Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міністэрства спорту не патрэбна». Рэкардсмэн сьвету і Беларусі плывец Санковіч — пра кар’еру ў ЗША і недальнабачных спартоўцаў


Павал Санковіч

Рэкардсмэн сьвету, 60-разовы рэкардсмэн Беларусі ў плаваньні, 10-разовы прызэр чэмпіянатаў Эўропы, удзельнік трох Алімпійскіх гульняў Павал Санковіч — пра крымінальную справу супраць Герасімені і Апейкіна, Зборную здаровага ладу жыцьця і сапраўднае стаўленьне спартоўцаў да Лукашэнкі.


Павал Санковіч, 30 гадоў. Нарадзіўся ў Горадні. Рэкардсмэн сьвету і прызэр чэмпіянату сьвету сярод юніёраў, 60-разовы рэкардсмэн Беларусі ў плаваньні, 10-разовы прызэр чэмпіянатаў Эўропы, 2-разовы прызэр чэмпіянату сьвету, шматразовы чэмпіён этапаў Кубка сьвету, удзельнік трох Алімпійскіх гульняў. З 2013 году жыве ў ЗША. Разам з жонкай, знакамітай беларускай плыўчыхай Сьвятланай Хахловай, валодае United Swim Club у Талахасі ў Флорыдзе. У 2019 годзе быў прызначаны галоўным трэнэрам у плаваньні ў школе Maclay у Талахасі. Бацька дваіх дзетак. Актыўны сябра Беларускага фонду спартовай салідарнасьці.

Сьцісла:

  • Усе адэкватныя людзі разумеюць, што Сьледчы камітэт не трымаецца ніякіх законаў. Наша стаўленьне адназначнае — працягнем рабіць тое, што рабілі, а аналізаваць і пераказваць іх учынкі ня мае сэнсу.
  • Калі нам усім крыху за 30, крыху дзіўна чакаць выходнага, каб пайсьці кудысьці ў бар і ня памятаць свайго выходнага. Па ідэі, трэба чакаць панядзелка, калі можна заняцца справай.
  • Складана зразумець, што рухае спартоўцамі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, акрамя матэрыяльных інтарэсаў, няўпэўненасьці ў сваіх сілах ці боязі выказацца. Атрымаць кватэру бясплатна ці вельмі танна. Гэта недальнабачныя людзі.
  • Можа, гэта працуе ня так хутка, як нам хацелася б, але і сыстэма рэпрэсій будавалася 26 гадоў. Таму нам трэба крыху збавіць імпэт, памножыць намаганьні, і ўсё атрымаецца.


Асноўныя тэзісы Паўла Санковіча:

Пра кампанію выкараненьня шкодных звычак, распачатую Беларускім фондам спартовай салідарнасьці


— Я даўно супрацоўнічаю зь Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, і гэтую ідэю мы даўно абмяркоўвалі. Прыйшла вясна, час пераменаў. Галоўная ідэя — аздаравіць нацыю і зьяднаць усіх вакол ідэі здаровага ладу жыцьця. Я буду ў рамках кампаніі выкладваць у сваіх сацсетках практыкаваньні, якія я раблю.

Павал Санковіч
Павал Санковіч

Спорт дазваляе заставацца ў добрай фізычнай форме, а таксама ўпарадкаваць думкі. Я вельмі шмат працую дома на кампутары, і калі нешта не атрымліваецца і адчуваю стомленасьць, пасьля заняткаў спортам усё ідзе нашмат лягчэй. Ідзе ачышчэньне, і лягчэй думаецца. Часткова гэта тое, чаму мы хочам, каб людзі пачалі займацца спортам, бо цяпер рэальнасьць у нас даволі цяжкая, складана ўспрымаць штодзённыя навіны і нэгатыў, псыхалягічны і фізычны ціск на людзей. І заняткі спортам дапамогуць крыху пасунуць фокус і навесьці парадак ва ўласным жыцьці і ва ўласным целе.

Пра здаровы і нездаровы лад жыцьця

Павал Санковіч
Павал Санковіч

— Ня ўсе мае сябры ў Беларусі вядуць здаровы лад жыцьця, на жаль. Не магу сказаць, што і я заўсёды вёў здаровы лад жыцьця. Кампанія, зь якой я рос у сваім першым басэйне, ня мела такога паняцьця, як здаровы лад жыцьця. Напачатку я атрымаў у спадчыну звычкі, якія культываваліся старэйшымі хлопцамі, але даволі хутка я гэта перарос. А мае былыя знаёмыя, некаторыя аднаклясьнікі дагэтуль вядуць такі ж лад жыцьця, як у 18–20 гадоў, калі было цікава ўсё паспытаць. Калі нам усім крыху за 30, крыху дзіўна чакаць выходнага, каб пайсьці кудысьці ў бар і ня памятаць свайго выходнага. Вы што, настолькі ня любіце тое, што робіце штодня, што вы толькі і чакаеце гэтага выходнага? Па ідэі, трэба чакаць панядзелка, калі можна заняцца справай, тым, што вы любіце рабіць. А ў нас людзі чамусьці чакаюць выходных.

Пра крымінальную справу супраць Герасімені і Апейкіна


— Усе адэкватныя людзі разумеюць, што Сьледчы камітэт не трымаецца ніякіх законаў, і яго рашэньні бессэнсоўна абмяркоўваць, бо яны ў любы момант могуць рабіць усё, што захочуць. Калі законаў няма, то і правілаў, якім яны падпарадкоўваюцца, таксама няма. Захацелі — пачалі крымінальную справу. Наша стаўленьне адназначнае — працягнем рабіць тое, што рабілі, а аналізаваць і пераказваць іх учынкі ня мае сэнсу.

Пра 60-разовае рэкардсмэнства

Павал Санковіч
Павал Санковіч

— Больш рэкордаў толькі ў Сашы Герасімені. Я на другім месцы, або на першым сярод мужчынаў. 60 асабістых рэкордаў, а разам з эстафэтамі нават болей. Гаворка ідзе не пра бягучыя рэкорды краіны, а пра рэкорды за ўсю маю карʼеру. Калі я рэкорд перабіваў на дыстанцыі шмат разоў, гэта лічыцца рэкордам краіны, а 60 — мае асабістыя рэкорды з 15 да 28 гадоў. Мая жонка Сьвятлана Хахлова добра вядомая фанатам плаваньня. Яна шматразовая прызэрка чэмпіянатаў Эўропы, у топ-4 сярод жаночага складу плыўчых Беларусі, высокага клясу спартоўка.

Павал Санковіч і Сьвятлана Хахлова
Павал Санковіч і Сьвятлана Хахлова

Пра беларускую мірную рэвалюцыю


— Наша стаўленьне да ўлады ў Беларусі сфармавалася за шмат гадоў, і рэвалюцыя не зьмяніла нашай пазыцыі. Сярод усіх маіх знаёмых, усіх, каго я ведаю, толькі адзін падтрымлівае Лукашэнку і галасуе за яго. І тое, што Лукашэнка набраў каля 20%, а Ціханоўская — каля 80%, падмацоўваецца на прыкладзе маіх знаёмых зь перавагай у бок Ціханоўскай. Мы вельмі перажываем. Спрабуем дапамагаць. Я не лічу, колькі ахвяраваньняў зрабіў у розныя фонды. Першапачаткова гэта была мая першая рэакцыя, бо я знаходжуся ў ЗША, і нічога іншага я ня мог зрабіць. Потым пачалі ўзаемадзейнічаць зь Беларускім фондам спартовай салідарнасьці.

Пра знакамітых спартоўцаў, што падтрымліваюць Лукашэнку


— Для мяне ня стала сюрпрызам, што шмат спартоўцаў адкрыта выказаліся супраць гвалту. Я нават лічу, што недастатковая колькасьць выказалася. І мяне зьдзіўляе, якая колькасьць знакамітых спартоўцаў дагэтуль з розных прычын выказваецца ў падтрымку Лукашэнкі — алімпійскі чэмпіён па веславаньні Багдановіч, тая ж Карстэн. Яны былі ў гэтай сыстэме вельмі доўга, і мне вельмі складана зразумець, што імі рухае, акрамя матэрыяльных інтарэсаў, няўпэўненасьці ў сваіх сілах ці боязі выказацца. Гэта расчароўвае, але прычыны зразумелыя — нехта хоча атрымаць кватэру бясплатна ці вельмі танна. Відавочна, гэта недальнабачныя людзі. Я перакананы, што сярод іх ёсьць людзі, якія супраць Лукашэнкі, але яны дзейнічаюць насуперак сваім перакананьням.


Што варта зьмяніць у арганізацыі спартовага жыцьця ў Беларусі


— У нас шмат пабудавана на прагнозах, а патрэбны плян, што рабіць дзеля таго, каб спартовец у будучыні паказаў вынік. А ў нас усё будуецца такім чынам, што мы прагназуем будучы вынік, а потым думаем, каго са спартоўцаў мы будзем прасоўваць. Як гэта ў рэальным жыцьці адбываецца? Нейкіх юніёраў, якія яшчэ не дасягнулі нічога, пачынаюць прасоўваць і часта ставіць нават вышэй за старэйшых спартоўцаў, якія ў бягучы момант паказваюць вынік. Жывуць чаканьнямі, а ня тым, што ёсьць.

Чаму непатрэбнае Міністэрства спорту

Павал Санковіч
Павал Санковіч

— Спартоўцам, якія рэальна чагосьці дасягнулі і разумеюць, як павінна працаваць сыстэма, няма ніякага рэзону ісьці працаваць у Міністэрства спорту ці ў фэдэрацыю. Для любога чалавека, які ўпэўнены ў сваіх сілах і хоча мець паўнавартасную карʼеру, няма ніякага сэнсу туды ісьці працаваць. Бо там сьціскаюць з усіх бакоў, крок управа ці ўлева не дадуць зрабіць, ніякія зьмены не вітаюцца, а пазыцыю людзей, якія падпісваюць паперкі, ставяць нашмат вышэй за думку спэцыяліста. Міністэрства спорту, адназначна, не патрэбнае. Людзей там працуе занадта шмат, а прафэсіяналаў занадта мала. Трэба браць прыклад з краінаў, дзе спорт разьвіты і пасьпяховы. Фэдэрацыі не павінны быць падкантрольныя дзяржаве.

Што можа зрабіць дыяспара


— Фінансавая дапамога — вялікі складнік. Беларусы замежжа могуць падтрымліваць фонды, рабіць ахвяраваньні. Другое — распаўсюд інфармацыі. Ёсьць беларусы, у якіх вельмі шмат падпісчыкаў у сацыяльных сетках, і яны працягваюць посьціць сторыс пра падзеі ў Беларусі, хоць іх падпісчыкі ў асноўным не расейскамоўныя. Трэцяе — падтрымка сацыяльных праектаў, такіх, як Зборная здаровага ладу жыцьця, як прасоўваньне санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Гэта патрабуе пэўных намаганьняў — званіць у мэрыі, дасылаць лісты, падпісваць пэтыцыі. Гэта тое, што мы можам рабіць, і што, як мы бачым, працуе. Можа, гэта працуе ня так хутка, як нам хацелася б, але і сыстэма рэпрэсій будавалася 26 гадоў. Таму нам трэба крыху збавіць імпэт, памножыць намаганьні, і ўсё атрымаецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG