Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць дудара Зьмітра Шыманскага, які адзін раз зайграў на маршы пратэсту


Дудар Зьміцер Шыманскі

28 кастрычніка ў судзе Заводзкага раёну Менску (Партызанскі праспэкт, 75а) пачаўся працэс над палітычным зьняволеным Зьмітром Шыманскім. Музыку затрымалі сёлета 2 жніўня разам з удзельнікамі гурту Irdorath.

Творцу абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.
Па словах ягонага адваката, у справе адзіны эпізод — граньне на дудзе падчас маршу 16 жніўня 2020 году ў Менску.

28 кастрычніка ў судзе зачыталі абвінавачаньне, двойчы паглядзелі відэа жнівеньскага маршу. У выніку працэс прыпынілі, бо зьявіўся прадстаўнік прадпрыемства «Менсктранс» з пазовам на 6 тысяч рублёў за «блякаваньне руху». Але аказалася, што, па-першае, указалі ня той час (10-я раніцы), па-другое, гэтую суму ўжо спагналі зь іншага ўдзельніка акцыі. Пракурорка папрасіла перапынак, каб параіцца з начальствам.

Працяг суду чакаецца ў другой палове дня 29 кастрычніка.

Паводле сьведак, Зьміцер Шыманскі трымаецца годна, фізычна выглядае нармальна. Гаворыць няшмат, у асноўным толькі адказвае на пытаньні. Быў вельмі рады пабачыць у фае два дзясяткі чалавек, якія прыйшлі яго падтрымаць. Праўда, залю далі мінімальную, каб запусьціць толькі восем чалавек.

Зьмітра Шыманскага схапілі 2 жніўня разам зь іншымі музыкамі падчас сьвяткаваньня дня нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач.
Чатырох затрыманых аштрафавалі на сумы ад 870 да 1160 рублёў, іншых пакінулі за кратамі паводле крымінальнага артыкулу. Пакуль ён сядзеў за кратамі, 21 верасьн ў ягонай кватэры адбыўся ператрус.

Прэс-служба МУС пазьней паведаміла, што спэцапэрацыя з удзелам узброеных байцоў атрабу хуткага рэагаваньня была арганізаваная ў сувязі з удзелам музыкаў у леташніх акцыях пратэсту. Маўляў, «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў, чым залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».

Праваабаронцы прызналі Зьмітра Шыманскага палітычным вязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG