Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыстэма забараняе бедаваць уголас». Псыхоляг разьбірае сытуацыі, якія ўплываюць на беларусаў


Дар’я Зьмітровіч

Псыхоляг Дар’я Зьмітровіч расказала пра дзьве сытуацыі, якія ўплываюць на беларусаў, і пра тое, што дапаможа зь імі спраўляцца.

Сытуацыя № 1. Падчас візыту сілавікоў у кватэру аднаго зь беларусаў пачалася перастрэлка, загінулі гаспадар кватэры і адзін сілавік.

Камэнтар псыхоляга

Мільёны людзей сталі сьведкамі двайнога забойства праз тое, што два чалавекі ўбачылі адзін у адным небясьпеку. Першы бачыў у другім не чалавека, а тэрарыста, другі — таксама.

Чаму так здарылася?

Па адзін бок быў муж, бацька, беларус, і па другі бок — такі ж бацька, муж, беларус. Каб чалавек забіў іншага чалавека, яму неабходна прыбраць чалавека з чалавечай катэгорыі.

Наглядны прыклад — што гавораць аб пратэстоўцах. Усіх словаў і не напішаш праз унутраную цэнзуру, хоць яны і гучаць з афіцыйных крыніц. Навошта гучаць? Таму што тады адбываецца зьмена ўстаноўкі: забойствы не чалавека, а «быдла», «нацыстаў», «нелюдзяў».

Прывяду прыклад зь сямейнай сыстэмы, вельмі зразумелы для кожнага. Калі бацька або маці ня здольныя рабіць для дзіцяці добрае, бо дзіця — «вылюдак», то яны пачынаюць прычыняць яму боль. Гэта становіцца асноўнай формай кантакту. Потым дзіця вучыцца дзякаваць не за добрае, а за тое, што не адбылося нічога дрэннага.

Выразна можна прасачыць, як беларусы пачынаюць жыць у такім стане: нічога дрэннага не адбылося са мной, з блізкімі, знаёмымі — значыць, гэта быў добры дзень. Страх занявольвае.

Каб не пакаралі ў будучыні, кожны пастараецца ня быць «дрэнным». Але, і тут шмат невыразнасьці: сёньня, каб ня быць «дрэнным», трэба не рабіць гэтага, а заўтра — таго. Быць сабой становіцца страшна і, калі ўстойлівасьці недастаткова, лёгка здацца і абясцэніць. Сумятня ва ўсім.

Калі вярнуцца да забойства, то нейкія крыніцы гаварылі пра дзьве ахвяры, дзесьці ўдакладнялі толькі пра адну. І сапраўды — колькі было ахвяр? Ці могуць тыя, хто выконвае загад, таксама лічыцца ахвярамі свайго выбару?

У адной кнізе прачытала, што самыя жахлівыя злачынствы ўчыняюцца ня тымі, хто паўстае супраць правілаў, а тымі, хто дзейнічае на загад: скідае бомбы, выразае вёскі, робіць усё, што загадаюць. Бо нечы загад — не мая адказнасьць.

Пакуль чалавек ня прыме адказнасьці за зробленае, у ім ня будзе чалавечага. Забойца можа сказаць: перада мной быў «не чалавек», злачынец, а нам загадана зьнішчаць злачынцаў. Хіба ён чалавека забіў? Не.

Што могуць перажываць сьведкі гвалту?

Сьведкі гвалту могуць мець цяжкія перажываньні: дэзарыентацыю, боль, страх, пачуцьцё ўласнай уразьлівасьці і пачуцьцё бясьсільля — немагчымасьці паўплываць на падзеі.

Многія могуць праігнараваць гэты стан, бо фізычна не пацярпелі. Таксама можа быць і радасьць — «мяне пранесла», і пачуцьцё віны і сораму за тое, што застаўся жывы, канцэнтраваны гнеў на тое, як такое наогул магло адбыцца.

Пакуль што гэтыя пачуцьці не абавязкова пра траўму — яны пра эмпатыю. Адметнымі рысамі траўмы будуць такія прыкметы, як: не зьяўляецца спагады, эмоцыі быццам заблякаваныя і недаступныя, сытуацыя ўспамінаецца часта і ярка, зьяўляецца трывога ў штодзённых справах, страх, калі ў хату тэлефануюць ці грукаюць, страх загаварыць зь незнаёмымі, страх людзей з пэўным вонкавым выглядам.

Што важна?

Сьведкі маюць патрэбу прагаварыць тое, што зь імі адбылося. Можна выказваць пачуцьці па-рознаму: нехта мяняе аватаркі ў сацсетках, нехта абмяркоўвае з роднымі ці калегамі, нехта піша допісы падтрымкі або, наадварот, гнеўныя допісы з заклікамі пакараць вінаватых.

Патрэбу быць пачутым нельга абясцэньваць. Таксама важна ўмець быць слухачом і дазволіць таму, хто гаворыць, гаварыць так, як ён адчувае. Лепш проста сядзець і «ўгукаць». Не асуджаць і ня ўцягвацца.

Што б я рэкамэндавала з асабістай практыкі

Зладзіць на нейкі час «інфармацыйны дэтокс». Яшчэ раз нагадаць сабе пра рэчы, якія па-ранейшаму пад асабістым кантролем і залежаць ад сябе самога. Можна адцягваць сябе працай, але пры гэтым клапаціцца, каб не перапрацоўваць і не рабіць гэтага да максымальнай зьнямогі.

Чаго дакладна не рабіць

Не блякаваць пачуцьці алькаголем ці іншымі псыхаактыўнымі рэчывамі. Важна не прымаць лёсавызначальных рашэньняў у стане стрэсу.

Як перажываюць дзеці

Нават даросламу справіцца нялёгка, але асабліва цяжка дзецям — бо ў іх менш сілаў, ведаў і жыцьцёвага досьведу. Таму трэба не забывацца, што яны таксама побач і таксама перажываюць, нават калі наўпрост не былі сьведкамі. Варта расказаць ім, што вы цяпер перажываеце стрэс, ён не зьвязаны зь дзецьмі, але я дарослы, я спраўлюся.

Дзеці ведаюць, што ня могуць самі сябе абараніць, і адчуваюць бездапаможнасьць. Бацькі ў такой сытуацыі становяцца першымі памочнікамі. Дзіцяці вельмі важна ведаць, што яны яго заўсёды абароняць.

Сытуацыя № 2. Сотні чалавек затрымалі і завялі на іх крымінальныя справы за камэнтары ў інтэрнэце, у тым ліку проста са словамі спачуваньня ў адрас аднаго з забітых.

Камэнтар псыхоляга

Псыхоляг Маргарэт Сінгер у сваёй кнізе «Культы сярод нас» апісвае шэсьць умоваў для ўстанаўленьня кантролю над чальцамі сыстэмы. Сярод іх — кантроль за навакольным становішчам; сыстэма заахвочваньняў і пакараньняў; спараджэньне пачуцьця бясьсільля, страху і залежнасьці; перабудова паводзін і сьветаадчуваньня.

Беларусы ня толькі ў тэорыі ведаюць, як рэалізуюцца гэтыя ўмовы. Пакараньне, якое прыйшло ўсьлед за тым, як чалавек рэагаваў на інфармацыю пра забойствы, — так выглядае парушэньне правоў чалавека. Пакараньне за пачуцьці, думкі, перажываньні.

Сыстэма ігнаруе чалавечае, забараняе бедаваць уголас, не прымае ніякіх формаў рэагаваньня, як гэта было і са стыхійнымі мэмарыяламі, якія ствараліся на месцы забойстваў беларусаў. Нам навязваюць спосаб мысьленьня, калі чалавека выкрэсьліваюць з катэгорыі чалавека.

Калі злачынец хоча пазбавіць сябе ад пачуцьця віны і адказнасьці, ён надзяляе сваё злачынства «вышэйшым сэнсам». Камусьці такая праўда патрэбна, і нехта яе з задавальненьнем прыме.

Тыя, хто застаўся ў разгубленасьці і сам-насам са сваім абурэньнем, могуць адчуць усё мацнейшую злосьць, несправядлівасьць, расчараваньне ў сыстэме.

Зноў прыклад з жыцьця дэструктыўных сем’яў, дзе бацькі забараняюць быць сабой і адчуваць тое, што адчуваеш. Забараняюць плакаць, хвалявацца, злавацца, бедаваць, нават гаварыць пра гэта. Замест гэтага выклікаюць страх. Што думае дзіця: я ня маю права на гэтыя перажываньні, адчуваць іх небясьпечна, я заблякую ўвесь гэты сьвет эмоцый. Або ў ім прачнецца помсьлівасьць: вось вырасту (стану мацнейшы за сваіх крыўдзіцеляў) — і адпомшчу за несправядлівасьць.

Кажу пра сем’і, таму што ўсе мы паходзім зь дзяцінства, мы былі меншыя і слабейшыя за тых, хто быў за нас адказны, хто ствараў правілы, хто кантраляваў і паказваў. Мы вырасьлі і зрабілі выбар, як хочам, каб выглядала структура краіны, у якой мы жывём. Гэты выбар праігнаравалі.

Ці ёсьць спосаб абараніць сябе і сваю думку? Важна шукаць спосабы гэта зрабіць, спосабы, даступныя менавіта мне, сувымерныя з маімі рэсурсамі. Важна бываць часьцей з тымі, з кім адчуваеце сябе ў бясьпецы, хто разумее гэты стан.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG