Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень народзінаў Веры Церлюкевіч, год таму – Ціханоўская выставіла Лукашэнку «народны ўльтыматум»


Вера Церлюкевіч на мітынгу супраць КГЧП, жнівень 1991

Падзеі 13 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Сьвятлана Ціханоўская вылучыла Лукашэнку «народны ўльтыматум» і дала 3 дзён, каб «выканаць тры абавязковыя патрабаваньні»:

1. Лукашэнка павінен абвясьціць аб сыходзе.

2. Гвалт на вуліцах павінен спыніцца цалкам.

3. Усе палітвязьні павінны быць вызвалены.

  • Старшыня страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі зьехаў зь Беларусі.
  • Стала вядома, што Марыя Калесьнікава адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.
  • Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі 12 кастрычніка затрымалі 186 удзельнікаў пратэстаў
  • Шматразовая алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне і Герой Беларусі Дар’я Домрачава адрэагавала на пабіцьцё брата: «Мой публічны гнеў ня вырашыць грамадзкіх праблемаў».

Дзень у гісторыі

1795 – у Санкт-Пецярбургу ўпаўнаважаныя Аўстра-Вугоршчыны, Прусіі і Расеі падпісалі канвэнцыю аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай.

1900 – апублікаваная асноўная кніга Зыгмунда Фройда «Тлумачэньне сноў».

1910 – у Санкт-Пецярбургу ў друкарні Пянткоўскага выходзіць другі паэтычны зборнік Янкі Купалы «Гусьляр».

1929 – у Менску пачаўся рух трамваяў.

1960 – з канвэеру Беларускага аўтамабільнага заводу ў Жодзіне сышоў першы 40-тонны самазвал.

1999 – створаная Віцебская дыяцэзія.

У гэты дзень нарадзіліся

1847 – нарадзіўся Эдвард Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, – Сымона і Алену Вайніловічаў.

Эдвард Вайніловіч
Эдвард Вайніловіч

Ён з тых, хто сваім жыцьцём абвяргае накінутую беларусам учэпістую думку, нібыта яны былі пазбаўленыя сваёй арыстакратыі.

Дзякуючы яму нашая сталіца ўжо другое стагодзьдзе мае адну з сваіх непаўторных адметнасьцяў – ратаваны Богам ад сучасных герастратаў Чырвоны касьцёл, або, дакладней, касьцёл Сьвятых Сымона й Алены. (Ёсьць сьведчаньні некалькіх сучасьнікаў, што Машэраў распарадзiўся зьнесьцi храм, які «портил лицо социалистического города», аднак ажыцьцяўленьню злачыннага намеру партыйнага кiраўнiка рэспублiкi перашкодзіла яго сьмерць.)

Вайніловіч належаў да найбагацейшых абшарнікаў краю, але, скончыўшы Пецярбурскі тэхналягічны інстытут і выправіўшыся ў Эўропу на стажыроўку, вырашыў пачаць яе простым работнікам на бэрлінскім паравозабудаўнічым заводзе.

Вярнуўшыся ў Беларусь і заняўшыся сельскай гаспадаркай, Вайніловіч хутка ператварыўся ці ня ў самага пасьпяховага прадпрымальніка ў сваёй галіне, аднак ніколі не абмяжоўваўся эканамічнымі інтарэсамі. Ён адчыняў дзіцячыя прытулкі і школы, бараніў справы Літвы-Беларусі як дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы.

Сымон і Алена Вайніловіч
Сымон і Алена Вайніловіч

Зусім небеспадстаўна Вайніловіча называюць першым беларускім экумэністам: ён фундаваў будаўніцтва касьцёлаў і праваслаўных цэркваў, заснаваў у Клецку камітэт абароны правоў габрэяў і татараў-мусульманаў.

Свой род ён – выпускнік славутай Слуцкай гімназіі – заўсёды называў «мясцовым, беларускім», а ў мэмуарах пісаў пра «сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху».

Вайніловіч і беларушчына – тэма для добрай дысэртацыі. Фундатар нашага першага легальнага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца», шчодры ахвярадаўца «Нашае Нівы»...

Сапраўдны стацкі саветнік Эдвард Вайніловіч меў пяць царскіх ордэнаў, сябраваў з старшынём расейскага савету міністраў Пятром Сталыпіным, які прапаноўваў беларускаму арыстакрату пасаду міністра сельскай гаспадаркі. Аднак той марыў пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага, у 1918-м браў удзел у паседжаньнях Ураду БНР і выступаў супраць падзелу краіны Масквой і Варшавай. Менавіта ў слуцкім доме Вайніловіча зьезд Случчыны абвясьціў падрыхтоўку да антыбальшавіцкага паўстаньня.

Эдвард Вайніловіч быў узорным мужам і бацькам, але Бог забраў у яго дзяцей, Сымона (1885–1897) і Алену (1884–1903), у гонар якіх у 1910 годзе і быў узьведзены Чырвоны касьцёл.

З ініцыятывы ксяндза-магістра Ўладзіслава Завальнюка ў 2006-м парэшткі Эдварда Вайніловіча былі ўрачыста перапахаваныя ў фундаваным ім храме.

Празь дзесяць гадоў быў распачаты працэс яго бэатыфікацыі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 128–129


1888 Язэп Драздовіч, беларускі мастак, скульптар, этнограф.

Язэп Драздовіч. Сьвятар-мудрэц. 1924 г.
Язэп Драздовіч. Сьвятар-мудрэц. 1924 г.

Калі я думаю пра яго, уваччу заўсёды паўстае адно й тое ж відовішча: па вечаровай палявой дарозе ўсьлед за нізкім, чырвоным, як ягадзіна шыпшыны, сонцам ідзе высокі барадаты чалавек з падарожнай кайстраю і мальбэртам. У той самы момант у памяці ажываюць і нягучна поўняць гэтую народжаную ўяўленьнем прастору радкі Ўладзімера Караткевіча:

Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною...
Ў гадах Хрыстовых – бедным шкаляром...
Засьпее ноч, засьпее дзень слатою –
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом...

Язэп Драздовіч прыйшоў на сьвет у адным дзесяцігодзьдзі з братамі Луцкевічамі, Ластоўскім, Купалам і Коласам і сам быў з гэтага шэрагу будзіцеляў нацыі. Яны не належалі да нейкіх школаў, плыняў або партыяў. Яны былі іх стваральнікамі.

Язэп Драздовіч
Язэп Драздовіч

Драздовіч стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу і плённа прычыніўся да вытокаў мастацкай Скарыніяны. Працягваючы творчы подзьвіг свайго папярэдніка Напалеона Орды, ён стварыў вялікія графічныя сэрыі – «Мір», «Крэва», «Наваградак і наваградцы», «Меднікі», «Трокі», «Гальшаны»... Быў шанцоўным археолягам: адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Стаў пачынальнікам касьмічнай тэмы ў нашым выяўленчым мастацтве. Ягоны цыкль «Жыцьцё на Марсе» і сёньня хвалюе мяне, колішняга фаната Рэя Брэдбэры. (Дарэчы, свае самнамбулічныя падарожжы па іншых плянэтах і галяктыках Драздовіч апісаў у літаратурных дзёньніках, дасьледаваных у віленскіх архівах літаратуразнавіцай Ліяй Кісялёвай.)

Па вайне шанец не памерці з голаду дало яму маляваньне на саматканым палатне дываноў, рупліва зьбіраных потым мастаком Аляксеем Марачкіным. Чыноўнікі ад культуры ў лепшым разе лічылі такое мастацтва другарадным, а ў горшым – шкодніцкім. У мястэчку Лужкі дагэтуль памятаюць размалёўку дзядзькі Язэпа ў мясцовай сталоўцы. Асартымэнт страваў быў, далікатна кажучы, небагаты, але туды хацелася зайсьці, каб трапіць у сьвет фантастычных зьвяроў і птушак. Урэшце месца грамадзкага харчаваньня наведаў абласны чыноўнік, пасьля чаго размалёўку зьнішчылі, а на яе месцы павесілі копію карціны расейскага мастака Шышкіна.

Хочацца верыць, што нехта з тых, хто лічыў Драздовіча ўбогім бажаволкам, дажыў да адкрыцьця ў Менску помніка дзядзьку Язэпу, да выхаду альбому-манаграфіі, да зьяўленьня вуліцаў імя Драздовіча ў Менску, Воршы, Маладэчне, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах, Германавічах, да стварэньня Культурна-асьветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, узначаленага закаханай у творчасьць земляка Адай Райчонак, пад кіраўніцтвам якой шмат гадоў ладзяцца мастацкія пленэры – у тых мясьцінах, над якімі лунае душа гэтага вечнага вандроўніка.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С.248-249

1896 Мікола Шчакаціхін, мастацтвазнавец, гісторык, тэарэтык мастацтва, дасьледаваў выяўленчае мастацтва і архітэктуру Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасьці.

1925Маргарэт Тэтчэр, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі.

1941Вера Церюкевіч, рабочая, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х.

Вера Церлюкевіч
Вера Церлюкевіч

Яшчэ й цяпер, праз колькі гадоў пасьля яе сыходу ў тую, мроеную намі Беларусь, позірк міжволі шукае Веру Церлюкевіч на Дзень Волі, на Чарнобыльскім шляху або на Дзяды.

Знайсьці яе зазвычай можна было наперадзе – усьмешлівую, упэўненую, зь бел-чырвона-белым сьцяжком або з кветкамі гэткіх жа колераў.

Яна нарадзілася на Ма гілеўшчыне, у вёсцы, якая пасьля чарнобыльскай катастрофы назаўсёды зьнікла зь беларускіх мапаў.

Доўгія гады гэтая сялянская дачка зусім ня волатаўскага целаскладу працавала там, дзе не заўсёды вытрымліваюць і мужчыны, – кранаўшчыцай у ліцейным цэху Менскага трактарнага заводу.

У першы ж дзень рабочых красавіцкіх страйкаў 1991-га Вера Церлюкевіч зь яе абвостраным пачуцьцём справядлівасьці і змагарскім характарам зрабілася адным з галоўных арганізатараў пратэстаў на трактарным.

Гэта быў паваротны момант яе жыцьця.

У другой палове 1990-х Вера Максімаўна Церлюкевіч напоўніцу зьведала тое, што й тысячы нашых суграмадзянаў, якія адкрыта сталі на шлях барацьбы з рэжымам, – звальненьне з працы, арышты, правакацыі й зьбіцьцё тымі, каго ўлада называе ахоўнікамі правапарадку.

Падчас вулічных дэмакратычных акцыяў яна нязьменна апыналася ў самых гарачых месцах і звычайна выратоўвала кагосьці проста з рук разьятраных спэцназаўцаў.

Чалавеку зь яе бескампрамісным характарам у нашым грамадзтве было няпроста зарабіць сабе на хлеб.

З палітычных матываў Веру звольнілі нават з пасады прыбіральніцы ў кавярні, уладальнік якой быў зацятым лукашыстам.

Пасьля гэтага яна мыла вокны ў мэблевай краме й аднаго разу, упаўшы зь верхатуры, зламала сабе абедзьве рукі.

Але Вера Церлюкевіч была з тых, каго не маглі перайначыць ні зьняволеньні, ні вечныя хваробы, ні нястача.

Яе суседка, пісьменьніца й архівістка Вольга Баб кова, адзначае і такія адметныя Верыны якасьці, як нязводны альтруізм і бяссрэбніцтва.

З сваіх проста мізэрных заробкаў яна абавязкова штомесяц купляла дзецям суседзяў і сябровак цукеркі й цестачкі.

Веру Максімаўну хава-лі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

У вялікай жалобнай працэсіі ішлі ня толькі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту, да якой яна належала, але і многія іншыя – тыя, каму простая работніца Церлюкевіч дала яскравы прыклад ахвярнасьці й непераможнай веры ў Беларусь.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с.474-475

У гэты дзень памерлі

1986Андрэй Бембель, скульптар, народны мастак Беларусі.

2001Максім Лужанін, беларускі паэт, літаратуразнаўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG