Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маму захапілі чорныя дзядзькі». Гісторыя берасьцейскіх актывістаў Паліны і Андрэя Шарэндаў


Сям'я Шарэндаў

Берасьцейскія актывісты Паліна і Андрэй Шарэнды актыўна ўдзельнічаюць у грамадзка-палітычным жыцьці ў Беларусі амаль усё дарослае жыцьцё. Сёньня Паліна абвінавачаная па крымінальнай справе. Зь берасьцейскага СІЗА № 7 яе перавялі ў «Навінкі». Андрэй застаўся дома з двума дзецьмі. Гісторыю сваёй сям’і ён расказаў Свабодзе.

Як пазнаёміліся маладафронтавец і актывістка «Зубра»

«Я ведаю, што Паліна нязломная, — расказвае пра сваю жонку Андрэй Шарэнда. — У яе заўсёды была выразная пазыцыя. І датычыла гэта ня толькі палітыкі. У сям’і і па жыцьці яна трымалася прынцыпаў, што трэба зрабіць справу і толькі тады адпачываць. Толькі калі будзе перамога, можна будзе сказаць: „Я ўсе зрабіў“».

Паліна і Андрэй Шарэнды, архіўнае фота
Паліна і Андрэй Шарэнды, архіўнае фота

Паліна і Андрэй пазнаёміліся ў 2004 годзе. На той момант ён быў у «Маладым фронце», яна ўзначальвала моладзевы рух «Зубар» на Берасьцейшчыне. Абое з падобнымі інтарэсамі і поглядамі на жыцьцё — цікавіліся гісторыяй, любілі бавіць час на прыродзе. Па словах Андрэя, на імклівае разьвіцьцё іх з Палінай адносін паўплывала, сярод іншага, сумесная праца ў выбарчай кампаніі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.

«Памятаю, як у сакавіку 2006-га мы разам стаялі з намётамі на „плошчы Каліноўскага“ (Кастрычніцкая плошча ў Менску. — РС). З таго часу наша сяброўства перарасло ў сапраўднае каханьне», — успамінае Андрэй.

Паліна і Андрэй
Паліна і Андрэй

Пара актыўна выяўляла грамадзянскую пазыцыю: удзельнічала ў акцыях пратэсту, выбарчых кампаніях незалежных кандыдатаў у прэзыдэнты. Праз гэта сутыкнуліся зь перасьледам з боку ўладаў, іх ня раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Андрэй вырашыў на некаторы час выехаць з краіны. Паліна зь дзіцем засталася ў Беларусі.

«У сям’і была складаная эканамічная сытуацыя, таму некалькі месяцаў я працаваў у Польшчы. Але ўжо восеньню 2011-га вярнуўся», — расказвае Андрэй Шарэнда.

Празь некаторы час ён зноў езьдзіў на падпрацоўкі ў Польшчу, там скончыў унівэрсытэт.

У 2017 годзе сямʼя Шарэндаў актыўна выступала супраць дэкрэту аб дармаедзтве, праз гэта Андрэя двойчы затрымлівалі (ён адседзеў 30 сутак арышту). Супраць актывістаў таксама распачалі крымінальную справу «за абразу прэзыдэнта». Сам Андрэй лічыць, што зроблена гэта было наўмысна, каб прымусіць іх пакінуць краіну.

Паліна Шарэнда, архіўнае фота
Паліна Шарэнда, архіўнае фота

На парлямэнцкіх выбарах 2019 году Паліна стала кандыдатам у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», аднак неўзабаве яе зьнялі з кампаніі. Прычынай стаў тэлевізійны зварот, у якім актывістка назвала Аляксандра Лукашэнку дыктатарам.

«Сплянаваная правакацыя, каб „зачыніць Паліну“»

У 2020 годзе рэпрэсіі ў дачыненьні да сямʼі Шарэндаў працягнуліся. З пачатку выбарчай кампаніі Андрэй правёў больш за 70 сутак за кратамі. Яго апошняе затрыманьне, 29 сьнежня, прывяло да доўгага расстаньня з жонкай.

«29-га я выйшаў з малодшым сынам пагуляць. Да мяне падбеглі два міліцыянты, загадалі прайсьці зь імі. Яны не прадставіліся. Сказалі, што нібыта ў мяне ёсьць непагашаная пастанова пра суткі. Адзінае, што мне дазволілі, — пазваніць у дамафон, каб жонка забрала малодшага сына. Паліна пачала здымаць усё, што адбывалася, на тэлефон. У яе вачах гэта выглядала як нейкі захоп, таму жонка назвала сілавікоў фашыстамі».

Пасьля Андрэя даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця і зьмясьцілі ў ізалятар. 1 студзеня актывіст павінен быў выйсьці на волю, але на яго склалі новы пратакол. Пакуль Андрэй быў на сутках, на Паліну за відэа завялі адміністрацыйную справу, вынесьлі штраф. 3 студзеня ў іх доме адбыўся ператрус.

Сям'я Шарэндаў, архіўнае фота
Сям'я Шарэндаў, архіўнае фота

«На маю думку, гэта была загадзя сплянаваная правакацыя, каб яе „зачыніць“. Адразу супрацоўнікі міліцыі пачалі грукаць у дзьверы. На той момант у хаце была Паліна з малодшым сынам. Зразумела, што яна ня стала адчыняць. Праз 3 хвіліны падцягнуліся амапаўцы і пачалі молатам выбіваць дзьверы. На гэта ў іх не было паўнамоцтваў. Адзіная папера, якую яны мелі з сабой, — гэта ордэр на агляд памяшканьня, нават не на вобшук, — расказвае Андрэй. — Але цяпер у нашай краіне дэфолт права, таму ім можна ўсё».

Па словах актывіста, Паліна, як кожная маці, хацела ўберагчы дзіця, таму старалася не прапусьціць міліцыянтаў у калідор. Патрабавала, каб яны зьнялі маскі. Яны ж паспрабавалі яе адштурхнуць. Пасьля інцыдэнту супраць Паліны распачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

«Паліна — сапраўдны змагар»

Цяпер Паліна ў псыхіятрычнай лякарні «Навінкі», куды яе этапавалі 3 сакавіка на праходжаньне мэдычнай экспэртызы.

Паліна Шарэнда
Паліна Шарэнда

«Тлумачыцца гэта тым, што яна не ідзе на супрацоўніцтва са сьледзтвам. Кажуць, што ёсьць пытаньні да яе псыхічнага здароўя. Але гэта перш за ўсё помста і ціск. Нават калі ўспомніць 8-дзённы „этап“ у Менск, — кажа Андрэй. — Наколькі я ведаю, яна правяла некалькі дзён у Баранавіцкім СІЗА і на „Валадарцы“. Што яна там рабіла — не зразумела. Можа, яе дапытвалі...»

Па словах Андрэя, калі жонка была ў берасьцейскім СІЗА, іх карэспандэнцыя недзе зьнікала. Апошні ліст прыйшоў некалькі дзён таму з Баранавіч.

«Паліна напісала, што ў яе ўсё добра. Перадае нам прывітаньне. Кажа, што трэба змагацца далей. Падкрэсьліла, што палітвязьняў насамрэч у разы больш, чым лічаць праваабаронцы.

Адвакат наведвае жонку, але ён даў падпіску аб неразгалошваньні. З таго, што казаў раней, настрой у Паліны баявы. Вядома, што яе так проста не зламаць. Паліна — сапраўдны змагар».

«Пакінуць краіну — значыць прызнаць паражэньне»

Сёньня Андрэй застаўся з двума дзецьмі — Славамірам (11 гадоў) і Стахам (4 гады). Прызнаецца, што дапамагаюць ягоныя бацькі і Палініна маці. Падкрэсьлівае, што хлопчыкі разумеюць сытуацыю ў краіне, але вельмі сумуюць па маці.

Андрэй Шарэнда з сынам Стахам, фота 2017 году
Андрэй Шарэнда з сынам Стахам, фота 2017 году

«Самы складаны быў першы тыдзень, калі малодшы сын уначы падыходзіў да ложка і пытаўся, дзе мама. Спачатку ён верыў, што гэта расстаньне ненадоўга. Мы патлумачылі, што маці зьехала. Сёньня ён ведае, што яна ў турме, што маму захапілі чорныя дзядзькі. Вядома, сынам не хапае адносінаў і размоваў зь ёй».

Асаблівую ўвагу актывіст зьвярнуў на салідарнасьць людзей, якая дапамагае даваць рады цяжкасьцям. Па словах Андрэя, часам людзі прапаноўваюць значна больш, чым патрэбна сямʼі.

«Падтрымка ідзе адусюль. Вядома, сытуацыя з Палінай гучная. Але ў Берасьці дзясяткі палітвязьняў, і ім усім патрэбная дапамога. Таму я прашу пісаць ім лісты».

У будучыню Андрэй глядзіць з аптымізмам. Лічыць, што рэжым скончыцца вельмі хутка. На яго думку, у мінулым годзе запусьціліся працэсы, якія ўжо нельга спыніць. Запэўнівае таксама, што, нягледзячы на ціск, пакідаць краіну не плянуе.

«Сёньня ўзяць і пакінуць краіну — гэта фактычна прызнаць сваё паражэньне. Мы на гэта ня пойдзем і будзем тут да перамогі, да канца. За будучыню нашых дзяцей. Мы бачым сваё жыцьцё толькі ў Беларусі, у незалежнай і свабоднай краіне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG