Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыцягненьне вайскоўцаў, блякаваньне інтэрнэту. Лукашэнка падпісаў законы аб «надзвычайным становішчы»


Лукашэнка дазволіў прыцягваць армію для здушэньня пратэстаў

Некаторыя нормы распрацаваныя з улікам досьведу рэагаваньня на падзеі ў 2020 годзе.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

У адпаведнасьці з дакумэнтам уносяцца папраўкі ў закон «Аб надзвычайным становішчы», паведамляе лукашэнкаўская прэс-служба.

Падставай для ўвядзеньня надзвычайнага становішча (акрамя стыхійных бедзтваў і катастроф) зьяўляецца наяўнасьць беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узьнікае небясьпека для жыцьця і здароўя людзей, тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньня дзяржавы.

Як гаворыцца ў тлумачэньні, раней не было вызначана, што менавіта лічыцца беспарадкамі, і гэта спараджала неадназначнае разуменьне падставаў для ўвядзеньня надзвычайнага становішча, асабліва калі беспарадкі не зьяўляюцца відавочна масавымі.

Таму ў дакумэнце канкрэтызуецца, што да беспарадкаў адносяцца спробы гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваеньня ўлады, збройны мяцеж, масавыя беспарадкі, міжнацыянальныя і міжканфэсійныя канфлікты.

Новым законам таксама ўдакладняецца пералік магчымых захадаў і абмежаваньняў пры ўвядзеньні надзвычайнага становішча. Удакладняецца, што гэтая норма распрацавана з улікам досьведу рэагаваньня на падзеі ў 2020 годзе.

  • Так, пералік дапаўняецца прыпыненьнем выпуску і распаўсюду прадукцыі СМІ (у тым ліку замежных),
  • усталяваньнем асаблівага парадку акрэдытацыі журналістаў, абмежаваньнем доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў.
  • Удакладняюцца паўнамоцтвы камэнданта тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча.
  • Пашыраецца кола сілавых органаў, якія прыцягваюцца да забесьпячэньня рэжыму надзвычайнага становішча, за кошт уключэньня ў іх лік ваенізаваных арганізацый. Гэта дазволіць на «поўных законных падставах» задзейнічаць сілы і сродкі Міністэрства надзвычайных сытуацый, Сьледчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
  • Задачы, якія выконваюць пералічаныя органы, дапоўненыя спыненьнем беспарадкаў, забесьпячэньнем аховы грамадзкага парадку.
  • Акрамя таго, прыцягненьне вайскоўцаў для вырашэньня задач у складзе дзяржаўнай сыстэмы рэагаваньня замацоўваецца ў законе «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь». Акрэсьліваюцца задачы: барацьба з тэрарызмам, ахова грамадзкай бясьпекі, спыненьне масавых беспарадкаў, гарантаваньне бясьпекі важных асобаў і аб’ектаў.

У законы «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы» імплемэнтуюцца нормы прэзыдэнцкага дэкрэту № 2 ад 9 траўня «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG