Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі дудара Зьмітра Шыманскага, які адзін раз зайграў на маршы пратэсту


Дудар Зьміцер Шыманскі

29 кастрычніка ў судзе Заводскага раёну Менску вынеслі прысуд палітзьняволенаму музыку Дзьмітрыю Шыманскаму, якога затрымалі сёлета 2 жніўня разам з удзельнікамі гурту Irdorath.

Творцу абвінавацілі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу.

Па словах ягонага адваката, у справе адзіны эпізод — граньне на дудзе падчас маршу 16 жніўня 2020 году ў Менску, паведамляе «Вясна».

Пракурорка запрасіла для абвінавачанага пакараньне ў выглядзе трох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такі прысуд і вынес судзьдзя Алег Каляда. Музыку вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

Паводле абвінавачваньня, Дзьмітры Шыманскі 16 жніўня 2020 году разам зь Пятром Марчанкам, Юліяй Юніцкай (Марчанкай), Надзеяй Калач, Уладзімерам Калачом, Антонам Шніпам і іншымі прыбыў на вуліцу Леніна, дзе «рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лёзунгі, перакрываў праезную частку і адмаўляўся яе пакінуць, гучна пляскаў рукамі, неаднаразова адмовіўся выканаць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі, наўмысна перашкаджаў нармальнаму руху транспарту і працы прадпрыемстваў».

Ён жа нібыта загадзя дамовіўся з Марчанкам, Юніцкай, сужэнцамі Калач і Шніпам аб сумесным зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 342 КК РБ — «знаходзячыся сярод натоўпу, граў сумесна зь іншымі музыкамі на інструмэнтах, выконваў музычную кампазыцыю, падобную да песьні „Перамен“ групы „Кіно“ на словы Віктара Цоя».

Зьмітра Шыманскага схапілі 2 жніўня разам зь іншымі музыкамі падчас сьвяткаваньня дня нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач.

Чатырох затрыманых аштрафавалі на сумы ад 870 да 1160 рублёў, іншых пакінулі за кратамі паводле крымінальнага артыкула. Пакуль Зьміцер сядзеў за кратамі, 21 верасьня ў ягонай кватэры адбыўся ператрус.

Прэс-служба МУС пазьней паведаміла, што спэцапэрацыя з удзелам узброеных байцоў атраду хуткага рэагаваньня была арганізаваная ў сувязі з удзелам музыкаў у леташніх акцыях пратэсту. Маўляў, «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў, чым залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».

Праваабаронцы прызналі Зьмітра Шыманскага палітычным вязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG