Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархіста Сяргея Раманава пакаралі годам калёніі за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду. Неўзабаве яго чакае яшчэ адзін суд


Сяргей Раманаў, архіўнае фота

Сяргея Раманава пакаралі за невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду (арт. 421 КК) адным годам зьняволеньня ў калёніі.

Вырак у судзе Чыгуначнага раёну Гомля агучыў Аляксей Хлышчанкоў, паведаміў тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».

Прэвэнтыўны нагляд Сяргею Раманаву прызначылі пасьля адбыцьця 5-гадовага тэрміну за перавозку выбуховых рэчываў.

У сваім апошнім слове Сяргей Раманаў назваў ягоны перасьлед помстай за палітычныя погляды, «якія ідуць уразрэз з афіцыйнай палітыкай цяперашняй людаедзкай дзяржавы».

«Дзе насамрэч не існуе правоў чалавека. Дзе карным органам дадзена магчымасьць без прыцягненьня да адказнасьці фальсыфікаваць, зьбіваць, катаваць і забіваць грамадзян, бо са слоў галоўнага ўзурпатара „часам можа быць не да законаў“», — сказаў Раманаў.

Ён дадаў, што «надыдзе час перамогі свабоды, права і справядлівасьці, і гэты працэс ужо не спыніць».

Неўзабаве яго чакае новы суд у справе пра незаконнае абарачэньне зброі і тэрарызм.

29 кастрычніка 2020 году Сяргея Раманава затрымалі ў Ельскім раёне, побач з украінскай мяжой, разам зь Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Дубоўскім і Дзьмітрыем Разановічам.

Усім выставілі абвінавачаньні ў тэрарызьме (арт. 289) і незаконным абарачэньні зброі (арт. 285). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, анархістаў абвінавацілі ў падпале чатырох аўтамабіляў каля будынку салігорскай пракуратуры і нападзе на аддзел ДАІ ў Мазыры.

На працягу амаль году ад моманту затрыманьня Сяргей Раманаў знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Напярэдадні суду яго этапавалі ў СІЗА-3 Гомля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG