Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Размыльваньне пратэсту». На «Гродна Азот» работнікі абмеркавалі, як пачаць забастоўку законна


Юры Рававы выступае перад рабочымі

Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі «Гродна Азот» абмеркавала, як пачаць забастоўку, 19 жніўня.

«Гродна Азот» — адно з беларускіх прадпрыемстваў, працу якіх складаней за ўсё спыніць з-за асаблівасьцяў тэхналягічнага працэсу.

Сотні работнікаў выйшлі ў абед за тэрыторыю хімічнага прадпрыемства. Перад імі выступіў прадстаўнік страйкавага камітэта, работнік прадпрыемства Юры Рававы. Ён паведаміў, што галасаваньне, якое раней праводзілі ў цэхах аміяку пра пытаньне забастоўкі, кіраўніцтва завода прызналі нелегітымным.

«Тое, што цяпер адбываецца, я ўспрымаю, як размыльваньне пратэсту. Яны імкнуцца цягнуць час. Пакуль мы не занесьлі ніводнай сваёй паперы па фармаваньні страйкавага камітэту, нас ня чулі», — адзначыў Рававы.

Паводле яго словаў, страйкавы камітэт хоча выпрацаваць сумесныя крокі паступовага прыпынку вытворчасьці сумесна з кіраўніцтвам і вытворчым аддзелам. Некаторыя падраздзяленьні павінны працягваць працаваць на мінімальных магутнасьцях, каб потым можна было хутка запусціць вытворчасьць, напрыклад, цэх аміяку.

«Усё будзе весьці да агульнага спыненьня. Але, магчыма, працэс завершыцца. Я спадзяюся, што Лукашэнка адумаецца раней, чым тут усё стане халодным», — адзначыў Рававы.

Ён паведаміў, што галасаваньне неабходна ў кароткія тэрміны правесьці паўторна. Каб пачаць забастоўку, яе павінны падтрымаць дзьве траціны работнікаў.

Пытаньне ў бюлетэнях будзе прыблізна такім: «З прычыны высокай сацыяльнай напружанасьці ад дзеяньняў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі калектыў „Гродна Азот“ выказвае яму свой недавер і спыняе вытворчасьць да яго адстаўкі. Спыненьне вытворчасьці будзе праходзіць па ўзгадненьні з вытворчым аддзелам, кіраўніцтвам, і будзе ісьці ў такім ключы, што мы нацэлены на хуткі запуск».

Рававы заклікаў не замоўчваць спробы кіраўніцтва ціснуць на працаўнікоў не пачынаць страйк. Агучыў, што такія факты ўжо былі на сходах страйкаму.

Пікет падтрымкі каля прахадной прадпрыемтва
Пікет падтрымкі каля прахадной прадпрыемтва

«Нам трэба дзейнічаць. Дзейнічаць зараз мы можам, таму што мы працуем на экспарт, а не вырабляем прадукцыю, якая патрэбная для нашага ўнутранага рынку», — заявіў прадстаўнік страйкаму.

Наконт таго, што з фонду беларускай салідарнасьці прадпрыемству «Гродна Азот» выдзяляць 100 тысяч даляраў, Юры Рававы для параўнаньня адзначыў, што кожны месяц на зарплаты «азотаўцам» ідзе каля 4 мільёнаў даляраў у месяц.

«Гэтыя грошы (100 тысяч даляраў) прыйдуць да нас, і мы пачнем імі займацца. Неразумна адмаўляцца ад гэтай дапамогі. Мне хацелася б, каб ніхто ня думаў, што гэта нешта праплачанае. Гэтыя грошы пойдуць тым страйкоўцам, каму гэта ў першую чаргу больш патрэбна, шматдзетным, напрыклад. Крытэрыі прапрацуюць. Гэта не палітызаваныя сілы. Дапамога будзе адраснай, каб не дакранацца да гэтых грошай», — заявіў Рававы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG