Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпляматычнай службы ЭЗ: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі маюць прыняць «у найбліжэйшыя тыдні»


Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў міжнародных справах Жузэп Бурэль у Брусэлі 10 траўня 2021.

Чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ супраць уладаў Беларусі будзе прыняты «у найбліжэйшыя тыдні», паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк са спасылкай на вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў міжнародных справах Жузэпа Бурэля.

«Рэжым у Беларусі працягвае рэпрэсіі і запалохваньне сваіх грамадзян, сёньня польская абшчына стала мішэньню яго акцый. Мы разглядаем наступны пакет санкцый, які, я спадзяюся, будзе прыняты на працягу некалькіх тыдняў», – сказаў Бурэль па выніках пасяджэньня кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу ў Брусэлі.

Тыдзень таму стала вядома, што чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ супраць кіраўніцтва Беларусі ня будзе гатовы да саміту Рады Эўразьвязу ў замежных справах 10 траўня.

Прычына ў тым, што паміж краінамі — сябрамі Эўразьвязу працягваюцца дыскусіі вакол таго, хто павінен быць у санкцыйным сьпісе і наколькі санкцыі павінны быць маштабнымі, патлумачыў тады прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана.

Ён падкрэсьліў, што Эўразьвяз заклікае ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і ўключыцца ў інклюзіўны агульнанацыянальны дыялёг для пошуку выхаду зь цяперашняга крызісу, каб правы народу былі выкананыя, а ягоны голас і выбар адносна кіраўніцтва краінай быў пачуты.

  • Першы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз увёў 2 кастрычніка 2020 году.
  • Пасьля сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 сьнежня адпаведна.
  • Адметнасьцю трэцяга пакету стала тое, што, акрамя пэрсаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
  • Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага сьпісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.
  • Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЭЗ — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага сьпісу.
  • Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG