Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня толькі сілавікі». Камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі падвёў вынікі за год


Людзі стаяць каля сьцяны ў Савецкім РУУС Менску, ліпень 2020 году

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі апублікаваў пятую справаздачу пра дзейнасьць беларускіх уладаў за апошні год. Паводле яе, да злачынстваў датычныя ня толькі сілавікі і «асоба, якая займае пост прэзыдэнта», а шэраг законаў памянялі, каб душыць іншадумства.

Гэты камітэт стварылі беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі як адказ на катаваньні і жорсткае стаўленьне да мірных грамадзянаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Прыводзім кароткія высновы і лічбы з гэтай справаздачы.

  • Маштаб гвалту і парушэньняў правоў грамадзян у 2020 годзе ня мае аналягаў у гісторыі сучаснай Беларусі. Адзін і той жа ўзор злачынных паводзінаў паўтараецца афіцыйнымі ўладамі са старту выбарчай кампаніі і па сёньняшні дзень. Гэта пацьвярджае арганізаваны характар дзеяньняў.
  • У злачынных дзеяньнях афіцыйных уладаў прасочваецца выразная заканамернасьць: адвольна затрымаць ці выгнаць з краіны ўсіх дэмакратычных лідэраў; адвольна і гвалтоўна затрымліваць удзельнікаў мірных пратэстаў; мэтанакіравана ствараць у месцах несвабоды бесчалавечныя ўмовы для затрыманых з палітычных матываў; нягледзячы на тое, што шматлюдных акцый пратэсту ў 2021 годзе няма, штомесяц адміністрацыйны перасьлед з палітычных матываў зазнаюць сотні людзей.
  • За тры дні, з 9 па 12 жніўня 2020 году, толькі паводле афіцыйных дадзеных затрымалі больш за 7000 мірных пратэстоўцаў. На кожным нядзельным маршы з 6 верасьня 2020 па 29 лістапада 2020 году ў Менску затрымлівалі ад 194 да 1291 чалавека. Агулам на акцыях пратэсту затрымалі больш за 35 тысяч пратэстоўцаў.
  • Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, за год у Беларусі журналістаў затрымлівалі каля 500 разоў, заблякавалі больш за 100 сайтаў. Дзесяць выданьняў спынілі выпуск. Дзясяткі журналістаў пад вартай па крымінальных справах.
  • З 14 па 16 ліпеня 2021 году ў праваабаронцаў правялі больш за 100 вобшукаў. Пад варту па крымінальных артыкулах узялі шэраг праваабаронцаў.
  • За апошні год прынамсі 19 адвакатаў, якія прадстаўлялі інтарэсы дэмакратычных лідэраў, пратэстоўцаў, журналістаў, ахвяраў катаваньняў, пазбавілі ліцэнзіі.
  • Рэпрэсіі закранулі шырокія слаі насельніцтва: журналісты, студэнты, выкладчыкі, мэдыкі, айцішнікі, адвакаты, сьвятары, рабочыя, нацыянальныя меншасьці (палякі).
  • Дачыненьне да злачынстваў супраць чалавечнасьці маюць ня толькі «асоба, якая займае пост прэзыдэнта» і сілавыя структуры, як МУС, КДБ, Сьледчы камітэт, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства абароны, але і Міністэрства замежных спраў, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства надзвычайных сытуацый, а таксама прадстаўнікі заканадаўчай і судовай уладаў.
  • У 2020-2021 прынялі шэраг законаў, каб душыць іншадумства. Так, беларуса могуць пазбавіць грамадзянства за шкоду дзяржаве, а пад шкодай, мяркуе Камітэт, можа хавацца шырокі спэктар дзеяньняў чалавека. Больш жорстка сталі караць за ўдзел у «несанкцыянаваных сходах»: штрафы вырасьлі да 200 базавых велічыняў, а тэрмін арышту — да 30 сутак. Сілавікі атрымалі права выкарыстоўваць зброю, каб падаўляць «масавыя беспарадкі», пры гэтым яны не нясуць адказнасьці за наступствы. Судзьдзі і іншыя чыноўнікі могуць зьмяніць сваю зьнешнасьць, месца працы дзеля сваёй бясьпекі. Забаранілі пісаць пра «масавае мерапрыемства» ў СМІ, пакуль няма на яго дазволу. Рабіць стрымы з такіх імпрэзаў нельга. Забаранілі зьбіраць грошы і ўсяляк дапамагаць людзям, якіх пакаралі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах». Адвакатам нельга працаваць самастойна, толькі ў складзе юрыдычных кансультацый. Пад паняцьце «экстрэмізм» пачало падпадаць больш дзеяньняў: ад «распаўсюду хлусьлівай інфармацыі пра розныя сфэры жыцьця ў Беларусі» да «абразы дзяржаўнага службоўца» і «перашкоды працы ЦВК».
  • Такім чынам, мэтанакіраваныя напады на дэмакратычных лідэраў, удзельнікаў пратэстаў, на кожнага іншадумца, — арганізаваныя, рэгулярныя і невыпадковыя.
  • У Беларусі на ўсіх дзяржаўных узроўнях ажыцьцяўляюць палітыку, якая павінна зьнішчыць любое іншадумства. Яна накіраваная на напад на грамадзянскае насельніцтва. Гэты напад — сьвядомы, а злачынцы рэжыму Лукашэнкі ведаюць, што ўдзельнічаюць у нападзе. Такую выснову камітэт робіць, у тым ліку, на падставе мэтадаў, якімі ўзьдзейнічаюць на насельніцтва, публічных падзяк Лукашэнкі іншым асобам за гэтыя напады.
  • Злачынствы супраць чалавечнасьці зьдзяйсьнялі ў выглядзе забойстваў, дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва, зьняволеньня ў турму або іншага жорсткага пазбаўленьня фізычнай свабоды, у выглядзе катаваньняў, згвалтаваньня, перасьледаў, гвалтоўнага зьнікненьня людзей і іншых бесчалавечных актаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG