Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 100 гадоў БДУ, год таму — суд пакараў пэнсіянэрку за пасьцілу бел-чырвона-белага колеру


Падзеі 30 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

30 кастрычніка 1937 году НКВД расстраляў больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі , у тым ліку паэта Тодара Кляшторнага.

Тодар Кляшторны
Тодар Кляшторны

Ці ведаеце вы краіну, дзе быць пісьменьнікам ужо азначала б у вачах улады — быць небясьпечным злачынцам, вартым самага жорсткага пакараньня? Гэтая краіна, магчыма, адзіная ў сьвеце, — Беларусь. Ня трэба казаць, што я згушчаю фарбы: маўляў, хоць Саюз беларускіх пісьменьнікаў і хацелі ліквідаваць, самім жа літаратарам, адрозна ад палітыкаў, гэта не пагражала. Ну, хіба што пасадзілі б на год-два ці змусілі зьехаць за мяжу.

Але сёньня мы гаворым пра часы прамінулыя, якія, што праўда, маюць у нас уласьцівасьць паўтарацца ня толькі ў выглядзе камэдыі.

У кастрычніку 1937-га ў гонар дня беларускага камсамолу энкавэдысты расстралялі ў Менску больш за дваццаць літаратараў. У наступную ноч сьпіс ахвяраў папоўніўся новымі імёнамі, сярод якіх апынуўся паэт Тодар Кляшторны. Ён ня быў антысаветчыкам, але меў схільнасьць да імпрэсіянізму, што й уратавала ягоную паэзію ад сумнавядомай «пралеткультаўшчыны». Апрача таго, на творчым рахунку Тодара была паэма «Калі асядае муць», на якую жорстка нападалі цэрбэры вульгарна-сацыялягічнай крытыкі.

Пасьля сьмерці паэта яго жонку з чатырохмесячнай малодшай дачкой Маяй адправілі ў Акмолінскі канцлягер, а старэйшых дзяцей — у дзіцячы дом.

Кляшторнага рэабілітавалі ў 1957-м, але і праз дваццаць гадоў рэдактары й цэнзары працягвалі рупліва шукаць у яго вершах крамольныя падкопы. У выніку жыцьцярадасныя, з гарэзіяй радкі:

Варушыць певень цёртую салому

І топча па чарзе прысадзістых курэй...

ператвараліся ў сваю процілегласьць:

Варушыць певень цёртую салому

І корміць зернямі прысадзістых курэй.

Ягоныя творы вярнуліся ў зборнікі і хрэстаматыі. Яго дачка Мая Тодараўна — адна з кіраўнікоў «Мартыралёгу Беларусі», абаронца Курапацкага мэмарыялу, сьветлая, надзіва мяккая й адначасова непахісная жанчына, якую ведае ўся краіна.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 168-169.

У гэты дзень год таму

  • Больш за 60 супрацоўнікаў Акадэміі мастацтваў, у тым ліку прарэктар па вучэбнай рабоце Алена Бохан, у адкрытым лісьце запатрабавалі аднавіць студэнтаў, адлічаных з гэтай ВНУ.
  • Лукашэнка прыгразіў пратэстоўцам: «Ад сёньня ў палон нікога не бяром».
  • У жодзінскім гарадзкім судзе разглядалі справу 75-гадовай Іраіды Міско паводле фактаў яе ўдзелу ў «масавых мерапрыемствах». На фатаздымку з доказавага арсэналу праваахоўнікаў Іраіда Васільеўна трымае ў руцэ пасьцілу бел-чырвона-белага колеру.

Гэты дзень у гісторыі

1579 — адкрылі Віленскі ўнівэрсытэт.

1919 — у газэце «Беларусь» апублікаваны верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які быў пакладзены на музыку і стаў гімнам БНР.

Макар Краўцоў
Макар Краўцоў

1921 — афіцыйна адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. На той час ён меў два факультэты — мэдычны і грамадзкіх навук.

1988 — у Менску ля Ўсходніх могілак і Курапатаў адбыліся шматтысячнае шэсьце і мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму. Камуністычныя ўлады сілай разагналі акцыю.

З таго часу штогод у канцы кастрычніка — пачатку лістапада беларускія палітыкі ладзяць шэсьце і мітынг у Курапатах.

Курапаты, шкілет забітага чалавека
Курапаты, шкілет забітага чалавека

У гэты дзень нарадзіліся

1728 — Марцін Пачобут-Адляніцкі, беларускі астраном.

1871 — Поль Валеры, францускі пісьменьнік.

Поль Валеры
Поль Валеры

1885 — Эзра Паўнд, амэрыканскі паэт.

1936 — Генадзь Цыхун, беларускі мовазнаўца.

Генадзь Цыхун
Генадзь Цыхун

У памяці

1936 — Фэрдынанд Рушчыц, беларуска-польскі мастак.

Фердынанд Рушчыц
Фердынанд Рушчыц

1937 — Янка Нёманскі, беларускі пісьменьнік. Расстраляны НКВД.

Янка Нёманскі
Янка Нёманскі

1937 — Юлі Таўбін, беларускі паэт. Расстраляны НКВД.

Юлі Таўбін
Юлі Таўбін

1937 — Аляксандар Крыніцкі, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар ЦК КП(б)Б (1925–1927). Расстраляны НКВД.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG