Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцам Леаніду Судаленку і Тацяне Ласіцы прысудзілі 3 і 2,5 года турмы


Тацяна Ласіца і Леанід Судаленка

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 3 лістапада вынес прысуд праваабаронцу Леаніду Судаленку і валянтэрцы «Вясны» Тацяне Ласіцы.

Судзьдзя Сяргей Салоўскі асудзіў Судаленку на тры гады пазбаўленьня волі, Ласіцу — на два з паловай гады зьняволеньня. Абаім — калёнія агульнага рэжыму.

Валянтэрцы Марыі Тарасенцы прысуд не выносілі, бо яна зьехала за мяжу.

Пасьля вынясеньня прысуду на пытаньне судзьдзі Салоўскага «Вам усё зразумела?» Леанід Судаленка адказаў: «Вы дамовіліся са сваім сумленьнем, але як вы дамовіліся з законам?»

Тацяна Ласіца, архіўнае фота
Тацяна Ласіца, архіўнае фота

18 кастрычніка павінны былі працягвацца спрэчкі бакоў, але Марыя Тарасенка не зьявілася на суд. Суд перанесьлі на 20 кастрычніка, але Марыя Тарасенка зноў не прыйшла. Праваабаронцам стала вядома, што яна за мяжой і ў бясьпецы. Яна мае шэраг цяжкіх захворваньняў.

Марыя Тарасенка ў судзе, разам зь Леанідам Судаленкам і Андрэем Стрыжаком (справа). Архіўнае фота
Марыя Тарасенка ў судзе, разам зь Леанідам Судаленкам і Андрэем Стрыжаком (справа). Архіўнае фота

Суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валянтэркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай пачаўся 3 верасьня. Усіх іх вінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і ў «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342 КК). Тры гады зьняволеньня — максымальны тэрмін пакараньня па гэтым артыкуле.

Разгляд справы судзьдзя Сяргей Салоўскі на прапанову пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіў у закрытым рэжыме. Марыя была пад падпіскай аб нявыезьдзе, а Леанід і Тацяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 году адпаведна.

Што канкрэтна ставілася ў віну Судаленку?

Як расказаў у сваіх лістах праваабаронца «Вясны», у віну яму ставяцца:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
  • відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
  • сэмінар па лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Леанід Судаленка актыўна дапамагаў жыхарам Гомля, якія трапілі пад перасьлед міліцыі і КДБ увосень 2020 году. Ён дапамагаў ім складаць скаргі, прысутнічаў у судах, аплачваў штрафы. У 2018 годзе Судаленка атрымаў прэстыжную міжнародную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека. Грашовую суму ён ахвяраваў на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, пра што адкрыта гаварыў у СМІ ўвосень 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG