Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год з дня сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. Як гэта было


Каля месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага 15 жніўня 2020 году

Ад вэрсіі пра выбух самаробнай прылады да відэа з момантам забойства сілавікамі.

Жыхар Менску Аляксандар Тарайкоўскі загінуў падчас пасьлявыбарных пратэстаў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская» увечары 10 жніўня. Праз год пасьля забойства вінаватыя ў ягонай сьмерці застаюцца невядомымі і беспакаранымі.

«Неўстаноўленая выбуховая прылада»

Аляксандар Тарайкоўскі
Аляксандар Тарайкоўскі

Чуткі пра першую сьмерць сярод пратэстоўцаў зьявіліся ў Менску ўжо ўдзень 10 жніўня. Праз адсутнасьць стабільнага інтэрнэту і вялікую колькасьць падзей праверыць іх атрымалася не адразу. Пазьней яны не пацьвердзіліся.

Позна ўвечары 10 жніўня пра гібель аднаго з удзельнікаў пратэстаў афіцыйна паведаміла прэс-служба МУС.

«Сёньня, 10 жніўня, каля 23:00, падчас масавых беспарадкаў у Менску на праспэкце Прытыцкага натоўп будаваў барыкады для блякаваньня руху, — гаварылася ў паведамленьні, апублікаваным ужо праз паўгадзіны пасьля сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. — Падчас супрацьстаяньня са спэцназам, які прыбыў для дэблякаваньня плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём».

Імя загінулага стала вядомае ўжо 12 жніўня. Тады ж відавочцы падзей расказалі журналістам парталу Tut.by, што ня бачылі ў руках Тарайкоўскага выбуховай прылады. А загінуў ён пасьля расстрэлу сілавікамі, калі стаў насупраць іх з узьнятымі ўгару рукамі.

Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава ніяк не камэнтавала гэтых сьведчаньняў. Афіцыйная вэрсія дапоўнілася толькі тым, што загінулы ў мінулым адбываў пакараньне за кратамі за забойства.

Фота і відэа з момантам сьмерці

Празь некалькі дзён пасьля падзей родныя Аляксандра Тарайкоўскага змаглі даведацца афіцыйную прычыну сьмерці ад мэдыкаў — адкрытая рана грудной клеткі зь вялікай стратай крыві. Тады ж агенцтва Assosiated Press апублікавала фота і відэа, на якім, як мяркуецца, зафіксаваны момант сьмерці Тарайкоўскага.

На гэтых кадрах відаць, што чалавек, падобны да Аляксандра Тарайкоўскага, спачатку стаіць насупраць шэрагу сілавікоў, а пасьля падае на асфальт з ранай грудной клеткі. Ніякіх выбуховых прыладаў, як і іншай зброі, у яго ў руках пры гэтым няма.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

Ні прэс-служба МУС, ні іншыя сілавыя структуры ніякім чынам апублікаваных кадраў не камэнтавалі. Тэлеграм-канал Conflict Intelligence Team апублікаваў падрабязны разбор фота і відэакадраў забойства.

Пахаваньне

Пахаваньне Аляксандра Тарайкоўскага адбылося ў суботу 15 жніўня, на месца ягонай сьмерці ля мэтро «Пушкінская» прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Родныя нябожчыка зладзілі разьвітальную цырымонію ў рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага, куды прасілі не прыходзіць людзей, аднак ля залі сабралася каля 800 чалавек.

Людзі, якія прыйшлі да рытуальнай залі, каб разьвітацца з Аляксандрам Тарайкоўскім
Людзі, якія прыйшлі да рытуальнай залі, каб разьвітацца з Аляксандрам Тарайкоўскім

На месцы гібелі Аляксандра ўтварыўся стыхійны мэмарыял, які 15 жніўня наведалі сярод іншых Марыя Калесьнікава, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі, Макс Корж і іншыя вядомыя людзі.

Людзі каля народнага мэмарыяла Тарайкоўскаму 15 жніўня 2020, фота ©Shutterstock
Людзі каля народнага мэмарыяла Тарайкоўскаму 15 жніўня 2020, фота ©Shutterstock

Пахавалі Тарайкоўскага на Заходніх могілках. Стыхійны мэмарыял на месцы яго сьмерці неаднаразова зьнішчалі камунальныя службы. Надпісы «Не забудзем» на ходніках засыпалі сольлю.

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

  • Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
  • Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
  • Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Нягледзячы на гэта, кветкі на месцы сьмерці першай ахвяры супрацьстаяньня жыхароў Менску зь сілавікамі пэрыядычна зьяўляюцца і праз год пасьля гібелі Тарайкоўскага.

Афіцыйнае расьсьледаваньне

Тое, што Аляксандар Тарайкоўскі загінуў не ад выбуху невядомай прылады, а ад агнястрэльнага раненьня, тагачасны міністар унутраных спраў Юры Караеў прызнаў толькі 16 жніўня. У студзені 2021 году ініцыятыва ByPol апублікавала аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу былога кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова, прызнае факт гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ад стрэлу сілавіка.

Паралельна з гэтымі падзеямі Сьледчы камітэт праводзіў праверку па факце гібелі чалавека. Яна скончылася 19 лютага 2021 году. У СК прызналі, што Аляксандар Тарайкоўскі загінуў ад стрэлу супрацоўніка ўнутраных органаў, аднак адначасова заявілі, што праваахоўнікі дзейнічалі ў межах закону і, адпаведна, у завядзеньні крымінальнай справы неабходна адмовіць.

«Калі не пры гэтай уладзе, то калі-небудзь вінаваты ў гібелі Сашы будзе пакараны, — сказала з нагоды сьмерці мужа ўдава Аляксандра Тарайкоўскага Алена Герман у размове з журналістамі DW. — Відавочна, цяпер гэтага проста не дадуць зрабіць».

Неўзабаве пасьля сьмерці Тарайкоўскага быў абвешчаны збор сродкаў для дапамогі яго грамадзянскай жонцы і дачцэ. Агулам людзі пералічылі Алене Герман каля 4,5 тысячы даляраў. Вясной 2021 году ўлады запатрабавалі ад Герман аплаціць падатак з гэтай сумы.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG