Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія католікі маліліся на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Фота


У Гомлі прайшла малітва ля крыжа, пастаўленага ў 90-х гадах з ініцыятывы католікаў і тагачасных уладаў на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Крыж стаіць на 9 кілямэтры шашы Гомель — Чарнігаў. Па сьведчаньнях гісторыкаў і мясцовых жыхароў, у некалькіх месцах абапал шашы супрацоўнікі НКУС масава расстрэльвалі людзей.

2 лістапада каля крыжа традыцыйна моляцца католікі. «Важна захоўваць памяць пра тыя падзеі. Яшчэ ня ўсё зразумела і высьветлена, але гісторыя ўсё паставіць на свае месцы. Нам, хрысьціянам, варта маліцца і за ахвяраў, і за тых, хто іх забіў», — прамовіў ксёндз Юры Варонка.

У набажэнстве таксама бралі ўдзел біскуп Казімір Вялікаселец і адзіны ў Беларусі сьвятар з Афрыкі айцец Майкл.

Таксама на месцы расстрэлаў запалілі зьнічы тыя, хто страціў сваіх блізкіх у 1937 годзе. «У 1937 годзе забілі майго дзеда, за тое, што ён быў католік — значыць, „польскі шпіён“. Мама казала яму, што трэба хавацца, а ён казаў ёй і іншым дзецям, іх было чацьвёра: „Дзеткі, ня бойцеся, мяне не забяруць“. Але забралі і расстралялі. Абвінавацілі, што мае сувязь з палякамі, дый брат у яго ў ЗША», — расказала каля крыжа жыхарка Гомля Галіна Шчарбакова.​

Сёлета ў лесе ля Чарнігаўскай шашы 52-гі пошукавы батальён Міністэрства абароны пачаў раскопкі масавых пахаваньняў. Па дзяржаўнай тэлевізіі выступілі прадстаўнікі гомельскай пракуратуры, якія сьцьвярджаюць, што расстрэльвалі тут нацысты. У 1995 годзе тут ужо былі раскопкі, па выніках якіх археолягі прыйшлі да высновы, што ў гэтым месцы закапаныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG