Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курдзкая жанчына, якую разлучылі зь сям’ёй на беларуска-польскай мяжы, заклікае патэнцыйных мігрантаў ня ехаць у Беларусь


Ірацкія мігранты, затрыманыя польскімі памежнікамі ў ваколіцах Гайнаўкі. Кастрычнік, 2021

Курдзкая жанчына, якую разлучылі зь сям’ёй у Польшчы пасьля нелегальнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы, зьвярнулася праз курдзкі СМІ да патэнцыйных мігрантаў з заклікам не рызыкаваць падарожнічаць у Беларусь са спадзевам трапіць у Эўропу.

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс Rudaw, адзначаючы, што жанчына, Іман Длер, дала інтэрвію іхнай карэспандэнтцы ў горадзе Дуброва Беластоцкая на Падляшшы.

Іман Длер, родам з Эрбілю ў ірацкім Курдыстане, падарожнічала са сваім мужам, дзіцем і братамі, спадзеючыся ў канчатковым выніку дабрацца да Нямеччыны. Яна сказала карэспандэнтцы Rudaw, што ейную сям’ю ўвялі ў зман кантрабандысты і што зь імі жорстка абыходзіліся беларускія памежнікі.

Сямʼя пакінула Эрбіль 12 кастрычніка і вылецела ў Дубай, а адтуль у Беларусь, адкуль кантрабандысты прывезьлі іх на мяжу з Польшчай. Яны затрымаліся на беларуска-польскай мяжы на 12 дзён.

«Было вельмі-вельмі холадна, — расказала Длер. — Вы не ўяўляеце, як холадна было. З намі былі дзеці. Раней мы пілі сьцёкавыя воды. У нас цалкам скончылася ежа. Мы з трыма братамі і дзіцем пяць дзён запар нічога ня елі. Мужа разлучылі са мной. Кожную ноч беларускія міліцыянты зьбіралі мігрантаў і саджалі іх у кузавы трох-чатырох грузавікоў і дастаўлялі да мяжы. Яны адкрывалі нам дарогу нечым драўляным ці іншым матэрыялам, які рэзаў агароджу з дроту. Мы з трыма братамі пераправіліся, але на месца прыбыла польская паліцыя і перашкодзіла майму мужу далучыцца да нас, аддзяліўшы яго ад нас. Я ўжо дзесяць дзён ад яго нічога ня чула».

«Я прашу ўсіх не спрабаваць гэты маршрут. Усё гэта хлусьня», — сказала Длер.

«Я прашу вас, калі ласка, зрабіце ўсё магчымае, каб толькі прывесьці да мяне маё дзіця. Яму ўсяго пяць гадоў. Адзін з маіх братоў пакутуе на хранічнае захворваньне. Ён хварэе на цукровы дыябэт. Яго здароўе вельмі крытычнае. Калі ласка, зрабіце ўсё для майго дзіцяці і брата. І да гэтага часу я нічога ня ведаю пра свайго мужа. Калі ласка, дапамажыце нам», — сказала Длер.

Rudaw адзначае, што падчас інтэрвію жанчына яшчэ ня ведала, што яе брат Гайлан памёр 28 кастрычніка вечарам на мяжы, праўдападобна праз ускладненьні дыябэту.

Дзе цяпер яе сямейнікі, Длер ня ведае, але кажа, што польскія памежнікі адправілі іх назад у Беларусь, а яе даставілі ў шпіталь пасьля таго, як яна ўпала і зламала нагу.

Rudaw адзначае, што мігранты на мяжы паходзяць з многіх краін, але іракцы складаюць найбольшую групу. Сёлета, паводле зьвестак рэсурсу, каля 37 000 іракцаў пакінулі краіну неафіцыйным шляхам. Ня менш за дзесяць зь іх загінулі па дарозе ў Эўропу, а 12 лічацца зьніклымі бязь зьвестак.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG