Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі і дзеці, сёстры і браты. Сем’і, якія ў Беларусі сядзяць «за палітыку»


Расказваем пра сем’і беларускіх палітвязьняў, дзе за апошні год у турму трапілі адразу некалькі чалавек. Мы налічылі сама меней 16 «сямейных справаў» сярод палітвязьняў.

Сужэнцы Андрэй і Кацярына Арыкі

  • Менск
  • «Справа аб цюках сенажу»

Кацярыну і Андрэя затрымалі ноччу 2 верасьня 2021 году разам зь яшчэ пяцьцю менчукамі на полі каля трасы М1. Яны расфарбоўвалі рулёны зь сенажом у колеры нацыянальнага сьцяга і малявалі тараканаў. Паводле міліцыі, на кампанію данёс відавочца. Іх вінавацяць у хуліганстве. Пагражае да 6 гадоў калёніі. Усе фігуранты справы знаходзяцца ў СІЗА жодзінскай турмы. Наколькі вядома, у сям’і Арыкаў ёсьць непаўналетнія дзеці.

Маці і дачка Алена і Вікторыя Лысковіч

Вікторыя і Алена Лысковіч
Вікторыя і Алена Лысковіч
  • Берасьце
  • «Карагодная справа»
  • Прысуд на сям’ю — 3 гады «хіміі»

Алене 48 гадоў, Вікторыі — 24. Яны праходзяць у адной з самых буйных палітычных справаў у Беларусі — за карагод у Берасьці 13 верасьня 2020 году. У ёй больш за 100 фігурантаў. Сям’ю Лысковічаў ня бралі пад варту да суду. У ліпені абедзьве паехалі адбываць пакараньне: маці — у Горадню, дачка — у Віцебск.

Браты Сымон і Філіп Канцэвічы

Карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020 году
Карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020 году
  • Берасьце
  • «Масавыя беспарадкі»

Абодвух вінавацяць у «масавых беспарадках» у Берасьці летась у жніўні. Сымону 23 гады. Яго затрымалі першым, у канцы жніўня 2020-га. Асудзілі на 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Філіпа затрымалі летась у лістападзе. Суду над ім яшчэ не было.

Бацька і сын Ігар і Алег Букасы

Ігар і Алег Букасы
Ігар і Алег Букасы
  • Бабруйск
  • «Гвалт над міліцыянтам»
  • Прысуд на сям’ю — 6 гадоў калёніі

Бацьку 54 гады, сыну — каля 30. Іх затрымалі летась 10 жніўня, калі яны не маглі праехаць у краму ў перакрытым горадзе. Яны ўбачылі, як жанчына прасіла супрацоўніка ДАІ адпусьціць кіроўцу. Букасы падышлі да іх. Неўзабаве бацьку і сына жорстка затрымалі, Ігар падчас затрыманьня выцяў па галаве даішніка. Бацьку далі 4 гады калёніі, сыну — 2 гады. Ігар адбывае пакараньне ў Ваўкавыску, Алег — на «Віцьбе».

Бацька і сын Віталь і Ягор Пракапчукі

  • Берасьце
  • «Масавыя беспарадкі»
  • Прысуд на сям’ю — 8 гадоў калёніі

Бацьку 46 гадоў, сыну неўзабаве споўніцца 20. Пракапчукоў затрымалі летась 19 жніўня. Іх абвінавацілі ў масавых беспарадках 10 жніўня ў Берасьці. Паводле матэрыялаў справы, ад натоўпу берасьцейцаў пацярпелі больш за 20 міліцыянтаў. Яны сьведчылі, што ў іх кідалі камяні, палкі, бутэлькі, тратуарную плітку, але ніхто сур’ёзна не пацярпеў.

Пракапчукі атрымалі па 4 гады калёніі. Сына накіравалі ў калёнію паблізу дома, у Івацэвічы, бацьку — на «Віцьбу».

Браты Цімур і Тамаз Піпія

  • Менск
  • «Масавыя беспарадкі»
  • Прысуд на сям’ю — 11 гадоў 3 месяцы калёніі

Хлопцы — футбольныя фанаты, антыфашысты, аднаму 27 гадоў, другому 31. Тамаз мае малое дзіця. Іх затрымалі летась у верасьні з розьніцай у адзін дзень. Абвінавацілі ў «масавых беспарадках» у Менску 10 жніўня і 23 верасьня, пасьля тайнай інаўгурацыі Лукашэнкі нібыта яны перакрывалі рух на дарозе. Цімура таксама прызналі вінаватым, быццам ён пашкодзіў машыну «ціхароў», і ва ўхіленьні ад адбываньня папярэдняга пакараньня.

Тамазу далі 5 гадоў калёніі, Цімуру — 6 гадоў, 3 месяцы і 2 дні. Тамаза накіравалі ў Жодзіна, Цімура — у Магілёў.

Сужэнцы Надзея і Ўладзімер Калачы і сужэнцы Пятро і Юлія Марчанкі

  • Горадня, Менск
  • «Справа дудароў»

Надзея і Ўладзімер — стваральнікі і лідэры фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath. Пятро і Юлія Марчанкі — музыкі і сябры Калачоў. Сужэнцаў разам з тузінам сяброў затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Менскам на сьвяткаваньні дня нараджэньня Надзеі. Некаторых удзельнікаў імпрэзы аштрафавалі або асудзілі на арышт, шэсьць чалавек пакінулі пад вартай, сярод іх Калачы і Марчанкі.

Іх перасьледуюць за выступы падчас масавых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году. МУС паведаміла, што «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў», чым «залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».

Сёстры Анастасія і Вікторыя Міронцавы

  • Менск
  • «Пратэсты 10 жніўня»
  • Прысуд на сям’ю — 4,5 года калёніі

Стасі 25 гадоў, вучылася на апошнім курсе Акадэміі мастацтваў, але ня здолела здаць іспыты зь СІЗА, яе адлічылі. Віцы 26 гадоў, адвучылася ў каледжы мастацтваў, працавала афіцыянткай. Дзяўчат затрымалі летась у кастрычніку за пратэсты ў Менску 10 жніўня 2020 году. Таксама іх вінавацілі ў гвалце над міліцыянтам, бо Анастасія схапіла за локаць супрацоўніка, а той упаў.

Стасі далі 2 гады калёніі, Віцы — 2,5 года калёніі. Абедзьве адбываюць пакараньне ў жаночай калёніі ў Гомлі.

Браты Кім і Аляксей Самусенкі

  • Менск

Кіму 32 гады, Аляксею 33. Абодва маюць сем’і і малых дзяцей. Кім — актывіст, сябар грамадзкага руху «Дзея», Аляксей — эканаміст. Абодва вучыліся ў беларускамоўнай гімназіі. Захапляліся паляваньнем, дома знаходзілася зарэгістраваная зброя. Хлопцы захапляліся гістарычнай рэканструкцыяй, дома мелі шаблі, мячы.

Братоў затрымалі летась у лістападзе з розьніцай у некалькі дзён. Іх вінавацяць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», Кіма таксама ў тым, што ўзламаў кампутарную сыстэму Менгарвыканкаму. Падчас ператрусу ў Кіма забралі грошы, падораныя яму на вясельле.

Абодва цяпер на «Валадарцы», суду яшчэ не было.

Браты Ўладзімер і Юры Седзянеўскія

  • Горадня
  • «Справа аб счэпцы»
  • Прысуд на сям’ю — 6 гадоў «хіміі»

Уладзімеру 37 гадоў, Юрыю — 39. Працавалі інжынэрамі. У аднаго трое, у другога двое малых дзяцей. Мужчын абвінавацілі ў «справе аб счэпцы». Нібыта падчас маршу пратэсту 6 верасьня ў Горадні яны ўчынілі гвалт над 11 амапаўцамі, бо сталі ў счэпку і «выціскалі сваімі целамі» невядомых у чорным са свайго шляху. Абодва атрымалі па 3 гады «хіміі». Уладзя накіравалі ў Віцебск, Юрыя — у Гомель. Яны аднолькава далёка цяпер і ад сваіх сем’яў, і адзін ад аднаго.

Маці і сын Тацяна і Дзьмітры Канеўскія

  • Гомель
  • Прысуд на сям’ю — 9 гадоў калёніі

Тацяна — маці чатырох сыноў, актывістка руху «Маці-328», давераная асоба Ціханоўскай. Ёй 54 гады. Яе затрымалі за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавацілі ў тым, што яна з паплечнікамі «плянавалі масавыя беспарадкі і захоп будынкаў», а таксама «стварылі тэлеграм-канал і Youtube-канал „Страна для жизни“». Тацяну асудзілі на 6 гадоў калёніі. Яна адбывае пакараньне ў родным Гомлі.

Некалькіх сыноў Тацяны спачатку затрымлівалі на адміністрацыйныя «суткі». Сярэдняга 26-гадовага сына Дзьмітрыя асудзілі на 3 гады калёніі за «распальваньне варожасьці» за выказваньне ў дачыненьні да сілавікоў. Ён пакуль застаецца ў гомельскім СІЗА.

Сужэнцы Алена і Сяргей Маўшукі

  • Пінск
  • «Масавыя беспарадкі»
  • Прысуд на сям’ю — 12,5 года калёніі

У сям’і Маўшукоў трое дзяцей, ад 5 да 19 гадоў. Алену затрымалі пасьля 10 жніўня за «масавыя беспарадкі». Па словах сукамэрніцы, яе пасадзілі «голую, босую, пабітую». Сяргея ўзялі пад варту ў гэтай жа справе толькі пасьля прысуду. Алене далі 6 гадоў калёніі, Сяргею — 6,5 года калёніі. Калі жанчына пачула, што пракурор просіць для яе 6 гадоў калёніі, напісала ў сшытку «Я павешуся» і паказала надпіс у залю.

Сярэднюю дачку Алены спачатку забралі ў прытулак, бо Сяргей ёй ня родны бацька. Цяпер дзьвюх малодшых дачок Маўшукоў выхоўваюць сваякі.

Сужэнцы Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч

  • Менск
  • «Справа тэлеграм-каналу „Армия с народом“»
  • Прысуд на сям’ю — 11 гадоў калёніі

Антаніна і Сяргей праходзілі ў справе тэлеграм-каналу «Армия с народом» як ягоныя адміністратары разам зь яшчэ трыма фігурантамі. Усіх вінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Сяргей у 2020 годзе выехаў за мяжу. Аднак, калі летась у верасьні затрымалі ягоную жонку, якая была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, вярнуўся ў Беларусь. Празь месяц пасадзілі і яго.

Кожны з сужэнцаў атрымаў па 5,5 года калёніі. Антаніна адбывае тэрмін у Гомлі, Сяргей — у Ваўкавыску. Паміж імі цяпер 500 кілямэтраў. З дваімі малымі дзецьмі Антаніны і Сяргея баба зь дзедам выехалі за мяжу.

Бацька і сын Віктар і Эдуард Бабарыкі

Эдуард і Віктар Бабарыкі
Эдуард і Віктар Бабарыкі
  • Менск

Віктар Бабарыка 20 гадоў узначальваў «Белгазпрамбанк». Яму 57 гадоў. У 2020 годзе ён паспрабаваў стаць прэзыдэнтам Беларусі. Яго затрымалі амаль за два месяцы да дня выбараў. Адначасова забралі і ягонага сына Эдуарда, які займаўся краўдфандынгавымі плятформамі, а ў 2020 годзе стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы свайго бацькі.

Віктару Бабарыку далі 14 гадоў калёніі за нібыта «адмываньне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і за хабар. Ён цяпер працуе ў пякарні калёніі ў Наваполацку. Яму забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні падчас перапынкаў на працы.

Эдуарда вінавацяць у нявыплаце падаткаў. Ён больш за год сядзіць у СІЗА КДБ у вельмі сырой камэры, дзе, зь ягоных словаў, адзеньне на ім пакрываецца цьвільлю. Мужчыну забаранілі займацца ёгай. Калі пачнецца суд над ім, невядома.

Маці і сын Юлія і Пятро Слуцкія

  • Менск
  • Справа «Прэс-клюбу»
  • Вызвалілі

На волю нядаўна выйшлі супрацоўнікі «Прэс-клюбу», маці і сын Юлія і Пятро Слуцкія. Іх вінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Фігурантаў «справы Прэс-клюбу» памілавалі, калі яны прызналі сваю віну і сплацілі кампэнсацыю ў двайным памеры за нібыта прынесеную шкоду. Справу закрылі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG