Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мяняе канстытуцыйная рэформа?


Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі 6 лістапада 2015 г. Архіўнае фота

Па выніках абмеркаваньня ў Аляксандра Лукашэнкі прапаноў наконт зьмены Канстытуцыі асноўныя парамэтры канстытуцыйнай рэформы так і засталіся мала зразумелымі.

Сам Лукашэнка прагаварыў тры канкрэтныя рэчы: Усебеларускі народны сход (УНС) прапанавана праводзіць кожны год; гэты орган будзе надзелены правам мяняць Канстытуцыю; сьмяротнае пакараньне захаваецца.

Калі УНС набывае канстытуцыйны статус, то лягічна надаць яму нейкую хоць фармальную пастаянную прысутнасьць на палітычным полі. Бо што гэта за важны дзяржаўны орган, які зьбіраецца раз на пяць гадоў? Гэта быў бы фігавы лісток у чыстым выглядзе.

І да таго ж, калі УНС задуманы як сродак палітычнага бальзамаваньня Лукашэнкі ва ўладзе, як спосаб ягонага кантролю над пераемнікам на пасадзе прэзыдэнта, то зразумела, што гэты орган павінен працаваць больш актыўна. Таму штогадовае правядзеньне УНС — гэта адзін крок для падвышэньня ягонага статусу. Другім крокам стане наданьне паўнамоцтваў органу, які будзе абраны гэтым сходам. Гэта будзе прэзыдыюм, пленум ці палітбюро УНС, назва ня важная. Больш важна тое, хто яго ўзначаліць. Здаецца, усе ўжо здагадваюцца, як будзе гучаць прозьвішча гэтага чалавека.

Другі момант. Лукашэнка прагаварыў, што УНС будзе надзелены правам мяняць Канстытуцыю. Гэта вельмі важная прэрагатыва. Сёньня такімі паўнамоцтвамі ў поўнай меры не валодае нават парлямэнт. Толькі народ на рэфэрэндуме можа гэта рабіць.

Дарэчы, Лукашэнка гэтым увесь час казыраў. Маўляў, глядзіце, якая ў нас дэмакратыя.

І вось цяпер, пасьля ўсенароднага рэфэрэндуму па Канстытуцыі, які адбудзецца ў лютым, УНС — нікім ня выбраны орган — будзе мець права падправіць волю народу! Палітычны і юрыдычны нонсэнс.

Неабходнасьць у зьмене Канстытуцыі можа ўзьнікнуць толькі ў выпадку, калі паміж прэзыдэнтам і кіраўніком УНС (Лукашэнкам?) узьнікнуць рознагалосьсі. Але ў такім выпадку зусім ня факт, што УНС будзе паслухмяным інструмэнтам у руках Лукашэнкі. Бо дэлегаты сходу будуць трымаць нос па ветры, выгадваць, у каго больш улады. А яе больш будзе ў дзейнага прэзыдэнта.

Нарэшце, пра захаваньне сьмяротнага пакараньня. Было б дзіўна, каб Лукашэнка пагадзіўся на яго адмену. Бо ў такім выпадку ён бы прызнаў, што столькі гадоў памыляўся, а рацыю мелі ягоныя палітычныя апанэнты, нейкія там праваабаронцы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG