Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дужыя, разумныя людзі вымушаныя гуляць у словы». Як жыве ў няволі журналіст Андрэй Скурко


Андрэй Скурко з сынам Тамашам і Паўліна Скурко

Паўліна Скурко, жонка супрацоўніка «Нашай нівы» Андрэя Скурко, расказала, чым муж займаецца ў СІЗА. Яна адзначыла, што, нягледзячы на пазытыўныя лісты з «Валадаркі», «усё максымальна ненармальна».

«Я ўяўляю сябе жонкай, якая выходзіць на бераг выглядаць карабель»

Кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай нівы» Андрэй Скурко знаходзіцца за кратамі амаль 2 месяцы.

«Нягледзячы на пэўныя нязручнасьці, гэта адно з самых захапляльных падарожжаў у маім жыцьці», — піша ён у лісьце. Андрэй прыдумаў сабе гульню, нібыта ён паплыў кудысьці ў амэрыканскія калёніі з Англіі XVII стагодзьдзя.

«А я цяпер уяўляю сябе жонкай, якая штодня выходзіць на бераг выглядаць гэты карабель. Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае ў гэтым падарожжы», — піша Паўліна Скурко.

Яна напісала мужу, што восеньню выходзяць новыя сэзоны сэрыялаў «Yellow Stoun» і «Ozark», польскія «Балота» і «Крук», а таксама трылер «Каштанавы чалавечак» паводле дацкага бэстсэлера. Ён у адказ піша, што засумаваў па нармальных сэрыялах. У камэры ёсьць тэлевізар з чатырма каналамі, але добрае кіно там паказваюць рэдка.

«Да тэлевізара, дарэчы, выпрацаваўся імунітэт: сёньня сядзеў пад самым тэлевізарам і займаўся ангельскай — і заўважыў, што зусім яго ня чую. Як тубыльцы Ніагарскі вадаспад. Ішоў сэрыял „Лясьнік“ ці штосьці падобнае», — напісаў журналіст.

Апрача вывучэньня ангельскай мовы, Андрэй з сукамэрнікамі гуляюць у «Мафію», у словы, а на прагулках — у даганялкі. «Мне трохі страшна ўяўляць, што такое даганялкі для 15 мужыкоў у малым турэмным прагулачным дворыку», — зазначае Паўліна.

Да таго ж Андрэй многа чытае, замовіў збор твораў расейскага гісторыка позьняга імпэрскага пэрыяду Васілія Ключэўскага.

«Шчасьлівы, піша, засумаваў па навуковых кнігах, няхай і ХІХ стагодзьдзя. Расказвае мне адтуль цікавосткі пра Маскву і сярэднявечныя рэспублікі», — піша Паўліна.

Малому сыну Тамашыку на чарговую дату народзінаў (1 год і 7 месяцаў) Андрэй прыслаў новы верш на паштоўцы з бабром:

Мы спыталіся ў бабра:

— Дзе, бабёр, твая нара?

— У рацэ, за балацінай,

Мая хатка і плаціна.

І падземныя хады

Аж да самае вады.

— А нашто хады капаць?

— Каб у хованкі гуляць!

Паўліна Скурко кажа, што складана тлумачыць маленькаму сыну, дзе тата.

«„Тата ў замку, на Валадарцы. Думае пра нас, прыдумляе Тамашыку новы вершык. І неўзабаве да нас прыедзе! Чым мы тату будзем карміць?“ — „Кахка (кашкай)! Пуп (суп)! Сісісісь (сасіскамі)!“ — „А куды мы зь ім пойдзем гуляць, калі ён прыедзе?“ — „Туту! Туту! Булю“. — „Так, пойдзем разам да цягнікоў і купім на ўсіх булку!“», — пераказвае размову з сынам жонка палітвязьня.

«Усё максымальна ненармальна»

Паўліна адзначыла, што зь лістоў палітвязьняў, з допісаў сваякоў, у тым ліку зь ейных уласных, складваецца ўражаньне, што настрой іх выдатны, «што яны бадзёрыя і трымаюцца як скалы».

«І гэта праўда. Але важна не падманваць сябе. Не рацыяналізаваць зло. Не шукаць сэнсу ў гэтым мораку. Ня цешыцца: муж на Валадарцы, там хаця б ёсьць дактары», — лічыць жонка палітвязьня.

На ейную думку, цяпер жахлівая сытуацыя і такога зла і рэпрэсій не было ніколі за часы незалежнасьці, у тым ліку ў суседніх краінах.

«Нашы блізкія і далёкія пакутуюць ні за што. Практычна бяз руху: спорту нуль, бо папросту няма дзе. Дужыя, разумныя, прафэсійныя людзі вымушаны гуляць у словы і ў даганялкі, каб хоць неяк сябе заняць! Андрэй і я пішам, што ўсё нармальна. Але напраўду ўсё максымальна ненармальна», — кажа Паўліна Скурко.

Справа «Нашай Нівы»

  • Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі сёлета 8 ліпеня: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
  • Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
  • «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
  • Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
  • Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
  • Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
  • Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG