Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека: абвінавачаньні супраць «Вясны» беспадстаўныя


Акцыя салідарнасьці Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) са зьняволенымі праваабаронцамі «Вясны». Парыж, 17 верасьня

У заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце міжнароднай арганізацыі (FIDH) зазначаецца, што сапраўдны матыў «беспадстаўных абвінавачаньняў» затрыманых праваабаронцаў «Вясны» — зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

«Беларускія ўлады прымусілі зрабіць выбар: праца ў юрыдычным вакуўме або ліквідацыя. Цяпер, пазбавіўшы арганізацыю „Вясну“ легальнага статусу, а супрацоўнікаў магчымасьці легальна працаваць, яны помсьцяць за тое, што арганізацыя вырашыла працягваць абараняць правы беларусаў. Сапраўдны матыў гэтага перасьледу — зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі пад выглядам барацьбы з падатковымі злачынствамі», — падкрэсьліваюць праваабаронцы FIDH.

«Вясна» — партнэрская арганізацыя Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека.

Дзейны віцэ-прэзыдэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і былы віцэ-прэзыдэнт Алесь Бяляцкі цяпер за кратамі. Іх вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG