Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сяджу з крымінальнікамі, якія думаюць, што я хачу стаць прэзыдэнтам». Што піша палітвязень Алесь Пушкін


Алесь Пушкін, архўінае фота

Пушкін расказаў пра ўмовы ўтрыманьня ў жодзінскай сьледчай турме. Дату пачатку суду мастак пакуль ня ведае.

Алесь піша ў лісьце да сябра, які папрасіў не называць ягонага імя, што яго трымаюць у камэры з крымінальнікамі.

«Яны ўсур’ёз лічаць, што я зьбег ад жонкі, ад дзяцей — у турму схаваўся, бо надакучыла, і хачу быць ці то прэзыдэнтам у будучыні, ці, на крайні выпадак, — хоць міністрам культуры РБ!!! Я ім падтакваю (дурасьць — спрачацца, аднеквацца, казаць, што я за проста любоў да мастацтва, праўды — выбраў сядзець у турме — а не застаўся ў Кіеве, бо не павераць! Бо людзі ўсё больш прагматычныя, за грошы і наркотыкі сядзяць). Ну, і канвойныя ім падтакваюць, бо, маўляў, за кожны дзень тут, у вязьніцы, капаюць грошыкі на швайцарскі рахунак!!! Таму ўсе зэкі хочуць быць у мяне вадзіцелямі, калі я стану міністрам культуры, ці хаця б целаахоўнікамі!» — піша палітвязень.

Алесь Пушкін адзіны, хто гаворыць на беларускай мове «на пастраеньні з начальствам». Зьняволены мастак за кратамі носіць спэцоўку з надпісам «ААТ „Белрэстаўрацыя“», у якой яго затрымалі напрыканцы сакавіка.

«Дык кажуць канвойныя: „Эх, Пушкін! Быў рэстаўратарам, мастак — а да чаго дакаціўся — у турме — з жулікамі, бандытамі, злодзеямі ўсякае масьці — сядзіш!!!“ — піша ў лісьце палітвязень. — Мне сапраўды сорамна. Як сказаў адзін 18-гадовы хлопчык Сярожка (што пырнуў тату нажом 3 разы, 4 гады яму далі): „Аляксандар Мікалаевіч, — а вы такі ж, як мы, нічым ня лепшы, нічым не адрозьніваецеся — калі вас дзяржава з намі пасадзіла, а не асобна!“. Вось мне было непамысна ад гэтай сэнтэнцыі!»

У лісьце да сям’і Алесь Пушкін даслаў верш.

«А воды Бабра, нашай вялікай ракі, што сплывае
ля хаты на гарушцы — ужо колькі тысяч год
бягуць і бягуць на Захад (а не на Ўсход!)
Слаўных герояў справы зносіць іх вечны паток...
Зь імі — і зло, і дабро — нічога ня вернецца назад...
Толькі берагі і ўначы, і ўдзень неўміруча стаяць...
А мы на сваёй гарушцы, разам з гасьцямі,
давай расьсьцілаць дастархан...
і за глякам гарэліцы, ці восеньню, ці ў вясно-
вы вечар, з канапкамі
з фаршмакам і цыбуляй — што ты
зробіш з простым чорным
хлебам —
і гэтага дастаткова будзе! — Ня гэта галоўнае,
бо весела і радасна, з цудоўнай кампаніяй —
тых, хто з ахвотай да нас завітае —
і ў размове простай і шчырай
Весела будзем успамінаць нашага жыцьця
вясёлыя і сумныя дні, якія зьнесьлі хвалі Бабра...
...Увы, назаўжды...»

У чым вінавацяць Алеся Пушкіна

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.

Паводле belsat.eu, цяпер сьледчыя пачалі правяраць іншыя мастацкія працы Алеся Пушкіна — цыкль «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гэта партрэты як мінімум двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі. Таксама сьледчыя высьвятляюць ролю Пушкіна ў стварэньні дакумэнтальнага фільму «Праклятыя і забытыя», зьнятага тэлеканалам «Белсат» у 2013 годзе.

Раней да Алеся Пушкіна зьвярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся, піша «Салідарнасць» са спасылкай на адвакатку. «Сказаў, што нічога дрэннага не рабіў і ніякіх прашэньняў падпісваць ня будзе», — сказала адвакатка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG