Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліне Шарэндзе-Панасюк выставілі абвінавачаньне і трэці раз зьмясьцілі ў карцар СІЗА


Паліна Шарэнда-Панасюк

Яе муж Андрэй Шарэнда перакананы, што гэта пагражае здароўю і жыцьцю Паліны.

Зьняволенай актывістцы Паліне Шарэндзе-Панасюк выставілі абвінавачваньне. Пра гэта паведаміў Свабодзе яе муж Андрэй. Берасьцейку, якая ўжо больш за 4 месяцы знаходзіцца ў СІЗА № 7, вінавацяць у абразе Лукашэнкі, абразе прадстаўніка ўлады ды гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту над міліцыянтам.

Трэці раз пакаралі карцарам і ўзялі на прэвэнтыўны нагляд

Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк трэці раз цягам 1,5 месяца зьмясьцілі ў карцар Берасьцейскага сьледчага ізалятару. Пра гэта Свабодзе паведаміў муж Паліны Андрэй Шарэнда, які называе такія дзеяньні адміністрацыі СІЗА катаваньнямі.

Паводле яго, Паліна Шарэнда-Панасюк праз адваката перадала, што ў Берасьцейскім СІЗА на яе псыхалягічна і фізычна ціснуць:

«Зь яе мінулага адбываньня арышту ў карцары прайшло каля 10 дзён. Адвакат паведаміў, што цяпер ёй, магчыма, далі нават ня 10 дзён карцару, а ўдвая больш, — кажа Андрэй Шарэнда. — Колькі часу яна там будзе, невядома. Могуць наступныя 10 дзён троху адтэрмінаваць, а можа, адразу 20 будзе сядзець».

Андрэй паведаміў, што ягоную жонку ў СІЗА раней паставілі пад «прэвэнтыўны нагляд». Цяпер любое, нават дробнае парушэньне правілаў аўтаматычна накладае на яе пакараньне карцарам.

«Карцар — гэта ж падвальнае памяшканьне, халоднае і безь сьвятла. Цяпер, калі ацяпленьне адключылі, там вельмі холадна, — кажа муж Паліны.

Андрэй даведаўся, што Паліне ўжо больш за месяц не перадаюць лекаў і вітамінаў:

«Яна піша заявы з просьбай, а мэдычны пункт проста адхіляе, пішучы, што „ў гэтых леках няма неабходнасьці“. Як муж магу сказаць, што Паліну катуюць у СІЗА. Цяпер існуе рэальная пагроза яе здароўю і нават жыцьцю».

Апрача таго, Андрэй зьвярнуў ўвагу на пагаршэньне ліставаньня: ад Паліны ўжо некалькіх месяцаў не прыходзяць лісты.

Як і за што перасьледуюць берасьцейскую актывістку

3 студзеня 2021 году ў доме Шарэндаў адбыўся ператрус. Андрэй лічыць, што гэта была загадзя сплянаваная правакацыя, каб затрымаць Паліну. Па яго словах, супрацоўнікі міліцыі адразу пачалі грукаць у дзьверы. У хаце была Паліна з малодшым сынам (Андрэй у той момант адбываў адміністрацыйны арышт. — РС). Празь некалькі хвілін прайшлі амапаўцы і пачалі молатам выбіваць дзьверы. Па словах Андрэя, Паліна, як кожная маці, хацела абараніць дзіця, таму старалася не прапусьціць міліцыянтаў у калідор. Патрабавала, каб яны зьнялі маскі. Яны ж паспрабавалі яе адштурхнуць. Пасьля інцыдэнту супраць Паліны распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца пад вартай з 3 студзеня. 23 лютага зь берасьцейскага СІЗА актывістку накіравалі на мэдычную экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках пад Менскам. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА № 6 і ў менскім СІЗА № 1.

4 траўня жанчыне выставілі абвінавачваньне адразу ў трох крымінальных артыкулах — 368 КК (абраза прэзыдэнта), 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК (пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі).

«Паліна зьбіралася знаёміцца са справай, але цяпер яна знаходзіцца ў карцары, таму гэты працэс альбо прыпыніцца, альбо зацягнецца надоўга, — кажа Андрэй. — Тым больш што Паліна месяц таму перадавала заяву пра катаваньні ў Берасьцейскім СІЗА.

Зразумела, што кіраўніцтву гэта ня вельмі спадабалася. Заяву ўжо пераслалі ў камітэт ААН, таму цяпер адміністрацыя СІЗА проста ёй помсьціць і стварае невыносныя ўмовы».

Палітзьняволенай не прызналі

Маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк дагэтуль не прызналі палітзьняволенай. Яе муж лічыць, што Паліне адмаўляюць у праве на абарону.

«Нашым праваабаронцам трэба, каб былі афіцыйныя дакумэнты. Але ж гэта проста бюракратыя. Мне такая пазыцыя праваабаронцаў незразумелая. „Дэ-факта“ яны прызнаюць Паліну палітвязьнем, але „дэ-юрэ“ чакаюць прысуду, каб атрымаць паперы і пабачыць абвінавачаньне. У краіне, дзе прававы дэфолт, абапірацца на афіцыйныя дакумэнты — гэта ненармальна».

Праваабаронца з «Вясны» Валянцін Стэфановіч адказаў на просьбу Андрэя Шарэнды аб наданьні ягонай жонцы статусу палітзьняволенай:

«Ва ўсіх справах, якія датычаць гвалту, мы чакаем суду. Ёсьць адно выключэньне – самаабарона. Але гэта можна ацаніць толькі ў судзе. У тым ліку на падставе аналізу паказаньняў абвінавачанага і пацярпелых. Мы ня ведаем якая там была сытуацыя, а самі дадумваць нешта ня будзем. Тым больш у гэтым выпадку, бо ўсё адбывалася ў кватэры. У нас ёсьць свае падыходы і прынцыпы. У тым ліку яны замацаваныя ў крытэрах прызнаньня палітвязьнямі, якімі мы і кіруемся».

Андрэй Шарэнда мяркуе, што ў Беларусі цяпер «ідзе грамадзянская вайна супраць вольнага грамадзтва, масавыя рэпрэсіі і кіравацца крытэрамі, якія былі вызначаныя 10 гадоў таму, несправядліва».

Берасьцейская Жана д’Арк

У Беларусі актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк называюць берасьцейскай Жаннай Д’Арк. Разам з мужам Андрэем яна доўгі час удзельнічала ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны: у акцыях пратэсту, выбарчых кампаніях незалежных кандыдатаў у прэзыдэнты. За гэта сям’я Шарэндаў сутыкнуліся зь перасьледам з боку ўладаў, іх ня раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

У 2017 годзе сужэнцы актыўна выступалі супраць дэкрэту аб дармаедзтве, за гэта Андрэя двойчы затрымлівалі (ён адседзеў 30 дзён арышту). Супраць актывістаў таксама завялі крымінальную справу «за абразу прэзыдэнта».

На парлямэнцкіх выбарах 2019 году Паліна стала кандыдаткай у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», аднак неўзабаве яе зьнялі з кампаніі. Прычынай стаў тэлевізійны зварот, у якім актывістка назвала Аляксандра Лукашэнку дыктатарам.

Перасьледуюць і мужа Паліны

Ціск з боку праваахоўных органаў працягваецца ня толькі ў дачыненьні да Паліны Шарэнды. 17 красавіка да яе мужа Андрэя прыйшлі зь ператрусам, пасьля чаго канфіскавалі ўсю тэхніку.

У той дзень Андрэй напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 361 (Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). Паводле Андрэя, пасьля праверкі (паводле Генпракуратруры прадметам праверкі стала інтэрвію ад 29 сакавіка 2021 году, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды зьмяшчаюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». — РС) артыкул замянілі на 368 КК (абраза прэзыдэнта).

«Пакуль што я не знаходжуся ў якім-небудзь статусе. Фактычна ў тых дзьвюх справах фігуруе адзін і той жа эпізод. Значыць, будзе адно абвінавачаньне. Але цяжка зразумець іхную лёгіку. Цяпер могуць любое слова падбіць пад канкрэтны артыкул. Як цяпер кажуць: „Быў бы чалавек — артыкул знойдзецца“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG