Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Было адчуваньне, што граф Монтэ-Крыста сядзеў у Баранавічах». Як сямейны псыхоляг трапіла на «суткі»


Сьвятлана Дзядова

Сямейны псыхоляг Сьвятлана Дзядова адседзела 14 сутак за допіс у чаце, у якім бараніла McDonald’s на Лагойскім тракце. Сьвятлана сядзела разам з маці Сяргея Міронава («Хлопотное дельце»), вельмі ўражаная баранавіцкай турмой і марыць пра час, калі зь яе зробяць музэй.

«Забралі ноўтбукі, тэлефоны, сьцягі і нават парасон»

Сьвятлана кажа, што дагэтуль не разумее, зь якой мэтай сілавікі, а 8-й раніцы 11 сьнежня ўварваліся ў кватэру з вобшукам. Яны настойліва званілі ў дзьверы, потым пачалі грукаць і пагражаць, што ўскрыюць іх аўтагенам.

«Муж адчыніў, яго ў калідоры паклалі тварам уніз. Сказалі, што прыйшлі ў межах нейкай крымінальнай справы, не ўдакладніўшы, якой справы і якое дачыненьне мы да ёй маем, у якім мы статусе.

Правялі вобшук, забралі пяць ноўтбукаў (у тым ліку і старых, якія не працуюць), два мае тэлефоны, два сьцягі і два маленькія папяровыя сьцяжкі на саломінках, а таксама бел-чырвона-белы парасон.

Павезьлі мяне ў РУУС — пагаварыць. Са мной размаўляў сьледчы па крымінальных справах. Прагучала потым і на судзе, што я хавалася ў „Маку“ на Лагойскім тракце. Калі 1 лістапада падчас нядзельнага маршу пачаліся выбухі, я сапраўды туды забегла і чакала моманту, калі стане больш бясьпечна, каб выйсьці. Хоць я з McDonald’s пайшла не з удзельнікамі маршу, а да Цнянкі.

Я напісала ў сацыяльных сетках, што McDonald’s людзей не выганялі. Вось да гэтага і дачапіліся. Праўда, сьведка казаў на судзе, што я проста стаяла хвіліны дзьве ў групе пратэстоўцаў, але ніякіх лёзунгаў не выкрыквала», — расказвае Сьвятлана.

Суд Савецкага раёну прызначыў Сьвятлане Дзядовай 14 сутак арышту паводле артыкула 23.34 — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сьведку, які быў на судзе, яна потым шмат разоў бачыла на Акрэсьціна — ён цікавіўся, які тэрмін далі Сьвятлане, сустрэла яна яго і калі перавозілі яе з Акрэсьціна ў Баранавічы.

«Мне і цяпер цікава, якую крымінальную справу спрабавалі мне „прышыць“, дзе цяпер наша тэхніка, на якой падставе яе забралі. Звычайна, калі даюць суткі па адміністрацыйнай справе, потым адразу ўсе гаджэты вяртаюць. І наагул шмат юрыдычных нестыковак — кватэра, у якой быў вобшук, не мая, а майго мужа, і пратакол павінен быў падпісваць муж, а ня я. Муж напісаў і паслаў некуды скаргі», — кажа Сьвятлана.

«Толькі калі выйшла на волю, зразумела, што сядзела разам з маці Сяргея «Хлопотное дельце»

Больш за ўсё Сьвятлану падчас адседкі ўразіла публіка, якая трапляе на суткі. Кантынгент вельмі розны: жанчыны ад 22 да 60. Былі і першаходкі, як Сьвятлана Дзядова, і рэцыдывісты, як яшчэ адна Сьвятлана.

«Толькі калі выйшла, зразумела, што сядзела з маці Сяргея Міронава, аўтара крылатага выразу „Хлопотное дельце“, яна нам пра яго не казала. У Сьвятланы Чапуркі гэта была ўжо другая адседка, спачатку 15 сутак, а потым яшчэ 12 — за бел-чырвона-белую фіранку на вакне. Але яна вельмі бадзёрая, вясёлая, дай Бог у 60 год кожнаму такой быць.

Што да астатняй публікі, то мне пастаянна траплялі то на адны суткі, то на даўжэйшы тэрмін калегі, якія маюць дачыненьне да псыхалёгіі. Хтосьці вучыўся на псыхоляга, але не працаваў па спэцыяльнасьці, або, наадварот, вучыўся на некага іншага, а стаў псыхолягам. Так што было пра што пагаварыць — аўра ў камэрах была амаль прафэсійная. Сядзела і з дэфэктолягам, некалькі сутак правяла зь дзяўчатамі зь мікрараёну „Каскад“, якіх пасадзілі за сьцягі на вокнах. Адна айцішніца трапіла нават не за сьцяг, а за „Пагоню“ ў вакне — ні на якія маршы яна не хадзіла», — зь цеплынёй узгадвае таварышак па адседцы Сьвятлана.

«З баранавіцкай турмы трэба зрабіць музэй і гатэль — для тых, хто любіць трэшавы адпачынак»

Успрыманьне турмы залежыць ад настрою чалавека, лічыць Сьвятлана. Яе баранавіцкая турма вельмі ўразіла.

«Надзвычай аўтэнтычны старажытны будынак: калі заходзіш, у мяне было адчуваньне, што граф Монтэ-Крыста таксама там сядзеў. Вузкі калідор, вельмі высокая столь — мэтры 4–5. Дзьверы драўляныя звонку, уверсе паўкругам, а ўнутры яны ўжо абабітыя мэталам.

У мяне нават думка ўзьнікала, што там трэба зрабіць музэй, гатэль — для тых, хто любіць трэшавы адпачынак», — дзеліцца ўражаньнямі ад будынку турмы Сьвятлана.

Яна сядзела ў дзьвюх камэрах. У адной было 6 чалавек на 8 месцаў, але жанчын там пратрымалі толькі адны суткі. Другая камэра была на 19 шконак.

«Шмат хто праз гэтую камэру № 95 прайшоў. Шконкі трохпавярховыя, вельмі крыва звараныя. На другім паверсе была вельмі вузкая шконка — 50 сантымэтраў шырынёй. Дзяўчына, якая спала на той шконцы, жартавала: „Гэта мой „гробік““. І нават калі іншая, шырэйшая шконка вызвалілася, яна не перайшла, кажа, што там вельмі ўтульна, цёмна, як у норцы. Сьцены аблупленыя, такое адчуваньне, што вось-вось рухнуць. Яшчэ ўразіла, што ў гэтай камэры, старой, аўтэнтычнай — плястыкавае вакно», — узгадвае Сьвятлана.

«У Баранавічах вельмі раздражняў брэх турэмных сабак, але кармілі добра»

Яна кажа, што калі параўнаць ІЧУ на Акрэсьціна, то там драўляны насьціл на нарах, і нават калі матрас дрэнны, спаць больш-менш нармальна. А на баранавіцкай шконцы насьціл мэталічны, ногі ў яе ўсе сінія. Было вельмі цесна, нават калі прыносілі ежу, частка ела стоячы.

У камэры было вельмі душна, яе пастаянна праветрывалі, і вельмі раздражняў брэх турэмных сабак. Гарачай вады ў Баранавічах не было, але дзяўчаты прыдумалі свае лайфхакі: налівалі ваду ў бутэлькі, клалі на батарэі, вада награвалася, і яны маглі памыць галаву. Двойчы выводзілі на прагулку, адзін раз у душ звадзілі — у новы, больш прэзэнтабэльны корпус, дзе сядзяць крымінальнікі.

Харчаваньне ў Баранавічах было значна лепшае, чым на Акрэсьціна, кажа Сьвятлана.

«Я чалавек не пераборлівы. На сьняданак і вячэру давалі клясычную кашу. Дзякуй усім, хто перадаваў нам сухафрукты і цукаты, мы іх дадавалі ў кашу, і атрымлівалася смаката. Абеды ў Баранавічах былі нармальныя. Разнастайныя супы — боршч, гарохавы, капуста, тушаная бульба — смачна. А вось на Акрэсьціна кормяць 3 разы, а піць даюць два разы, часьцяком палову кубка. Кісель давалі ці на абед, ці на вячэру», — параўноўвае Сьвятлана ўмовы ўтрыманьня ў сталічнай і пэрыфэрыйнай турме.

«Лісты ў турме вельмі падтрымліваюць»

Большая частка лістоў, якія пісалі Сьвятлане, не дайшлі.

«Муж пісаў мне пра тое, як два мужыкі спраўляюцца з бытам, калі мяне няма. Можа, паленаваліся чытаць па-беларуску, але ягоныя лісты не дайшлі. Кажуць, калі шмат прыходзіць лістоў, цэнзарам проста лянота чытаць. Я як толькі трапіла ў Баранавічы, дзяўчаты далі мне канвэрт, і я напісала дадому. Ліст дагэтуль не дайшоў.

Я ня вельмі сэнтымэнтальная. Для кагосьці ліст — вялікая радасьць, а для мяне проста бонусік. Але ўсім, хто мне даслаў лісты, я напісала адказы. Лісты ў турме вельмі падтрымліваюць. Прыносяць адначасова з абедам, думаеш: ці есьці, ці адказ пісаць», — узгадвае яна.

Сьвятлана кажа, што сукамэрніцам пашанцавала: ніхто не захварэў на каранавірус, хоць маці Сяргея Міронава трапіла з сымптомамі — «падчапіла» вірус у першую адседку, не адчувала пахаў.

«У мяне ўлада, і я магу рабіць усё што заўгодна», — псыхоляг пра турэмшчыкаў

Як псыхолягу Сьвятлане цікава было назіраць за супрацоўнікамі турмаў, а іх давялося пабачыць за два тыдні нямала.

«Ня факт, што гэта іх палітычныя погляды. Але адчуваньне, што яны думаюць: „У мяне ўлада, і я магу рабіць усё што заўгодна“. У кагосьці гэта проста зашкальвала, у кагосьці менш, але гэта заўважна.

Толькі адзін чалавек, як мне падалося, не адчуваў асалоды ад таго, што ў яго ўлада. Розныя людзі былі, але ў Баранавічах турэмшчыкі больш чалавечныя: магчыма, раней яны не сутыкаліся з палітычнымі», — разважае псыхоляг Сьвятлана Дзядова.

Ёй падалося, што ў Баранавічы «палітычных» ужо ня будуць вазіць. Калі жанчыны зьяжджалі, у камэры заставалася адна жанчына, якой далі 23 сутак, і ёй яшчэ сядзець да 5 студзеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG