Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 5,5 года турмы. У Берасьці агучылі выракі яшчэ 19 фігурантам справы аб «масавых беспарадках»


Карагод пратэстоўцаў у Берасьці, 13 верасьня 2020

8 лістапада ў Ленінскім раённым судзе Берасьця агучылі прысуды пятай групе абвінавачаных у справе аб «масавых беспарадках» пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Суд над фігурантамі праходзіў з 9 жніўня 2021 году.

Судзьдзя Аляксандар Семянчук пакараў:

  • Якава Шафарэнку — 5 гадамі 6 месяцамі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штрафам 100 базавых (шляхам складаньня пакараньняў па ч. 2 арт. 293 і ч. 3 арт. 205);
  • Станіслава Філімонава — 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штрафам 100 базавых (шляхам складаньня пакараньняў па ч. 2 арт. 293 і ч. 3 арт. 205).

Усіх астатніх асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь. Пакаралі:

  • Яўгена Пекача — 4 гадамі 11 месяцамі калёніі ўзмоцненага рэжыму (шляхам складаньня зь неадбытай «хіміяй» у 1,5 года);
  • Аляксандра Целешмана — 4 гадамі 6 месяцамі калёніі агульнага рэжыму;
  • Марка Антонава, Ільлю Верамеева, Руслана Волкава, Ігара Гарчанюка, Піліпа Канцэвіча, Івана Соўпеля, Сяргея Трацюка — па 4 гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Арцёма Клімчука, Віктара Казлоўскага, Глеба Раманава, Рамана Сідзюка, Льва Цяліпку, Аляксандра Цімафеева, Данііла Хабаўца — 3 гадамі 6 месяцамі калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Паўла Мазько — 3 гадамі 6 месяцамі агульнага рэжыму.

У чым абвінавацілі падсудных?

Абвінавачаньне сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня 2020 году падчас масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — нібыта «груба парушылі грамадзкі парадак», «рабілі пагромы» і «чынілі гвалт з супрацоўнікаў праваахоўных органаў», «наўмысна пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасьць».

У выніку, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды дзяржаўныя органы ацанілі ў 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы).

Акрамя таго, Філімонаву і Шафарэнку таксама ставілі ў віну крадзеж 6 тон трубаў да сьнежня 2020 году. На судзе мужчыны тлумачылі, што трубы ляжалі ўжо іржавыя і зарослыя побач зь недабудаваным будынкам, дзе ўжо некалькі гадоў нічога не адбывалася і куды можна бесьперашкодна трапіць. Таму трубы палічылі мэталязломам і пачалі здаваць у адпаведны пункт прыёму.

На адным з працэсаў абвінавачаны Сяргей Трацюк заявіў, што 10 жніўня яго паранілі. Ён ляжаў у лякарні, дзе яму перасаджвалі скуру (даведкі маюцца). А судзяць яго за тое, што ён кінуў плястыкавую бутэльку нібыта ў бок супрацоўнікаў і падняў кавалак асфальту. Праваабаронцы адзначаюць, што з матэрыяламі справы Сяргей змог азнаёміцца толькі на судзе — у СІЗА не далі.

Каго ўжо пакаралі

10 сакавіка судзьдзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калёніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.

21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

28 траўня пачаўся суд над трэцяй групай абвінавачаных. 12 жніўня судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прысудзіў 10 фігурантам справы, сярод якіх быў непаўналетні Максім Шатохін, ад 3 да 4,5 года пазбаўленьня волі.

Чацьвёртую групу пакаралі 12 ліпеня. Судзьдзя Ленінскага раёну Дзьмітры Шурын прысудзіў 8 абвінавачаным да 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

20 жніўня ў Маскоўскім судзе Берасьця судзьдзя Іна Клышпач агучыла прысуд шостай групе абвінавачаных, прысудзіўшы ім ад 3 да 4 гадоў калёніі.

Агулам у межах справы «аб масавых беспарадках» на гэты момант асудзілі ўжо 65 асобаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG