

«На ковід Ігар перахварэў яшчэ ў пачатку году, цяпер на здароўе ня скардзіцца. Першы месяц ён сядзеў у адзіночцы, потым у камэры на 2 чалавекі, цяпер іх у камэры чацьвёра. Часта бывала, што некага пераводзілі, засяляўся іншы чалавек. Сярод сукамэрнікаў быў банкір зь „Белгазпрамбанку“, намесьнік Віктара Бабарыкі; быў журналіст Тut.by, вядомы прадпрымальнік, іншыя цікавыя людзі. З усімі ён ладзіў і знаходзіў тэмы для абмеркаваньня. У яго вялікі турэмны досьвед, і гэта дапамагае наладзіць добрыя кантакты. На ягоныя просьбы перадаю яму зьвесткі па розных тэмах. Прыкладам, пра разьвіцьцё эканомікі Японіі. Відаць, і гэта абмярковае з сукамэрнікамі», — кажа Валянціна Аліневіч.

Паводле Валянціны, яе перапіска з сынам адбываецца па-рознаму: большасьць лістоў ад яго даходзіць, а вось яму — ня ўсе.

«Хацела паведаміць яму пра тое, як мяне на Дзень маці павіншавалі невядомыя людзі, але той ліст не дайшоў. Цэнзура», — кажа Валянціна Аліневіч.

Фрагмэнт ліста Ігара Аліневіча
Фрагмэнт ліста Ігара Аліневіча

Паводле жанчыны, 14 кастрычніка раніцай да яе прыходзіла дзяўчына, а ўвечары малады чалавек, якіх яна раней ня бачыла.

«Прынесьлі кветкі і павіншавалі з Днём маці. Сказалі, што дзякуюць за сына, што ганарацца ім. Вядома, было прыемна. Дзень маці не адзначаю, лічу, што гэта штучнае сьвята, якое стварылі пры Лукашэнку ў палітычных мэтах. Але супала, што ў гэты дзень — Пакроў, калі Багародзіца асабліва клапоціцца пра ўсіх жанчын. Вось як такі знак заступніцтва віншаваньні можна прыняць. Таму мне было прыемна і маладым людзям я шчыра дзякавала за іх учынак», — расказала Валянціна Аліневіч.

Валянціна Аліневіч рэгулярна прыходзіць у СІЗА КДБ зь перадачамі для сына. «Тут можна пабачыць прыкметы ўсіх асноўных падзей, якія адбываюцца ў краіне», — кажа жанчына і згадвае нядаўнія затрыманьні актывістаў з «Гродна-Азот». «Сваякі потым стаялі тут у чарзе на перадачы. І гэтак заўсёды, хваля за хваляй. На жаль, з арыштамі ў нас за 20 гадоў нічога не мяняецца», — кажа Валянціна Аліневіч пра свой уласны досьвед маці былога палітычнага вязьня.

Беларускія праваабаронцы пакуль не прызналі анархіста Ігара Аліневіча палітычным зьняволеным. У «Вясьне» кажуць, што для вырашэньня гэтага пытаньня патрэбна назіраньне за судовым працэсам.

«Рыхтуе апошняе слова»

Дзьмітры Дубоўскі, архіўнае фота
Дзьмітры Дубоўскі, архіўнае фота

Паводле сястры Дзьмітрыя Дубоўскага Юліі, яе брат паведаміў у лісьце, што рыхтуецца да судовага працэсу і ўжо абдумвае тое, што скажа ў апошнім слове.

«Думаю, што дадуць брату гадоў 15, але ён спакойны, ніякай разгубленасьці не дэманструе», — расказала Юлія пра стаўленьне брата да абвінавачаньня.

Паводле сястры Дзьмітрыя Дубоўскага, яго вінавацяць паводле тых жа артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што і Ігара Аліневіча: тэрарызм, незаконныя дзеяньні зь небясьпечнымі і гаручымі рэчывамі. Плюс Юлія не выключае абвінавачаньня ў незаконным пераходзе мяжы, але дадае, што дакладных зьвестак у яе няма.

«Яны самі ня вераць, што такія грошы мы зможам выплаціць»

Па зьвестках сястры Дубоўскага, усім фігурантам справы «анархістаў-партызанаў» таксама зьбіраюцца выставіць па 4-5 пазоваў за нанесеную маральную шкоду.

«Памер кожнага з такіх пазоваў — 7 тысяч рублёў. Гэта акрамя пазову аб матэрыяльнай шкодзе недзе на 70 тысяч. Гэтак назьбіраецца вялікая сума. Дзьмітры лічыць, што спагнаць зь іх такія грошы ў зьняволеньні будзе нерэальна, усе гэта разумеюць і ня вераць, што гэта можна будзе зрабіць. Мэта зусім іншая. І яшчэ піша, што справядлівы суд іх мусіць апраўдаць», — кажа Юлія.

Фрагмэнт ліста Дзьмітрыя Дубоўскага
Фрагмэнт ліста Дзьмітрыя Дубоўскага

Нарэшце ўбачыў неба

Дзьмітрыю Дубоўскаму 36 гадоў. Сястра актывіста анархісцкага руху паведаміла, што ў «Амэрыканцы» ў брата пачаліся праблемы са здароўем.

«Прасіў дапамогі ў стаматоляга і каб вочы праверылі, бо стаў падаць зрок. Дамогся, што зубы яму падлячылі, хоць і не канчаткова, але першую дапамогу аказалі. Кудысьці вывозілі на агляд, потым напісаў радасна, што ўпершыню за год неба над галавой пабачыў. А вось праблема з вачамі застаецца нявырашанай. Але Дзіма настойлівы і ўжо сам празь веданьне законаў можа бараніць свае правы. Вывучае там Крымінальны ды іншыя кодэксы, ведае, як патрабаваць і як абгрунтаваць сваё патрабаваньне», — дзеліцца Юлія, сястра Дзьмітрыя Дубоўскага.

Яе ліставаньне з братам адбываецца прыкладна гэтаксама, як і ў Ігара Аліневіча са сваякамі і знаёмымі: частка лістоў да адрасатаў не даходзіць. Юля ведае дакладна пра страты лістоў, бо вядзе іх нумарацыю.

Пра ўмовы ў брата дзяўчына мяркуе на падставе інфармацыі з розных крыніц.

«У камэры цяпер ёсьць тэлевізар, да таго ж Дзіма падпісаны на розныя выданьні. Атрымліваў „Ганцавіцкі час“, потым заўважыў па зьмесьце, што на іх моцна націснулі, бо цікавай інфармацыі стала меней. Лепш за ўсё адгукаецца пра „Беларусы і рынак“. Ведаю, што ў некаторых вязьніцах яго ўжо не перадаюць, але ў „Амэрыканцы“ яшчэ даходзіць», — адзначае Юлія.

Дзьмітры Дубоўскі пакуль таксама не прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем.

«Прыйдзе час перамогі праўды і справядлівасьці»

Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

Тым часам фігуранта справы «анархістаў-партызанаў», актывіста з Гомля Сяргея Раманава ўжо асудзілі на год зьняволеньня за парушэньне адбыцьця прэвэнтыўнага нагляду пасьля адбыцьця ранейшага пакараньня. Дзеля гэтага Сяргея Раманава адвезьлі з «Амэрыканкі» ў СІЗА Гомля і судзілі там за зачыненымі дзьвярыма. Паводле гомельскіх праваабаронцаў, Сяргей расказаў, як год таму міліцыянты падманам завабілі яго ў кавярню, дзе прадаваўся алькаголь, каб потым абвінаваціць у парушэньні правілаў, прадугледжаных наглядам. Вось вытрымка з апошняга слова, зь якім Сяргей Раманаў выступіў на судзе:

«У дзяржаве насамрэч няма правоў чалавека, затое карным органам дадзена права без наступстваў для сябе фальшаваць справы, біць і нават забіваць грамадзянаў. Бо ўзурпатар сказаў, што „часам можа быць не да законаў“. Гэтая фашыстоўская практыка існавала ў Беларусі не адно дзесяцігодзьдзе, але яе час набліжаецца да канца. Надыдзе час перамогі свабоды, права і справядлівасьці, і гэты працэс ужо не спыніць», — казаў Сяргей Раманаў на судзе ў Гомлі.

Першы раз Сяргей Раманаў быў затрыманы ў 2014 годзе з пакетам зь небясьпечным рэчывам і асуджаны паводле артыкулу 295.3 КК («Незаконныя дзеяньні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі») на 5 гадоў зьняволеньня.

Пасьля выхаду з калёніі ў ліпені 2019 году актывіст знаходзіўся пад прэвэнтыўным наглядам. У 2020 годзе Сяргей Раманаў казаў журналістам, што, на ягоную думку, улады «рыхтуюць яму новую адседку», таму незаконна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці. Актывіста затрымалі летась у кастрычніку каля беларуска-ўкраінскай мяжы разам з Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Дубоўскім і Дзьмітрыем Разановічам. МУС паведаміў, што ў іх знайшлі дзьве адзінкі агнястрэльнай зброі з боепрыпасамі, баявую гранату, траўматычны пісталет, вайсковы рыштунак і сродкі сувязі.

Сваякі фігурантаў справы «анархістаў-партызанаў» ня ведаюць, ці зьбіраюцца прывезьці Сяргея Раманава з Гомлі зноў у Менск на судовы працэс.

«У добрым настроі, ня падае духам»

Дзьмітры Разановіч
Дзьмітры Разановіч

Ад актывіста Дзьмітрыя Разановіча на волі атрымалі ліст, у якім малады чалавек пералічыў кнігі, якія прачытаў апошнім часам у вязьніцы.

Сярод іх твор братоў Стругацкіх «Цяжка быць богам», раман Чынгіза Айтматава «І больш стагодзьдзя цягнецца дзень», а на беларускай мове — аповесьць Уладзімера Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха».

Фрагмэнт ліста Дзьмітрыя Разановіча
Фрагмэнт ліста Дзьмітрыя Разановіча

«Далі беларускія сяляне шляхцюкам па срацы, добра далі, як мае быць», — цытуе ў лісьце вязень «Амэрыканкі» беларускага клясыка.

Тыя, хто лістуюцца зь Дзьмітрыем Разановічам адзначаюць, што «сябра ў добрым настроі, ня падае духам і ня страчвае гумару» ды нагадваюць, што 12 лістапада ў Дзьмітрыя будзе дзень народзінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG