Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адваката Антона Гашынскага, які бараніў Шклярава, Аляксандрава і Сапегу, пазбавілі ліцэнзіі


Адвакат Антон Гашынскі

Адваката Антона Гашынскага, які бараніў палітвязьняў Віталя Шклярава, Андрэя Аляксандрава і іншых, пазбавілі ліцэнзіі.

Кіроўнага партнэра адвакацкага бюро «Маслаў, Гашынскі і партнэры» Антона Гашынскага, які працаваў у беларускай адвакатуры з 2004 году, пазбавілі ліцэнзіі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Нашай нівы».

Антон Гашынскі абараняў палітоляга Віталія Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава, супрацоўнікаў IT-кампаніі PandaDoc, аўтара ютуб-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага, апошнім часам — затрыманую разам з Пратасевічам расейскую грамадзянку Соф’ю Сапегу, выкладчыцу БДІУР у «справе студэнтаў» Вольгу Філатчанкаву.

Раней Міністэрства юстыцыі паведаміла Антону Гашынскаму, што на паседжаньні Кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі 14 ліпеня разгледзяць пытаньне аб спыненьні дзеяньня спэцыяльнага рашэньня (ліцэнзіі) на права ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці, выдадзенага Гашынскаму 25 чэрвеня 2004 года.

Прычына — «сыстэматычныя парушэньні патрабаваньняў і ўмоў ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці, устаноўленых заканадаўствам».

Напярэдадні старшыня дысцыплінарнай камісіі БРКА Тацяна Ткачонак, у апублікаванай на сайце камісіі заяве, пракамэнтавала выключэньне 5 адвакатаў з прафэфійнай суполкі.

«Сваё стаўленьне да прымененых да іх дысцыплінарных спагнаньняў асобныя — ужо былыя — адвакаты выказвалі публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і іншых інтэрнэт-рэсурсах. Іх камэнтары не адпавядалі рэчаіснасьці: скажалася пазыцыя дысцыплінарнай камісіі альбо сытуацыя падавалася неаб’ектыўна ў цэлым», — заявіла Тацьцяна Ткачонак.

За апошнія месяцы Міністэрства юстыцыі ўжо пазбавіла ліцэнзіі шэраг адвакатаў. Сярод іх абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандар Пыльчанка і абаронца Калеснікавай Людміла Казак, адвакат Сяргей Зікрацкі, які бараніў журналістак «Белсату», Андрэй Барташэвіч і Алена Шынкарэвіч і іншыя.

Менская гарадзкая калегія адвакатаў выключыла са свайго складу абаронцу Віктара Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG