Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі ня думала, што давядзецца выбіраць: або спартовец, або грамадзянка», — капітан зборнай Беларусі ў баскетболе


Зь мячом Кацярына Сныціна

«Палітыка гвалту абсалютна бясплённая. У адказ на сілу наша рашучасьць толькі ўзрастае. Нават пасьля арышту Алены Леўчанкі не было і намёку, што трэба спыніцца, прыціхнуць, адмовіцца ад барацьбы», — прызэрка чэмпіянату Эўропы ў баскетболе, капітан нацыянальнай зборнай Кацярына Сныціна пра моц беларусаў і сваёй зьняволенай сяброўкі.

Кацярына Сныціна — адна з найбольш вядомых баскетбалістак краіны. Капітан жаночай зборнай Беларусі, майстар спорту міжнароднай клясы. Цяпер у Турэччыне, выступае за клюб «Нэсібе Айдын» з Анкары.

Майстар спорту міжнароднай клясы Кацярына Сныціна
Майстар спорту міжнароднай клясы Кацярына Сныціна

Пасьля драматычных падзеяў 9 жніўня адразу вызначылася, на чыім баку. Публічна выказала сумнеў адносна вынікаў галасаваньня і асудзіла гвалт сілавікоў. У ліку першых падпісала калектыўны ліст да ўладаў і ўвайшла ў ініцыятыву «Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў».

«Упэўнена, што Лена і сама трэнуецца, і падцягнула сукамэрніц»

Натуральна, не магла прамаўчаць на затрыманьне і арышт сваёй даўняй калегі па нацыянальнай камандзе Алены Леўчанкі. Напярэдадні ёй прысудзілі 15 сутак за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна: сяброўкі і калегі па зборнай
Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна: сяброўкі і калегі па зборнай

— Літаральна за тыдзень да затрыманьня Алена Леўчанка ў інтэрвію Свабодзе паўсьміхалася на пытаньне пра тое, ці ёсьць у яе ўжо дамова з адвакатам, але прызналася, што на ўсялякі выпадак гэта зрабіла...

— Вядома, мы ж усе людзі, унутры было прадчуваньне, што прыйсьці могуць па кожнага. І, хоць я цяпер не ў Беларусі, хвалююся за кожнага спартоўца, хто падпісаў ліст да ўладаў і ўдзельнічае ў маршах. Што тычыцца Лены, так, яна была гатовая да такога павароту. Мы некалькі дзён таму размаўлялі, абмяркоўвалі розныя варыянты разьвіцьця падзеяў. Зразумела, цяжка рыхтавацца да турмы, але, мне здаецца, яна ў той момант не разгубілася.

Добра яе ведаючы, упэўнена: Лена ўжо ўсё паставіла пад кантроль. І сама трэнуецца, і прыцягвае да практыкаваньняў сукамэрніц. Усьцешыла відэа перад пачаткам суду, дзе яна расказвае, як дзяўчаты на нейкім паверсе сьпяваюць «Купалінку», што немагчыма ўжо зламіць дух беларускага народу. Цалкам у яе стылі. Таму нават не сумняваюся, што Лена годна вытрымае гэтае выпрабаваньне.

На Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра
На Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра

— Значыць, як мінімум пашанцавала аднакамэрніцам — будзе трымаць у тонусе...

— Гэта праўда, што мы, наша нацыя, адзін аднаго спазналі гэтым летам. Разгледзелі суседзяў па двары, цудоўных людзей у сваім мікрараёне, горадзе, краіне. Відаць, і такі досьвед таксама карысны, як ні дзіўна прагучыць.

Пасьля выхаду з жодзінскай турмы Сяргей Шчурко (спартовы журналіст быў асуджаны на 15 сутак паводле таго ж артыкулу 23.34. — РС) казаў: там, за кратамі, людзі ня толькі ня падаюць духам, а яшчэ больш пераконваюцца, што робяць правільныя рэчы. І сыстэму гэта выбівае з каляіны, калі яны ідуць аж на такія меры — арыштоўваюць такіх людзей, як Алена, адну з найлепшых баскетбалістак Беларусі за ўвесь час.


«Турчанкі кажуць, што ў іх з правамі чалавека тая ж праблема»

— Ваш ад’езд зьвязаны з магчымым перасьледам ці справа ў кантракце?

— Я зьехала ў пачатку жніўня, яшчэ да дня выбараў. У мяне быў падпісаны працоўны кантракт з турэцкім клюбам «Нэсібе Айдын», я тут афіцыйна выступаю. Дакладней, пакуль ідуць трэніроўкі, неўзабаве пачнецца чэмпіянат — калі, вядома, праз каранавірус не адменяць ці не адкладуць старт. Паглядзім, днямі стане вядома.

— Турэччына не чужая і для Алены Леўчанкі, яна правяла ў розных клюбах не адзін сэзон. Як мінімум баскетбольныя «старажылы» павінны яе памятаць. Пры тым, што гэтая краіна сама ня грэбуе сілавымі акцыямі, якім чынам там успрымаюцца падзеі ў Беларусі?

Чэмпіёнскі тытул з турэцкай камандай
Чэмпіёнскі тытул з турэцкай камандай

— Апошнія паўтара месяца я рэгулярна нешта выкладаю ў сацсетках пра нашы падзеі. Ім цяжка зразумець тэксты, але калі на фатаздымках пабітыя, пакалечаныя людзі, пытаюць, цікавяцца, як такое магчыма ў цэнтры Эўропы. Пры гэтым многія праводзяць паралелі: маўляў, у нас з правамі чалавека тая ж праблема.

Пасьля арышту Лены падышла амаль уся каманда. Яе сапраўды ў Турэччыне добра ведаюць. Гэта ня проста чарговае імя зь беларускага баскетболу, гэта міжнародная велічыня. І тое, што топавага спартоўца асудзілі на 15 сутак, стала шокам. Бо наогул цяжка згадаць, дзе яшчэ кідаюць за краты спартоўцаў толькі за тое, што тыя выказваюць грамадзянскую пазыцыю. Дурдом нейкі...

«Наездаў чакалі, хіба, можа, не ў антуражы „ліхіх“ 1990-х»

— Ці верыце ў вэрсію спартовых аналітыкаў, што «замова» на нэўтралізацыю асабліва актыўных ідзе ад кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі баскетболу? Яе старшыня Максім Рыжанкоў — чалавек праўладны, на першых ролях у прэзыдэнцкай адміністрацыі. Неаднойчы крытыкаваў «адступнікоў» за здраду дзяржаве.

— Цяжка казаць катэгарычна, але ягонае прозьвішча фігуруе ў санкцыйных сьпісах краін Захаду. Пэўна, думае, што гэта пайшло ад спартоўцаў. Таму адваротная рэакцыя ня выключаная. Ня ведаю. Але думаю, і ў Міністэрстве спорту, і ў фэдэрацыях у асобных відах вельмі не задаволеныя, што мы выказваем грамадзянскую пазыцыю.

Ну што зробіш? Цяпер такі час. Мы хочам быць з народам. Дэманструем гэта ўдзеламі ў маршах, публікацыямі, інтэрвію. Разам зь іншымі людзьмі хочам пераўтварэньняў для нашай краіны. На жаль, сёньня я не разам са сваімі сябрамі, зь беларусамі, а так абавязкова была б у першых шэрагах.

З будучымі баскетбалістамі
З будучымі баскетбалістамі

— Каця, калі за апошні час нічога не зьмянілася, вы ў рангу капітана жаночай зборнай Беларусі. Як усё гэта стыкуецца з вашай пазыцыяй?

— Ну вось неўзабаве даведаемся (сьмяецца). 12 кастрычніка будзе пераатэстацыя. Гэта значыць, у Міністэрства спорту падаюцца сьпісы гульцоў, і я пакуль ня ведаю, як там адрэагуюць на маю грамадзянскую пазыцыю. На гэты момант — так, я капітан нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь у баскетболе. Гулец і грамадзянка.

Шчыра кажучы, ніколі ня думала, што трэба будзе выбіраць нешта адно — або я гулец, або грамадзянка сваёй краіны. Усё здараецца ўпершыню. Натуральна, я выбіраць не хачу, бо ёсьць жаданьне выступаць за радзіму і радаваць нашых заўзятараў. Але ўсё вырашыцца ў наступныя дні.

Гульцы нацыянальнай зборнай
Гульцы нацыянальнай зборнай

— Як успрынялі, што кіраўніцтва Мінспорту ў суправаджэньні «браткоў» зь 1990-х заяўляецца да атлетаў, пагражае наступствамі, калі тыя не адзавуць подпісы пад лістом, ня спыняць выступаць, хадзіць на акцыі?

— Безумоўна, страшна, калі да спартоўца дадому прыходзяць пяць чалавек характэрнай зьнешнасьці, пераконваюць, што ён ня мае рацыі, што ня можа публічна дэманстраваць грамадзянскую пазыцыю. З другога боку, пасьля жніўня-верасьня 2020 году я ўжо ня ведаю, што мяне можа яшчэ больш зьдзівіць, чым ужо было перажыта. Груба кажучы, «наездаў» у тым ці іншым выглядзе чакалі, хіба, можа, не ў такім антуражы — з граміламі і непрыхаванымі пагрозамі.


«Улада адказвае агрэсіяй, а мы працягваем мірны маратон»

— Прадстаўнікі бальшыні галоўных дысцыплін падпісаліся пад калектыўным лістом — агулам ужо пад 700 чалавек. І толькі хакеісты захоўваюць маўчаньне. Справа ў старшыні фэдэрацыі Дзьмітрыю Баскаву ці неяк стрымлівае асоба хакеіста-аматара № 1 Аляксандра Лукашэнкі?

— Шчыра кажучы, што адбываецца ў іхных галовах, сэрцах, сказаць цяжка. Але асабіста для мяне важна, што як чалавек, як грамадзянін я магу выказваць сваю пазыцыю. Адрозьніваецца яна ад праўладнай ці не — пытаньне іншае. Людзі прынялі рашэньне маўчаць, ня ўмешвацца ў тое, што адбываецца навокал, — ну што ж, іхны выбар. Траціць на іх увагу нават ня хочацца.

Куды важней, што ёсьць тыя, хто кожны дзень змагаецца — лекары, студэнты, артысты, рабочыя, спартоўцы. Пра іх трэба гаварыць, а не пра тых, хто сядзіць, адмоўчваецца ці проста ігнаруе сытуацыю ў краіне. Вартая жалю пазыцыя.

Алімпійкі: Анастасія Верамеенка, Кацярына Сныціна, Алена Леўчанка
Алімпійкі: Анастасія Верамеенка, Кацярына Сныціна, Алена Леўчанка

— Каця, а калі менавіта для сябе зразумелі, што адмоўчвацца нельга?

— У самым першым відэа ініцыятывы Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў я казала: асабіста для мяне пераломным момантам стаў фатаздымак 10 жніўня, калі нейкі бясстрашны дзядок, сьціснуўшы кулакі, стаіць насупраць байца АМАП. Адзін чалавек стаіць супраць сыстэмы — бязьлітаснай, узброенай да зубоў.

Насамрэч яму таксама страшна, але ён гатовы змагацца, адстойваць сваю свабоду... Таму пасьля крывавых падзеяў першых дзён супраціву ўжо немагчыма было заставацца збоку. Выходзячы на мірны пратэст, найперш даказваем, што заслугоўваем павагі, таго, каб нашы галасы былі пачутыя.

Падчас трэніроўкі
Падчас трэніроўкі

— Пасьля непрацяглай паўзы становіцца відавочна, што ўлады зноў узялі курс на гвалт, на сілавое супрацьстаяньне з пратэстоўцамі...

— Я думаю, такая палітыка абсалютна бясплённая. У адказ на сілу, гвалт наша рашучасьць толькі ўзрастае. Нават у сытуацыі з Аленай Леўчанкай пасьля яе затрыманьня не было і намёку на размовы, што трэба спыніцца, прыціхнуць, адмовіцца ад выступаў у СМІ. Не! Наадварот, цяпер намагаемся дастукацца да яшчэ большай колькасьці неабыякавых людзей.

Ня толькі мы, сотні, тысячы людзей пішуць у Міжнародны алімпійскі камітэт, у Міжнародную фэдэрацыю баскетболу і г. д.

Так, нехта скажа, маўляў, займаецеся глупствам, ніхто ня зьверне ўвагі. Нічога падобнага. Калі пайшоў вал абураных допісаў людзей, якія хвалююцца ня толькі за Лену, а за будучыню Беларусі, гэта праігнараваць немагчыма. Улада адказвае агрэсіяй на нашы дзеяньні, а мы працягваем свой мірны маратон. І ня толькі 100-тысячныя нядзельныя маршы, штодня нешта адбываецца.

Натуральна, ёсьць маральныя спады, калі апускаюцца рукі. Але калі адкрываеш Instagram і бачыш, што чалавек выйшаў у адзіночны пікет, каб змагацца за права быць грамадзянінам свабоднай краіны, сілы вяртаюцца.

«У адказ на патрыярхальнасьць атрымалі хвалю фэмінізму»

— Сёлетнія падзеі часта называюць ледзь не «жаночай рэвалюцыяй». Вы згодны з такім азначэньнем?

— Так, бо фактычна жанчыны ў нейкім сэнсе не далі пратэсту затухнуць. Калі пасьля жорсткіх і страшных затрыманьняў, катаваньняў яны выйшлі ля Камароўкі ў ланцуг салідарнасьці, гэта было штосьці неверагоднае, як кадры з фантастычнага фільму. Прынамсі ў гісторыі Беларусі дагэтуль нічога падобнага не было.

Гэта быў вельмі годны адказ патрыярхальнаму кіраўніцтву, якое як пласьцінку круціла, што жанчына ня можа стаць прэзыдэнтам, што Канстытуцыя «не пад чалавека ў спадніцы». У адказ атрымалі сапраўдную хвалю фэмінізму, якая проста пахавала тыя недарэчныя заявы. Тое, што робяць нашы дзяўчаты, жанчыны, бабулі — сапраўдны гераізм. Як незнаёмыя людзі дапамагаюць, калі становіцца кепска; абдымаюць, калі нехта плача; становяцца ў счэпкі, каб ня выцягнулі з натоўпу. Неверагоднае яднаньне нацыі, проста супэр.

Кацярына Сныціна нарадзілася 2 верасьня 1985 году ў казахстанскім Усьць-Каменагорску і працягнула сямейную дынастыю. Яе бацькі (тата зь Беларусі, мама з Казахстану) пазнаёміліся на баскетбольнай пляцоўцы.

Неўзабаве пераехалі ў Менск.
З самага дзяцінства Каця займалася ў спартовай сэкцыі свайго бацькі, пасьля — у менскай ДЮСШ «Гарызонт». Першы матч у чэмпіянаце Беларусі правяла, калі вучылася ў 9-й клясе. У 15 гадоў з прафэсійным клюбам «Гарызонт» выйграла нацыянальнае першынство.

У 17-гадовым узросьце зьехала ў Францыю, дзе дапамагла клюбу «Кот д’Апал Кале» прабіцца ў найвышэйшы дывізіён. Пасьля заканчэньня сэзону атрымала запрашэньне ад маскоўскага «Дынама» і выправілася ў Расею. Цягам кар’еры таксама гуляла ў Польшчы, Вугоршчыне, Турэччыне.

Бронзавая прызэрка чэмпіянату Эўропы Кацярына Сныціна
Бронзавая прызэрка чэмпіянату Эўропы Кацярына Сныціна

Неўзабаве атрымала выклік у нацыянальную зборную Беларусі. На чэмпіянаце Эўропы-2007 у Італіі разам з камандай заняла 3-е месца. Майстар спорту міжнароднай клясы. Таксама выступала на Алімпійскіх гульнях 2008 году ў Пэкіне і 2016-га ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Апошнія пяць гадоў абараняе колеры розных клюбаў Турэччыны. Гуляе на пазыцыі лёгкага форварда.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG