Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі за «Адзінства» 1500 рублёў. Колькі можа каштаваць Усебеларускі сход


Партфэль дэлегата за 11 гадоў патаньнеў у 2,8 раза. Падлічылі, колькі каштуе Ўсебеларускі сход.

Пачым «Адзінства» і «Разьвіцьцё»

Да VI Усебеларускага сходу, які пройдзе ў Палацы Рэспублікі 11–12 лютага, на Кастрычніцкай плошчы ўсталявалі кампазыцыю са словаў «Адзінства», «Разьвіцьцё» і «Незалежнасьць», якія ўваходзяць у лёзунг сходу.

Глядзім прапановы ад розных кампаній такіх дэкарацый. Усе тры словы вышынёй каля 1,5 мэтра абыдуцца больш як у 5 тысяч рублёў.

Дарога да сходу

Да 310 дэлегатаў з кожнай вобласьці плянуюць накіраваць у Менск. Іх трэба неяк прывезьці — хутчэй за ўсё, аўтобусамі. Каб даставіць на сход 310 чалавек, трэба 5–6 аўтобусаў, а калі браць усе вобласьці, то аўтобусаў трэба мінімум 30.

На сайце дзяржзакупак знаходзім закупку ад Гомельскага абласнога цэнтру па забесьпячэньні бюджэтных арганізацый у сфэры культуры. Шукаюць аўтобус для перавозкі пасажыраў з Гомля ў Менск і назад з 9 па 12 лютага. Кошт — 2200 рублёў. У заяўцы не ўказана, што аўтобус шукаюць менавіта для дэлегатаў сходу, але возьмем гэтую цану за адпраўную.

Такім чынам, каб даставіць дэлегатаў на сход, спатрэбіцца мінімум 66 тысяч рублёў. І гэта без антысэптыкаў і іншых захадаў засьцярогі ў часы пандэміі.

Падарункі для дэлегатаў

У тэлеграм-канале Ўсебеларускага сходу зьявілася фота падарунку для дэлегатаў: партфэль з гербам, арганайзэр, нататнік, дзьве асадкі, камплект масак з антысэптыкам і брашура з тэзісамі сходу.

Падобны скураны партфэль знаходзім за 163 рублі, разам з усім астатнім набяжыць каля 210 рублёў. Калі памножыць на колькасьць дэлегатаў, выйдзе каля 560 тысяч.

Партфэль дэлегата ІV сходу ў 2010 годзе важыў болей: партфэль, дзьве асадкі з гравіроўкай, гадзіньнік «Луч» з гравіроўкай, арганайзэр, значок дэлегата, два нататнікі, мікрахвалёўка «Гарызонт», фотаальбом пра Беларусь у двух тамах. Тады журналісты ацэньвалі кошт такога партфэля ў 230 даляраў. Атрымліваецца, партфэль дэлегата за 11 гадоў патаньнеў у 2,8 раза.

Пражываньне

Калі ад кожнай вобласьці ў Менск прыедзе па 310 чалавек, то агулам недзе трэба расьсяліць 1860 дэлегатаў. Удзельнікаў сходу з рэгіёнаў плянуюць пасяліць у гасьцініцах «Беларусь», «Юбілейная», «Мінск», «Вікторыя&СПА», «Плянэта». Кошт адной ночы ў гэтых гатэлях — ад 50 да 800 рублёў. Невядома, ці будуць сяліць гасьцей у люксавыя нумары, але сярэдні кошт з улікам усяго — 150–300 рублёў. Пражываньне дэлегатаў, па інфармацыі Tut.by, бясплатнае. Ці будуць гасьцініцам кампэнсаваць гэтыя выдаткі, невядома. Калі б кампэнсавалі, гэта каштавала б мінімум паўмільёна рублёў.

Забаўляльная праграма

Канцэрт для дэлегатаў Усебеларускага сходу плянуецца ўвечары 11 лютага ў Палацы спорту. Хто там будзе выступаць і якога маштабу будзе культурная праграма, невядома. У 2016 годзе культурная праграма для дэлегатаў сходу каштавала каля 185 тысяч даляраў.

Такім чынам, разам з пражываньнем Усебеларускі сход абыдзецца больш як у 1 мільён рублёў. І гэта без уліку культурнай праграмы, харчаваньня, кава-паўзы для дэлегатаў, выдаткаў на электрычнасьць у Палацы Рэспублікі ды іншага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG