Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маштаб, мэты, пратэсты: што трэба ведаць пра беларуска-расейскія вучэньні «Захад»


Вучэньні «Захад-2017» у Беларусі

10 верасьня пачынаецца практычная частка беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021», якія пройдуць на тэрыторыі дзьвюх краінаў. З 2009 году яны рэгулярна праводзяцца кожныя 4 гады. Нагадаем асноўныя факты пра хаду папярэдніх вучэньняў «Захад» і пра пляны сёлетніх.

Час правядзеньня

  • «Захад-2009»: 8–29 верасьня 2009
  • «Захад-2013»: 20–26 верасьня 2013
  • «Захад-2017»: 14–20 верасьня 2017
  • «Захад-2021»: 10–16 верасьня 2021

Колькасьць удзельнікаў (паводле афіцыйных беларускіх і расейскіх крыніцаў)

  • 2009: 13 000 удзельнікаў (7 тысячаў беларускіх вайскоўцаў, 6 тысячаў расейскіх).
  • 2013: У Расеі — 9400 расейскіх і 200 беларускіх удзельнікаў, у Беларусі — 2520 расейскіх.
  • 2017: 12 700 удзельнікаў (9700 беларускіх вайскоўцаў, 3 тысячы расейскіх).
  • 2021: 13 000 удзельнікаў, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх — на тэрыторыі Беларусі. Агулам і ў Беларусі, і ў Расеі ў вучэньнях возьмуць удзел 200 тысячаў вайскоўцаў. 400 беларускіх вайскоўцаў возьмуць удзел у вучэньнях на тэрыторыі РФ.

Месцы правядзеньня вучэньняў на тэрыторыі Беларусі (палігоны)

2009

Абуз-Лясноўскі, Даманаўскі, 210-ы авіяцыйны палігон ВПС, Ружанскі войскаў СПА, авіяцыйны палігон 206-й штурмавой авіяцыйнай базы «Нёман»

2013

Берасьцейскі, Госкі

2017

Лепельскі, Барысаўскі, Ласьвідаўскі, Асіповіцкі, Ружанскі войскаў СПА, Даманаўскі.

2021 (плянуецца)

Абуз-Лясноўскі, Даманаўскі, Ружанскі, Берасьцейскі.

Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі ў Івацэвіцкім раёне
Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі ў Івацэвіцкім раёне

Месцы правядзеньня вучэньняў на тэрыторыі РФ (палігоны)

2009

Высадка марскога дэсанту на флёцкім палігоне Хмялёўка ў Калінінградзкай вобласьці. У высадцы ўдзельнічалі караблі трох флётаў: Балтыйскага, Паўночнага і Чарнаморскага. У апэрацыі было задзейнічана каля 2 тысяч чалавек асабовага складу.

2013

Хмялёўка, Праўдзінскі (Калінінградзкая вобласьць).

2017

Лускі (Ленінградзкая вобласьць), Стругі Красныя (Пскоўская вобласьць), Праўдзінскі (Калінінградзкая вобласьць).

2021 (плянуецца)

Кірылаўскі (Ленінградзкая вобласьць), Стругі Красныя (Пскоўская вобласьць), Муліна (Ніжагародзкая вобласьць), Пагонава (Варонеская вобласьць), Хмялёўка, Праўдзінскі і Дабравольскі (Калінінградзкая вобласьць), Дарагабуж (Смаленская вобласьць), Вольскі (Саратаўская вобласьць).

Начальнік генштабу Расеі Валер Герасімаў, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу на вучэньнях «Каўказ-2020»
Начальнік генштабу Расеі Валер Герасімаў, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу на вучэньнях «Каўказ-2020»

Вучэньні «Захад» і расейскія кіраўнікі

У 2009 годзе на фінальную стадыю вучэньняў у Беларусі прыехаў тагачасны прэзыдэнт РФ Дзьмітры Мядзьведзеў. 29 верасьня 2009 году ён разам з Аляксандрам Лукашэнкам наведаў 61-ю зьнішчальна-авіяцыйную базу Ўзброеных сілаў Беларусі ў Баранавічах. Падчас наведваньня вучэньняў Мядзьведзеў падараваў сыну кіраўніка Беларусі Мікалаю пазалочаны пісталет.

Дзьмітры Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка
Дзьмітры Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка

У 2013 годзе кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін наведалі фінальную стадыю вучэньняў: Лукашэнка — на Госкім палігоне ў Беларусі, Пуцін — на палігоне Хмялёўка ў РФ.

18 верасьня 2017 году прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін наведаў вучэньні на Лускім палігоне ў Расеі. 20 верасьня на фінальным этапе вучэньняў іх наведаў на Барысаўскім палігоне ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Уладзімір Пуцін вучэньні ў Беларусі тады не наведаў.

Невядома, ці наведае кіраўнік Расеі сёлета фінальную стадыю вучэньняў у Беларусі.

Юрыдычныя абмежаваньні

Дзяржавы-чальцы NATO заяўлялі, што Беларусь і Расея заніжаюць колькасьць удзельнікаў вучэньняў 2009 і 2017 гадоў. На вучэньні, у якіх удзельнічае звыш 13 тысячаў вайскоўцаў, паводле міжнародных дамоўленасьцяў належыць запрашаць замежных назіральнікаў зь вельмі шырокімі паўнамоцтвамі.

У 2009 і 2017 гадах агульная колькасьць абвешчаных удзельнікаў вучэньняў на тэрыторыі як Беларусі, гэтак і Расеі, не перавышала 13 тысячаў вайскоўцаў.

Енс Столтэнбэрг, генэральны сакратар NATO
Енс Столтэнбэрг, генэральны сакратар NATO

Напярэдадні вучэньняў 2021 году было абвешчана, што толькі на тэрыторыі Беларусі ў вучэньнях возьмуць удзел каля 13 тысячаў вайскоўцаў.

Пры гэтым агульная колькасьць удзельнікаў вучэньняў на тэрыторыі і Беларусі, і Расеі заяўленая ў памеры 200 тысячаў чалавек.

Мэты вучэньняў

2009

«Падрыхтоўка і ўжываньне Рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі для забесьпячэньня ваеннай бясьпекі Саюзнай дзяржавы»

2013

«Паводле сцэнару вучэньняў, на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праніклі экстрэмісцкія групы і бандфармаваньні, якія ставяць сваёй мэтай правядзеньне тэрарыстычных актаў і дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне. Ім аказваецца зьнешняя падтрымка ў выглядзе матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі, паставак узбраеньня і вайсковай маёмасьці.

Для стабілізацыі становішча на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ў Рэспубліку Беларусь былі апэратыўна перакінутыя падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў РФ, якія ў шчыльным узаемадзеяньні з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь мелася блякаваць і зьнішчыць умоўныя незаконныя ўзброеныя фармаваньні».

2017

«Праверка магчымасьці Расеі і Беларусі забясьпечыць бясьпеку саюзнай дзяржавы, яе гатоўнасьці да адбіцьця магчымай агрэсіі».

Арганізатары прыдумалі легенду вучэньняў, паводле якой тры «краіны-агрэсары» — Вяйшнорыя, Весбарыя і Лубенія — нападаюць на Беларусь. Вяйшнорыю разьмясьцілі ў заходняй частцы Беларусі, Весбарыю — на тэрыторыі Літвы і Латвіі, Лубенію — у Літве і Польшчы.

2021

На вучэньнях будзе адпрацоўвацца сцэнар агрэсіі супраць «саюзнай дзяржавы». Паводле легенды, міжнародныя супярэчнасьці абвастрыліся так, што пагражаюць дэстабілізацыяй абстаноўкі ў рэгіёне і агрэсіяй супраць «саюзнай дзяржавы». Пачынаецца канфлікт, падмацаваны звонку, з удзелам незаконных узброеных фармаваньняў, сэпаратыстаў і міжнародных тэрарыстаў.

Інцыдэнты падчас вучэньняў

У першы дзень вучэньняў «Захад-2017» прэсавая служба Заходняй вайсковай акругі Ўзброеных сілаў РФ паведаміла, што танкавая брыгада ў Падмаскоўі паднятая па трывозе і рушыла на Беларусь. Але пазьней беларускае Міністэрства абароны зьняпраўдзіла заявы расейскага ведамства аб перакіданьні падразьдзяленьняў.

Апазыцыйны палітык Павал Севярынец наладзіў тады дзяжурства на аршанскім чыгуначным вузьле, каб не пусьціць расейскія войскі ў Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG