Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады прызналі «Белсат» «экстрэмісцкім фармаваньнем»


Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» і забараніла дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі «групы грамадзян, абʼяднаных інтэрнэт-рэсурсамі „Белсат“», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МУС.

27 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі тэлеканалу «Белсат» «экстрэмісцкімі».

Да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Белсату» адносяцца, акрамя сайту, Youtube-канал і акаўнты ва ўсіх сацсетках: Telegram, Instagram, Twitter, Facebook, VK, «Аднаклясьнікі», растлумачылі ў прэс-службе МУС.

— Што азначае ў дадзеным кантэксьце паняцьце «экстрэмісцкае фармаваньне» — пакуль цяжка сказаць, — кажа намесьнік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. — Мы раімся зь юрыстамі, каб высьветліць, як разумець фармулёўку «група грамадзян, аб’яднаных інтэрнэт-рэсурсамі „Белсат“»: адны лічаць, што гэта толькі тыя, хто супрацоўнічаюць з каналам, і гэтую супрацу трэба давесьці, іншыя кажуць, што гэта і падпісчыкі. Мы будзем спрабаваць даведацца гэта і з афіцыйных крыніцаў, але ўжо здараліся сытуацыі, калі арыгінальнае рашэньне суду яны пагаджаюцца прадставіць толькі нашаму афіцыйнаму прадстаўніку, а наша афіцыйная прадстаўнічка Ірына Слаўнікава цяпер знаходзіцца ў турме.

Калі дапусьціць, што ўлады да «экстрэмісцкага фармаваньня» аднясуць і падпісчыкаў — то гэта мільёны чалавек. Толькі на нашым галоўным беларускамоўным канале паўмільёна падпісантаў, на Інстаграме — чвэрць мільёна, на ўсіх сацыяльных сетках гэта велізарныя лічбы, мільёны людзей. Я ня думаю, што якія-кольвечы захады маглі б зьвесьці гэтую колькасьць да нуля, гэта немагчыма. Чарговыя выдумкі аўтараў такіх так званых «рашэньняў» скіраваныя на тое, каб у беларусаў зусім не было доступу да незалежнай інфармацыі. Натуральна, гэта можа выклікаць складанасьці ў нашай працы, але «Белсат» гэта ня спыніць.

  • 1 лістапада прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак за нібыта захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іх затрымалі 30 кастрычніка па вяртаньні з адпачынку.

Кароткі слоўнік па тэме

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх або больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і набыло законную моц рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG