Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як затрымалі і судзілі жанчын зь беларускімі кнігамі


Кніга Ўладзімера Караткевіча была адной з тых, за чытаньне якіх затрымалі і судзілі.

У Менску судзілі пэнсіянэрак, якіх затрымалі за тое, што яны чыталі кнігі беларускіх аўтараў у электрычцы. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі, адной жанчыне прысудзілі суткі.

Пэнсіянэрцы Алене Засьценчык 1 сакавіка суд прысудзіў 1740 рублёў штрафу.

«Мы ехалі ў электрычцы і чыталі кнігі. У мяне быў добры гістарычны раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Мы сядзелі, ніхто не хадзіў. Нейкая жанчына хацела сфатаграфаваць пэнсіянэраў, якія чытаюць. Калі міліцыянты спыталі, а ў чым была мэта, я сказала, што мэта была добрая, бо мірныя пэнсіянэры ехалі з кніжкамі», – сказала Алена Засьценчык.

Яе затрымалі на станцыі «Менск-Паўночны». Да жанчын падышлі людзі ў цывільным адзеньні, якія не назваліся, і сказалі, што жанчыны затрыманыя.

«Яны пабеглі за намі, іх было многа і яны былі да гэтага гатовыя. Нас на трох бусіках разьвезьлі ў розныя РУУСы, нас трох у Кастрычніцкі. Адтуль дзьвюх жанчын забрала «хуткая» у бальніцу», – кажа жанчына.

З пастарунка Алену Засьценчык адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, дзе яна сядзела з пятніцы вечара да раніцы панядзелка, 1 сакавіка. Апроч удзелу ў несанкцыянаванай акцыі яе абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўніку міліцыі. Жанчына не прызнала сябе вінаватай.

«Я вельмі добра памятаю чалавека, які мяне затрымліваў. У яго на носе была нейкая болька. Я сёньня спытала ў судзе ў сьведкі, ці было ў яго нешта на носе? Ён адказаў, што нічога не было. Значыць, кажу, гэта ня вы. Ён кажа, што я хапалася рукамі. А гэта я папрасіла, каб мяне не чапалі рукамі, бо ў мяне потым сінякі. Таму сьведкі ў іх падстаўныя. Ён мяне ў вочы ня бачыў. І галоўнае кажа, што менавіта Засьценчык крычала: «Жыве Беларусь!». Гэта добрыя словы і мы іх любім, але як ты бачыў?!»

«Гэта катаваньні, а ня ўмовы»

Паводле Алены Засьценчык, на Акрэсьціна ўмовы былі вельмі дрэнныя, у камэры было 6 чалавек і 4 нараў, затрыманым ня выдалі матрацы.

«Я разумею, што ахова ня можа іх выдаць, бо ім не дазволена. Але тыя, хто піша «не дазволена», проста зьвяры. Гэта катаваньні, а ня ўмовы. Я першую ноч ляжала на лаўцы, а ў мяне хворыя цягліцы. Адну жанчыну адвезьлі на «хуткай» у бальніцу», – кажа Алена Засьценчык.

«Я стаю перад вамі, у салятавым паліто, у ружовай шапачцы»

75-гадовую Натальлю Іванісаву затрымалі ў пятніцу ў Ждановічах, судзілі ў гэты ж дзень у Заводзкім судзе Менска і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (725 рублёў). Кажа, што пасьмяялася над тым, што было ў пратаколе.

«Я кажу ў судзе, я стаю перад вамі, у салятавым паліто, у ружовай шапачцы. А ў вас напісана, што я была ў бчб-адзеньні. Дзе гэтае адзеньне? Лёзунгаў я не выкрыквала і прыехала ў Ждановічы зь іншага боку, зь вёскі Сьветлы шлях, дзе я жыву. Я выйшла ў Ждановічах, каб набыць сабе піражкоў, а потым мелася ехаць у бібліятэку ў Менск».

У Натальлі Іванісавай былі чатыры беларускія кнігі – Артура Вольскага «Выйшаў зайчык пагуляць», якую брала для ўнука, а таксама кнігі Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і Васіля Віткі.

«Я запісалася ў бібліятэку і вырашыла асвойваць беларускую мову. Міліцыянт на допыце спытаўся, а чаго вы чытаеце гэтыя кнігі, гэта апазыцыйная літаратура. Я абалдзела. Мы што ўжо ў бібліятэцы ня можам узяць нашых любімых аўтараў і нашы дзеці іх вывучаюць у школе?»

«Я незадаволеная тым, што нашым дзецям даводзіцца зьяжджаць з краіны»

Жанчыны селі ў адным вагоне і дасталі кнігі, некаторыя з бел-чырвонымі закладкамі. Паводле Натальлі Іванісавай, у пратаколе было шмат недакладных зьвестак.

«У мяне пыталіся, а чым вы незадаволеныя, вы незадаволеныя пэнсіяй? Я кажу: да пэнсіі яшчэ амаль тры тыдні, а ў мяне 30 рублёў засталося. Я больш за ўсё незадаволеная тым, што нашым дзецям даводзіцца зьяжджаць з нашай краіны. Гэта ў мяне выклікае вялікі нэгатыў, як гэта так, чаму так адбываецца? Чаму вам дома не сядзіцца, чаго вы ходзіце, пытаецца. А чаму я ня маю права ў сваёй краіне хадзіць, чытаць кнігі, якія лічу патрэбным?»

Дзяцей Натальлі Іванісавай у суд не пусьцілі. Яны прыехалі да РУУС і стаялі за агароджай.

«Яны ўбачылі, як мяне выводзяць і дачка закрычала пранізьліва: «Мама!». Я там ледзь ня ўпала, калі пачула іх голас. Я ім крычу, што мяне ў суд вязуць. Яны паехалі туды, але ў суд іх не пусьцілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG