Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Дзьмітры Кулакоў расказаў, як уцёк з «хіміі»


Дзьмітры Кулакоў

Мужчына ўцёк з хіміі, дзе мусіў адбываць 3,5 года пакараньня. Цяпер ён падаў дакумэнты ў Літве на статус уцекача.

Дзьмітры Кулакоў адбываў пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49 у Шклове. Яму прысудзілі 3,5 года за паведамленьні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жизни». Гэта расцанілі як «пагрозу гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі і абразу прадстаўніка ўлады», піша «Наша ніва».

У Дзьмітрыя гэта ня першая спроба ўцёкаў. Яшчэ пасьля суду ў канцы сьнежня, калі ён быў на волі пад падпіскай, мужчына зьбягаў на літоўскую мяжу. Але яго ўзялі беларускія памежнікі і перадалі раённай міліцыі. Дзьмітрыя пасадзілі ў ІЧУ, а на наступны дзень прывезьлі на «хімію». На новыя ўцёкі палітвязень адважыўся 19 ліпеня.

«Гэта быў якраз першы дзень, як я зьмяніў працу — перавёўся з грузчыка на сьлесара на камбікормавым заводзе ў Александрыі. За 15 хвілін да абедзеннага перапынку я сказаў, што трэба пайсьці памыцца, бо рукі брудныя. А пасьля паем і лягу пасплю ў будцы, бо на „хіміі“ не высыпаюся. Спаць, вядома, ня клаўся — разабраў тэлефон, адключыў шлейф ад батарэі, выкінуў сімку. Акуратна паглядзеў па баках, каб мяне ніхто ня бачыў, пераскочыў цераз плот і пабег. На працы праз паўтары гадзіны заўважылі, што мяне няма».

Кулакоў дзякуе арганізацыі Dapamoga за вываз сябе і сям’і за мяжу. Пры гэтым адзначае, што спачатку хаваўся ў Беларусі, бо маглі аб’явіць плян «Перахоп». Таксама сілавікі рабілі нібыта «выцек» інфармацыі пра тое, што жонку зьбіраюцца экстрадаваць зь Літвы ў Беларусь. Міліцыя шукала палітвязьня і дома: прыходзіла па адрасе прапіскі ў Лепель і ў Шуміліна, дзе ён жыў. Але нават сваякі ня ведалі, дзе Кулакоў. Хавацца было самым складаным для вязьня.

31 ліпеня Кулакоў разам зь яшчэ адным уцекачом апынуўся ў Літве.

«Перайшлі мяжу, зайшлі ў найбліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара, каб ён выклікаў памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх. Падумаў, раптам гэта заблудзілі грыбнікі. Мы сказалі, што літоўскіх. Прыехалі памежнікі і забралі нас на заставу, дзе мы правялі шэсьць дзён».

У першыя дні два беларускія ўцекачы дапамагалі літоўскім памежнікам разгружаць прадукты, рамантаваць ложкі і разьмяшчаць мігрантаў з Азіі і Афрыкі ў намётавым лягеры.

Дзьмітры чуў, што на «хіміі» пасьля яго ўцёкаў «крыху адпусьцілі гайкі». Ён апавядае, што большасьць вязьняў у Шклове адпраўляюць працаваць у калгасы, некаторых бяруць прыватныя фірмы на перапрацоўку другаснай сыравіны, хтосьці разгружае склады ў райпа. Сам Дзьмітры да пераводу на камбінат працаваў на пілараме.

«Заробкі — 500-600 рублёў у лепшым выпадку. Гэта калі ў цябе няма штрафаў і пазоваў. Я за паўгода атрымаў на рукі каля 630 рублёў, астатняе пайшло на аплату адміністрацыйных штрафаў: за 9 жніўня, калі я нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, за фота зь пікету са сьцягам у сацсетках, плюс штраф за спробу незаконнага пераходу мяжы».

Таксама Кулакоў са свайго побыту на «хіміі» ўспомніў, што іх прымушалі глядзець дзяржаўныя тэленавіны і прафіляктычныя фільмы — у асноўным пра шкоду наркотыкаў, алькаголю, ролю сям’і.

«Некаторых у горад адпускаюць на 4 гадзіны. Самому без дазволу нельга выходзіць. Калі па дарозе з працы адхілісься ад маршруту, могуць палічыць за парушэньне».

Цяпер Дзьмітры Кулакоў падаў дакумэнты ў Літве на наданьне статусу ўцекача.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG