Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыпаваньне, аўтызм і змовы. Што такое інфадэмія і як дэзынфармацыя шкодзіць людзям


Пратэст супраць вакцынацыі ў Грэцыі, Тэсалёнікі, 21 ліпень 2021

У сьвеце працягваюцца пратэсты супраць вакцынацыі. Тысячы людзей выходзяць на вуліцы ў Францыі і Грэцыі. Людзі пратэстуюць і супраць абмежаваньняў, і супраць саміх вакцын. Яны баяцца новага леку і яго наступстваў ня менш, чым самога вірусу.

Сусьветная арганізацыя здароўя лічыць, што разам з пандэміяй у сьвеце цыркулюе інфадэмія. Што гэта такое — у матэрыяле тэлеканалу «Настоящее время».

Праваслаўныя іконы і крыжы — так прайшоў мітынг у Атэнах. На плякатах напісана: «Рукі прэч ад нашых дзяцей». Жыхары Атэнаў выступаюць супраць вакцынацыі дзяцей і падлеткаў. Мітынг быў на гэтым тыдні і скончыўся сутыкненьнямі з паліцыяй. Яшчэ больш маштабныя пратэсты ў гэтыя дні ідуць у Парыжы.

«Яны могуць мяне звольніць, мне ўсё роўна. Нас, якія ня хочуць вакцынавацца, могуць звольніць», — кажа адна з удзельніц мітынгу ў Парыжы.

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон 12 ліпеня абвясьціў абавязковую вакцынацыю для мэдычных працаўнікоў. Людзі адказваюць пратэстамі.

Чаму? Чаму падчас пандэміі такая відавочная і разумная мера як вакцынацыя выклікае супраціў у самых розных краінах? Таму што ў сьвеце бушуе ня толькі эпідэмія каранавірусу. Разам зь ёй імкліва і няўмольна распаўсюджваецца інфадэмія.

Гэта ўстойлівы тэрмін Сусьветнай арганізацыі здароўя і ААН. Паток ілжывых чутак, неправераная або адмыслова скажоная інфармацыя, прасоўваньне альтэрнатыўнага і недаказанага лячэньня, празьмерная колькасьць інфармацыі. Усё гэта ўплывае на кожнага з нас. Але адны супраціўляюцца, а іншыя — становяцца ахвярамі. Інфадэмія забірае жыцьцё людзей.

«Падчас пандэміі COVID-19 дэзынфармацыя прывяла да таго, што людзі адмаўляліся ад нашэньня масак ва ўмовах падвышанай рызыкі. Яны адмаўляліся ад правераных мэтадаў лячэньня і адмаўляліся ад вакцынацыі. Гэта прывяло да захворваньняў і сьмерцяў, якія можна было прадухіліць. Прасьцей кажучы, дэзынфармацыя каштавала нам жыцьцяў людзей», — кажа галоўны санітарны лекар ЗША Вівэк Мурты.

Больш за палову амэрыканцаў, якія адмаўляюцца ад вакцыны, вераць у тэорыю змовы аб тым, што фэдэральны ўрад ці ўмоўны Біл Гейтс спрабуюць мікрачыпаваць насельніцтва, у выніку апытаньня высьветлілі часопіс The Economist і брытанская фірма аналізу зьвестак YouGov. У ім бралі ўдзел усяго 1500 чалавек. Паводле апытаньня YouGov, сярод 1500 дарослых, кожны пяты амэрыканец верыць у тэорыю змовы; 14% кажуць, што ня ўпэўненыя, а 66% ня вераць.

У славутыя мікрачыпы вераць і амэрыканцы, і многія расейцы. Напрыклад, заслужаны рэжысэр Мікіта Міхалкоў зьняў пра гэта цэлы фільм.

«Тыя, хто кіруе гэтымі чыпамі, маюць поўную магчымасьць вамі кіраваць», — кажа ён.

Сам Міхалкоў, дарэчы, чыпаваўся. Якой вакцынай — мы ня ведаем.

Падобныя фільмы выходзяць і ў іншых краінах. І робяць іх людзі, якія выклікаюць давер. Напрыклад, у Францыі ў 2020 годзе выйшаў фільм «Рабаваньне». Пакуль фільм ня выдалілі з YouTube, ён зьбіраў мільёны праглядаў. Ім падзялілася нават знакамітая акторка Сафі Марсо.

У «Рабаваньні» сьцьвярджаецца, што існуе глябальны змова сусьветных элітаў з мэтай кантролю над грамадзянамі з дапамогай пандэміі каранавірусу. «Рабаваньне» зьняў былы журналіст П’ер Барнэрыяс. Грошы на праект ён сабраў праз краўдфандынг. У фільме сабраны думкі звычайных грамадзян і вядомых людзей, у тым ліку былога міністра аховы здароўя Францыі Філіпа Дуст-Блязі, які з таго часу, праўда, дыстанцыяваўся ад праекту.

«Рабаваньне» выкрывалі заслужаныя экспэрты і людзі, якія правяралі факты. Але карэспандэнты францускага выданьня Le Figaro перадавалі з апошніх мітынгаў: у натоўпе па-ранейшаму абмяркоўваюць, што пандэмія «была сплянаваная загадзя» і «усё гэта робіцца для таго, каб зарабіць грошы для лябараторый».

Нароўні з тэорыяй мікрачыпаў, якія ў людзей ужыўляюць разам з вакцынай, і змовы фармацэўтычных карпарацый, існуюць памылковы меркаваньні, што вакцыны зьмяняюць нашу структуру ДНК, выклікаюць аўтызм, ну ці проста забіваюць. Уся гэтая «інфармацыя» цыркулюе ў сацсетках.

Амэрыканскі Цэнтар барацьбы зь лічбавай нянавісьцю высьветліў, што ў амэрыканскім сэгмэнце Твітэру і Фэйсбуку вялікая частка дэзынфармацыі зыходзіць усяго ад 12 чалавек. Справаздачу, якую апублікавала арганізацыя ў траўні, на гэтым тыдні цытаваў Белы дом і сам прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

Сярод гэтых 12 апанэнтаў вакцынацыі ёсьць знакамітыя астэапаты, блогеры, хірапрактыкі, былыя бодыбілдэры і нават Робэрт Фрэнсіс Кэнэдзі-малодшы. Адвакат, радыёвядоўца і чалавек са знакамітай сямʼі Кэнэдзі. Усе гэтыя людзі кіруюць прадпрыемствамі ці арганізацыямі, якія распаўсюджваюць матэрыялы супраць вакцынацыі. Паводле дасьледаваньня, яны адказваюць за 70 адсоткаў усяго кантэнту супраць вакцын у Фэйсбуку і зарабляюць мільёны даляраў.

У гэтай гісторыі ёсьць два пацешныя моманты. Па-першае, у дакладзе сказана, што 12 апанэнтаў вакцынацыі сустрэліся ў кастрычніку 2020 году, каб «цынічна сплянаваць сваю стратэгію». Што само па сабе падобна на тэорыю змовы. А па-другое, гэтыя праціўнікі вакцынацыі ахвотна атрымлівалі для сваіх кампаній фэдэральныя грошы праз праграмы дапамогі бізнэсу падчас каранавірусу. 19 ліпеня пра гэтых людзей загаварыў Джо Байдэн:

«Фэйсбук не забівае людзей. Гэтыя 12 чалавек распаўсюджваюць дэзынфармацыю. Любы, хто яе слухае, атрымлівае шкоду. Гэта забівае людзей», — сказаў Байдэн.

Як жа змагацца з інфадэміяй? Рэкамэндацыі дае Сусьветная арганізацыя здароўя. Гэтым можа займацца і дзяржава, і асобныя грамадзяне. Па-першае, над апанэнтамі вакцыны ня трэба сьмяяцца. Трэба з павагай выслухаць людзей і зразумець, чаго яны на самай справе баяцца, якой інфармацыі ім не хапае.

Па-другое, ім трэба гэтую інфармацыю даць. І тут неабходныя кампаніі інфармаваньня насельніцтва. Для яе дзяржавы могуць выкарыстоўваць і СМІ, і тыя ж сацсеткі. Плюс людзям патрэбны доступ да спэцыялістаў, якія пісьменна і даступна ўсё пра вакцыну раскажуць. Напрыклад, тыя ж тэрапэўты ў паліклініках.

Па-трэцяе, трэба далучаць да інфармацыйных кампаній лідэраў меркаваньняў — гэта не абавязкова павінны быць супэр-зоркі. Такім чалавекам можа быць і лекар, і сьвятар, і блогер. Чалавек, якога паважае канкрэтная група людзей. Чым больш здаровай інфармацыі атрымаюць людзі, тым хутчэй скончыцца інфадэмія.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG