Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я заставалася ўнутрана свабодным чалавекам». Першае інтэрвію журналісткі Барысевіч пасьля паўгода ў турме. Відэа, фота

абноўлена

Кацярына Барысевіч, першыя хвіліны на волі

Раніцай 19 траўня пасьля паўгода ў турме вызвалілі журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч. За тры дні да заканчэньня тэрміну яе этапавалі з Магілёва ў калёнію ў Гомлі.

Пад праліўным дажджом яе сустракалі сябры і калегі-журналісты. Пацікавіліся, як прайшла апошняя ноч перад вызваленьнем.

«Хаця б добра выспалася, бо раней не ўдавалася. Я загадзя ведала, што буду рана вызваляцца, і недзе ад 4-5-й раніцы чакала, што апынуся на волі, — выпраменьвае добры настрой Кацярына. — Самаадчуваньне добрае: да таго перахварэла, а пасьля зноў займалася спортам, танцавала. Гадзіну на дзень дыхала паветрам, усё нармальна».

Першай справай хочацца абняць дачку, усіх блізкіх і родных, зьесьці маміных сырнікаў і баршчу, пералічвае пажаданьні Кацярына Барысевіч.

«А больш за ўсё хочацца паехаць у сваю вёску і вырошчваць кветкі. Дарэчы, у калёніі тры дні была на карынтыне і папрасіла сабе хоць нейкую працу. Мне далі высаджваць календулы і валошкі. Перасаджвала з адной скрыні ў другую і атрымала надзвычайнае задавальненьне. Хочацца бліжэй да прыроды».

Што азначае жоўтая нашыўка

З калёніі Кацярына выйшла з жоўтай нашыўкай на майцы, на якой напісана яе прозьвішча. Так пазначалі «палітычных»?

«Гэта значыць толькі тое, што я, Кацярына Барысевіч, была ў калёніі — такая зонаўская форма, — патлумачыла журналістка. — Я яе нават сама прышывала. Наогул на гэтыя тры дні мне выдалі даволі сымпатычную ружовую сукенку ў кветачкі, пінжак, касынку, ватоўку на выпадак, калі будзе холадна, і чаравічкі».

Жоўтая бірка асуджанай журналісткі
Жоўтая бірка асуджанай журналісткі

800 лістоў з волі

Яна дадае, што працэдура афармленьня заняла досыць працяглы час — трэба было сабраць усе лісты, а іх за паўгода Кацярына атрымала ня меней за 800.

Напярэдадні яе месца працы — рэдакцыя парталу Tut.by — фактычна разграмілі. Офіс заблякавалі, многіх супрацоўнікаў дапыталі і затрымалі. Пра сам факт яна даведалася ад адваката, але ніякіх падрабязнасьцяў ня ведае — як і тое, калі і якім чынам вяртацца да працы.

Як праходзілі этапы

Таксама высьветлілася, што з Жодзіна ў Магілёў, а потым далей у Гомель Кацярыну перавозілі ў кайданках.

«Не магу сказаць, што да мяне было нейкае асаблівае стаўленьне, наадварот, супрацоўнікі былі максымальна карэктныя. Але ў мяне была карычневая картка як у асуджанага, схільнага да экстрэмізму. Усіх такіх зьняволеных этапуюць аналягічным чынам. Дарэчы, са мной былі дзьве жанчыны, асуджаныя за забойства на тэрміны 9-10 гадоў. Яны потым жартавалі, што ехалі звычайна, спакойна, а „экстрэмістаў“ кшталту мяне закоўваюць у кайданкі. Нічога, прайшла і гэты этап».

Пра сваю справу

Кацярына Барысевіч закранула і наступствы свайго артыкулу на Tut.by, які прывёў да такога сур’ёзнага пакараньня. Нагадаем, у яе матэрыяле лекар шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Арцём Сарокіну аспрэчыў абвінавачаньні, што забіты актывіст Раман Бандарэнка быў п’яны. Сьледзтва палічыла інфармацыю разгалошваньнем мэдычнай таямніцы.

«Я 15 гадоў у журналістыцы і нічога падобнага не чакала, — прызнаецца яна. — Думаю, ніводзін журналіст на маім месцы ня мог прадбачыць, што, па сутнасьці, звычайны артыкул прывядзе цябе за краты. Не, вядома, такога павароту не прадбачыла».

Пра ўнутраную свабоду і ўласны сьвет у турме

Кацярына расказала, што ў зьняволеньні старалася ня плакаць, хоць сьлёзы на вачах часам і зьяўляліся:

«У мяне быў момант, калі я, можа, і хацела б паплакаць, у першы дзень. Але, пабачыўшы ў камэры студэнтаў 19 гадоў, гэтых дзяцей (маёй дачцэ 18 гадоў), я зразумела, што гэта ня мой варыянт. Я плакаць дакладна ня буду. Нават у турме ёсьць добрыя, можна нават сказаць шчасьлівыя дні. Гэта не таму, што нехта стварае табе такія ўмовы. Калі ты хочаш атрымліваць хоць нейкае задавальненьне ад гэтага жыцьця, яно вось такое ў цябе цяпер, то я брала максымум, што магла ўзяць».

Кацярына на сваім месяцы ў зьняволеньні раскладвала паштоўкі зь відамі Італіі, нейкія наклейкі, кубак кавы — што мела, і стварала свой уласны сьвет:

«І ў гэтым сьвеце, разумеючы, што я знаходжуся ў калёніі, я разумела, што тое, як я сябе буду адчуваць, залежыць толькі ад мяне. Таму танцы, песьні, добры настрой у нас быў заўжды. Мяне пазбавілі свабоды, але ўнутры я была свабодным чалавекам заўсёды».

На бліжэйшы час Кацярына Барысевіч заплянавала сабе адпачынак, каб пасьпець адчуць вясну, пабачыць сваякоў і сяброў. Бо мысьліць доўгатэрміновымі катэгорыямі — што будзе далей — у сучаснай Беларусі складана, падсумавала яна.

У канцы яна падзякавала ўсім, хто цягам апошняга паўгодзьдзя выказваў ёй падтрымку і салідарнасьць.

Як Кацярыну Барысевіч сустракалі дома, у Менску

З дачкой
З дачкой

Перасьлед Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна

Крымінальную справу на Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна распачалі летась 19 лістапада. Іх абвінавацілі ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што, на думку Генэральнай пракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы.

За тыдзень да таго за аўтарствам Кацярыны Барысевіч на партале выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на мэдычныя дакумэнты і каментар лекара сьцьвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Пры гэтым першыя асобы дзяржавы заяўлялі, што памерлы хлопец быў п’яны.

У выніку журналістку пакаралі пазбаўленьнем волі на 6 месяцаў калёніі і 100 базавых велічынь штрафу. Мэдыка асудзілі да 2 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых велічынь. Яго вызвалілі ў зале суду.

Генпракруратура спрабавала аспрэчыць «занадта мяккі» прысуд Кацярыне Барысевіч, але суд вышэйшай інстанцыі хадайніцтва не задаволіў.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG