Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Касьцюшкі і Агінскага, год таму — марш людзей з інваліднасьцю ў Менску


Тадэвуш Касьцюшка

Падзеі 15 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Тантамарэскі» (Бібліятэка Радыё Свабода).
  • Людзі з інваліднасьцю прайшлі маршам па Менску
  • Адвакацкай ліцэнзіі пазбавілі Аляксандра Пыльчанку, які абараняў Віктара Бабарыку і Марыю Калесьнікаву.
  • Нягледзячы на заклік культурнай супольнасьці краіны, кіраўніцтва ансамбля «Харошкі» прыняло прапанову Міністэрства культуры выступіць на сцэне Купалаўскага тэатру 15–16 кастрычніка. Дырыжора аркестру ансамбля, які заклікаў байкатаваць «танцы на касьцях», звольнілі.
  • Баскетбалістку Алену Леўчанку вызвалілі 15 кастрычніка пасьля 15 сутак арышту і штрафу ў 810 рублёў. Невядомы ў балаклаве прывёз спартоўку дадому, хоць бацькі, сябры і паплечнікі чакалі яе каля ізалятара на Акрэсьціна.
  • Канада ўвяла санкцыі супраць яшчэ 31 чыноўніка Беларусі

Таксама ў гэты дзень

1432 ― Польшча і ВКЛ падпісалі Горадзенскую унію.

1916 — у Сьвіслачы (Горадзенская вобласьць) заснаваная беларуская настаўніцкая сэмінарыя.

1920 ― армія генэрала Станіслава Булак-Балаховіча заняла Мазыр.

Станіслаў Булак-Балаховіч
Станіслаў Булак-Балаховіч

1929 ― створаныі Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

1953 ― на Менскім трактарным заводзе выраблены першы трактар «Беларус» на колах.

1961 ― у Лёндане заснаваная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

1964 ― уведзены ў дзеяньне нафтаправод «Дружба».

1968 ― першы выступ брытанскага рок-гурту Led Zeppelin.

Брытанскі гурт Led Zeppelin
Брытанскі гурт Led Zeppelin

У гэты дзень нарадзіліся

1814Міхаіл Лермантаў, расейскі паэт.

1844Фрыдрых Ніцшэ, нямецкі філёзаф.

1909Ракіта (Законьнікаў) Сяргей, паэт, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Хто сярод беларусаў ня чуў імя паэта Сяргея Законьнікава? Дасьледнікі ж гісторыі прыгожага пісьменства ведаюць, што ў нашай літаратуры быў яшчэ адзін паэт з дакладна такім самым імем і прозьвішчам, які, праўда, узяў сабе псэўданім — Сяргей Ракіта.

Старэйшы сын у сялянскай сям’і з Дубровеншчыны, ён быў для роднае вёскі своеасаблівым вакном у вялікі сьвет: прывозіў з Гомелю, дзе працаваў у «Палескай праўдзе», а потым зь Менску, дзе вучыўся ў Інстытуце журналістыкі, беларускія кнігі й часопі-сы, а разам зь імі — навіны пра будаў ніцтва новага, справядлівага жыцьця.

Малады паэт, як і большасьць яго тагачасных ка-легаў, верыў у ідэю стварэ-ньня «новага мастацтва», супрацьпастаўляў «ганебнае ўчора» «шчасьліваму сёньня». Яшчэ больш прывабнай выглядала прышласьць:

Энтузіязм ня зьмераць
Баромэтрам плякатаў,
праграм.
У будучнасьць шчасная
вера
Дадзена нам...

Між тым будучнасьць была ўжо зусім блізка.

У 1936-м Сяргея Ракіту ары штавалі. Адным з пунктаў абвінавачаньня стаўся яго выступ у абарону Янкі Купалы на пісьменьніцкім сходзе. Другім — скептычныя выказваньні наконт калгасаў. Гэтыя «злачынствы» пацягнулі на дзесяць гадоў савецкіх канцлягераў. Дарэчы, Ракіта быў тады ад ным зь вельмі нямногіх, хто, нягледзячы на
катаваньні, не прызнаў свае віны й адмовіўся сьведчыць супраць сяброў.

Паводле афіцыйнае вэрсіі, ён загінуў на лесапа вале, але захавалася сямейная легенда, быццам Ракіта быў расстраляны за тое, што стаў на чале бунту палітзьняволеных, якія прасілі адправіць іх на фронт.

Легенду гэтую расказаў мне родны пляменьнік Сяргея Ракіты Сяргей Законьнікаў, які прызнаецца, што стаў паэтам ня без уплыву гісторыяў пра дзядзьку.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 206–207.



1914 Лявон Случанін, паэт, вязень ГУЛАГу

Добра шапку закінуць пад лаву —
хай пад лаваю лета жыве.
Людзі скажуць: шаўковыя травы
парасьлі на маёй галаве.

Добра любую мець на прыкмеце
і любіць, колькі сілы стае.
Можа, будзе свавольнік-вецер
мне насіць пацалункі яе.

Каб пісаць такія сонечна-бесклапотныя вершы ў 1942-м, іх аўтар мусіў мець магутны зарад аптымізму й жыцьцёвай трывушчасьці. Як ні парадаксальна, гэты зарад Лявон Случанін атрымаў у лягерах на Беламорканале, куды трапіў у 1937-м.

Напярэдадні вайны яму пашчасьціла вырвацца з жорнаў ГУЛАГу і нават два гады папрацаваць на-стаўнікам. Беларускае школьніцтва давала Лявону магчымасьць заробіць на хлеб і ў гады нямецкай акупацыі. Разам зь землякамі-паэтамі Янкам Золакам і Ўладзімерам Клішэвічам ён выдаў тады зборнік «Песьняры Случчыны».

У той самы час была створаная гістарычная паэма «Рагнеда», якой пашчасьціла выходзіць кнігамі тры ра зы: у 1944-м — у Вільні, у 1958-м — у Сыднэі й у 1994-м — у Салігорску.

Апошняе выданьне было прымеркаванае да 80-годзьдзя аўтара, перад якім мы з спадаром Лявонам абмяняліся сваімі кніжкамі, і я пачуў аповед аб тым, як эміграцыйны часопіс «Шыпшына» з глыбокім жалем паведаміў пра «заўчасную сьмерць выдатнага беларускага паэта Случаніна», які па вайне безразважна вярнуўся зь Нямеччыны ў Беларусь і быў засуджаны бальшавікамі на пятнаццаць гадоў зьняволеньня і пяць гадоў пазбаўленьня правоў як беларускі нацыяналіст ды аўтар антысталінскіх вершаў. Усё, апрача «заўчаснай сьмерці», было праўдай, і на родную Случчыну Лявон Раманавіч здолеў пераехаць з Комі АССР толькі ў 1973-м.

«Рагнеда нас лучыць, Валодзя», — амаль вершам сказаў ён, а я дакляраваў аздобіць фрагмэнтамі ягонай паэмы разьдзел пра непакорлівую Рагвалодаву дачку ў адным з будучых выданьняў маёй кнігі «Ад Полацку пачаўся сьвет».

«Ты ведаеш, а яна, Рагнеда, мне сьніцца, — прызнаўся спадар Лявон. — Ды яшчэ як!».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, 420–421


1936Мікола Гіль, беларускі пісьменьнік.

У памяці

1824 ― памёр Рамуальд Гедройць, адзін з галоўных камандзераў
Касьцюшкоўскага паўстаньня.

1817Тадэвуш Касьцюшка, герой нацыянальна-вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай і ЗША.

Адкрыцьцё помніка Тадэўшу Касьцюшку ў Косава
Адкрыцьцё помніка Тадэўшу Касьцюшку ў Косава

Мы звыклі ўспрымаць яго забранзавелым і кананізаваным. А мне Касьцюшка падабаецца як рамантычны каханак і авантурнік. Каб ня гэтыя якасьці, хто ведае, ці стаў бы ён нацыянальным героем Беларусі, Польшчы й ЗША, а таксама ганаровым грамадзянінам Францыі.

Яе звалі Людвіка Сасноўская. Ейны бацька ня даў згоды на шлюб зь сьціплым хатнім настаўнікам, і маладыя закаханыя рыхтаваліся да ўцёкаў. Чамусьці такія пляны заўсёды раскрываюцца занадта рана... Так Тадэвуш з 80 дукатамі ў кішэні апынуўся на шляху зь Беларусі ў Францыю, а затым у Новы Сьвет.

У 1777 годзе змагары за незалежнасьць паўночна-амэрыканскіх калёніяў ат рымалі над ангельцамі бліскучую перамогу пад Саратогай, у выніку чаго было дасягнутае афіцыйнае прызнаньне Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Ваенныя гісторыкі ЗША сьцьвярджаюць, што зарукаю гэтага трыюмфу сталіся якраз непрыступныя фартыфікацыі, збудаваныя інжынэрам-палкоўнікам Касьцюшкам...

Яго заслугі ў барацьбе за свабоду Злучаных Шта-таў былі ацэненыя надзвычай высока: званьне генэрала, найвышэйшая баявая ўзнагарода краіны — Ордэн Цынцыната, амэрыканскае грамадзянства, пажыцьцёвая пэнсія й зямельны надзел. (Пазьней, у тэстамэнце, ён перадасьць усю маёмасьць свайму добраму сябру, аўтару Дэклярацыі незалежнасьці ЗША Томасу Джэфэрсану, даручыўшы выкарыстаць грошы на выкуп рабоў-мурынаў і адукацыю цемнаскурых дзяцей.)

Уразіўшы нядаўніх баявых таварышаў, поплеч зь якімі ваяваў сем гадоў, Касьцюшка адмаўляецца ад кар’еры ў маладой амэрыканскай дзяржаве і сядае на карабель, каб вярнуцца на радзіму, у Літву-Беларусь.

На календары — 1784-ты. Празь дзесяць гадоў рэс-пуб ліканскія ідэалы запаляць сэрца генэрала — і ён стане на чале антыцарскага вызвольнага паў станьня...

У нашых беларускіх шыротах час рухаецца сваім, пакручастым шляхам. У 1970-я, гады майго студэнцтва, мы мусілі ведаць, што Касьцюшка — паляк і герой зусім ня нашай гісторыі. (Дарэчы, сам ён у жыцьцяпісе адназначна засьведчыў: «Нарадзіўся я ліцьвінам».) «Нашым» быў Сувораў, войскі якога патапілі паўстаньне 1794 году ў крыві.

Доўгі час адзіным помнікам паўстанцкаму правадыру ў Беларусі быў створаны Алесем Шатэрнікам бюст, які месьціцца на тэрыторыі амбасады ЗША.

Цяпер у Марачоўшчыне — адноўленай сядзібе Касьцюшкаў каля Косава — адчынены музэй, а ў 2018-м герой вярнуўся на радзіму ў бронзе. Аўтарам велічнага помніку, на які зьбіралі грошы ўсёй беларускай грамадой, стаў скульптар Гэнік Лойка. На год раней паводле ягонага ж праекту помнік Тадэвушу Касьцюшку ўсталявала ў Залятурне Беларускае аб’яднаньне ў Швайцарыі на чале з Алесем Сапегам.

Магчыма, мы дажывем да таго дня, калі ў гонар Касьцюшкі будзе пераназваная менская сувораўская вучэльня.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.26—27


1833 Міхал Клеафас Агінскі, кампазытар, дыплямат, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 г.

Цяжка ўявіць жыхара Беларусі, які б ня ведаў незабыўнай, узьнёслай і напоўненай сьветлай тугою мэлёдыі палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага «Разьвітаньне з Айчынай». Не выпадкова на пачатку 1990-х гучалі прапановы зрабіць яго дзяржаўным гімнам незалежнае Беларусі.

Хтосьці паспрабуе запярэчыць: маўляў, аўтар палянэзу нарадзіўся пад Варшавай, быў палякам. Але ў мэмуарах ён недвухсэнсоўна пісаў: «Паходжу зь ліцьвінскага роду. Незалежна ад намаганьняў рознага кшталту дзяржаўных дзеячаў нас, ліцьвінаў, немагчыма схіліць адмовіцца ад нашых правоў». Шчодра надзелены разнастайнымі талентамі, граф Міхал Клеафас стаў самым знакамітым прадстаўніком свабодалюбнага роду.

У дваццаць гадоў — дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай, у дваццаць пяць — пасол у Галяндыі, а затым у Вялікабрытаніі, у дваццаць восем — падскарбі, або, сучаснай моваю, міністар фінансаў Вялікага Княства Літоўскага. Але, калі выбухнула паўстаньне Касьцюшкі, малады міністар адмовіўся ад пасады і на ўласныя грошы стварыў і ўзброіў батальён зь пяці сотняў стрэльбаў ды шабляў. Родавы герб на сваёй пячатцы ён замяніў на дэвіз «Воля, вернасьць, незалежнасьць».

Паўстанцы Агінскага разграмілі вялікі аддзел царскіх казакоў пад Валожынам, адважна дзейнічалі на Браслаўшчыне і пад Дынабургам (Дзьвінскам). Міхала Клеафаса штораз бачылі ў самай гушчыні бою, некалькі разоў ён адно дзівам застаўся жывы. Напісаны Агінскім «Марш паўстанцаў 1794 году» сьпявалі нашы ваяры на ўсім абшары Княства.

Калі карнікі генэрала Аляксандра Суворава разьбілі паўстанцаў, граф мусіў весьці жыцьцё выгнанца ў розных эўрапейскіх краінах, але ўрэшце вярнуўся ў паняволеную Айчыну. Надзеі на адраджэньне незалежнасьці Вялікага Княства Агінскі спачатку зьвязвае з Напалеонам, у гонар якога стварыў опэру «Банапарт у Каіры». Ён сустракаецца з францускім імпэратарам, піша яму поўны спадзяваньняў ліст і — не атрымлівае адказу. Застаецца нязьдзейсьненым і праект аднаўленьня Княства, пададзены Аляксандру І.

На шчасьце, ні крах палітычных праектаў, ні два нешчасьлівыя шлюбы ня здолелі прымусіць замаўчаць музу Агінскага. Ягоны маёнтак Залесьсе пад Смаргоньню ператвараецца ў адну з культурных сталіц краю і неафіцыйна завецца Паўночнымі Афінамі. Творы Міхала Клеафаса выходзяць у Вене, Парыжы, Лёндане. Асабіста апладыруюць яму Гайдн і Моцарт.

Але над Залесьсем гусьцеюць хмары. Каляніяльныя ўлады пачынаюць арыштоўваць блізкіх знаёмых графа — сяброў таемных таварыстваў. Пакідаючы Айчыну, Агінскі і стварае палянэз, які стаў рэквіемам па дарагой ягонаму сэрцу цывілізацыі.

Апошні зямны прыстанак ён знайшоў у пантэоне флярэнтыйскай базылікі Санта Крочэ побач з Галілеем, Мікелянджэлё, Расіні і Мак’явэлі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 32-33.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG